Top.Mail.Ru

Лірычны летапіс жудасных падзей мінулага

12.02.2026 | 14:00
Трохкніжжа памяці

Падводзячы вынікі літаратурнага 2025 года, я лічу сваім абавязкам прадставіць тры кнігі, якія без перабольшання можна назваць знакавымі, галоўнымі тэматычнымі выданнямі Гродзеншчыны. 

Спачатку азірнемся на год у мінулае. Менавіта ў апошнія снежаньскія дні 2024 года пабачыў свет калектыўны зборнік літаратурна-мастацкіх твораў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пад назвай «Памяти вечный огонь» (Кобрин : Нижник Н. П., 2024. — 245 с.). Кніга выдадзена пры фінансавай падтрымцы Савета Гродзенскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў (старшыня, член СПБ, публіцыст, палкоўнік Аляксандр Радзівонаў). Выданне стала вынікам сумеснай працы членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і аматараў літаратуры, пачаткоўцаў. Увазе чытачоў прапануюцца паэзія, проза і публіцыстыка на беларускай і рускай мовах. Тады, год таму мы не маглі падумаць, што кнізе «Памяти вечный огонь» адведзена адказная роля стартавага элемента цэлай трылогіі. Рэдакцыйную падрыхтоўку матэрыялу выканала пісьменніцкая арганізацыя вобласці. У ліку нашых задач была адмова ад шаблонаў. Хацелася чагосьці большага, чым проста ўдалыя вершы і апавяданні пра вайну. І гэтая свежасць на старонках зборніка, на шчасце, адчуваецца. Паэты ў зборніку выказаліся даволі нетрывіяльна. Напрыклад, Антаніна Нурэтдзінава прадставіла свой пераклад на беларускую мову вядомага верша Расула Гамзатава «Жураўлі»:

Мне часам падаецца, што салдаты,

Што не прыйшлі з крывавых тых палёў,

Не пад зямлёй свае схавалі латы,

А сталі клінам белых жураўлёў.

Да гэтай, да пары з часоў далёкіх

Курлычуць нам пра тую цішыню...

І патаму ўздыхаючы глыбока,

Мы з сумам пазіраем у вышыню. 

Адметнасць кнігі — сямейныя хронікі. Героямі твораў паэзіі, прозы, публіцыстыкі сталі блізкія і родныя аўтараў; іх слова — кранальныя прысвячэнні-рэквіемы, успаміны пра бацькоў, дзядоў і прадзедаў, якія зведалі жахі вайны, выпілі да дна яе горкую чару. Нават некаторых удзельнікаў праекта злучаюць кроўныя сувязі, як напрыклад, маці і сына — Ларысу і Ціхана Ганчаровых. Ідэя пераемнасці пакаленняў праявіла сябе стратэгіяй мастацтва. 

2025-ы, год юбілею Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пачаўся для нас з падрыхтоўкі наступнай кнігі. Праца ішла вельмі напружана, таму што мы атрымалі велізарную колькасць матэрыялу. Было прынята адзіна правільнае ў такіх умовах рашэнне — ажыццяўляць адбор твораў на конкурснай аснове. Паралельна вырашалася праблема фінансавання праекта. На гэты раз мы атрымалі падтрымку з боку Абласнога Савета ветэранаў Гродзеншчыны (старшыня Іван Тустаў). А кніга атрымала назву «Память огненных лет» (Кобрин : Нижник Н. П., 2025. — 195 с.). Гэта перыядычнае выданне, можна сказаць, альманах. Кнігі «Память огненных лет» выдаюцца ў Гродне рэгулярна, да кожнага юбілею вызвалення Беларусі або Вялікай Перамогі. Некаторы час адказным за зборнік было аматарскае літаб’яднанне «Надзея». Сёлета эстафета перайшла да СПБ. З-за вялікай колькасці тэкстаў у асобную кнігу мы адабралі толькі паэзію. Засталіся проза і публіцыстыка. Такім чынам замест адной нарадзіліся дзве кнігі: «Память огненных лет» і «Поле памяти». Маштаб, рэзананс у зборнікаў атрымаліся не толькі рэгіянальныя і нават не толькі рэспубліканскія. На старонках разам з беларускімі калегамі выступілі аўтары з Расіі. 

...І зноў чуюцца галасы розных пакаленняў. І зноў перад намі чорныя выявы спаленых вёсак, крывавыя сцэны генацыду... Поўныя жудаснага болю трагічныя сюжэты чаргуюцца з яркімі эпізодамі гераізму і велічы чалавечага духу. У вершы «За други своя!» паэтка Святлана Глембоцкая апела подзвіг сціплага вучонага-біёлага Яна Каханоўскага, заснавальніка і першага дырэктара Гродзенскага заапарка. 

Вучань гродзенскай сярэдняй школы № 15, што носіць імя Дзмітрыя Міхайлавіча Карбышава, юны паэт Арцемій Галавач назваў свой твор «Нязломны генерал»:

Яго і вязняў вывелі на пляц,

Вадой сцюдзёнай на марозе аблівалі.

Ён на калені перад немцамі не ўпаў,

Не здаўся перад жорсткім катаваннем.

Хаця сапраўднаму мастацтву паэзіі немагчыма навучыць, выхаваць свядомага грамадзяніна літаратурная творчасць здольная, гісторыя літаратуры гэта пацвярджае. Кніга «Память огненных лет» — лірычны летапіс тых страшных падзей, калектыўная праца сучасных паэтаў Прынёмання і аматараў паэзіі — выконвае важную місію ўвекавечання памяці загінуўшых воінаў-франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў і закатаваных фашыстамі мірных грамадзян. 

У зборніку пад назвай «Поле памяти» (Кобрин : Нижник Н. П., 2025. — 181 с.), як парасткі на шматпакутнай зямлі, нас сустракаюць творы прадстаўнікоў трох пакаленняў. Ад папярэдніх кніг зборнік прозы і публіцыстыкі выгадна адрознівае наяўнасць каляровых фотаілюстрацый, партрэтаў герояў, архіўных фотаздымкаў, фота іх узнагарод. Дзіцячы раздзел кнігі багата ілюстраваны малюнкамі школьнікаў. Разам з тэкстамі, такімі шчырымі, непасрэднымі, усё гэта выклікае глыбокія пачуцці, стварае непаўторныя эмоцыі. Падчас рэдагавання тэкстаў я неаднаразова адчуваў, як да горла падкатвае ком. Як даніна пашаны ад удзячных нашчадкаў, свяшчэнная памяць дэманструе ўстойлівую жывучасць у сэрцах юнакоў і дзяўчат, нягледзячы на яе зусім недзіцячы змест. Яна ў нас у крыві, на генным узроўні. Палітая слязьмі, потам, горкая, балючая, выпакутаваная і таму свяшчэнная. Колькасць юных празаікаў у зборніку — трыццаць, супраць дваццаці трох дарослых аўтараў. Трэба падзякаваць за падтрымку праекта настаўнікаў гродзенскай сярэдняй школы № 39 імя І. Д. Лебедзева Эму Уладзіміраўну Урублеўскую і Вольгу Канстанцінаўну Князеву. Я перакананы, што такая практыка запрашэння ў калектыўныя зборнікі юных аўтараў апраўданая і можа прынесці карысць у перспектыве. 

Сярод дарослых аўтараў зборніка я хацеў бы адзначыць таленавітага расійскага празаіка Міхаіла Грышына (Тамбоў), а таксама вельмі цікавага чалавека, самабытнага даследчыка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Міхаіла Маскальчука з гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца. Яго матэрыял выглядае вельмі годна нават на фоне нарысаў аўтарытэтных прафесійных навукоўцаў — кандыдата гістарычных навук Уладзіміра Ягорычава і вядомага краязнаўца, прафесара-гісторыка Валерыя Чарапіцы. 

Усе тры кнігі «Поле памяти», «Память огненных лет», «Памяти вечный огонь» мы актыўна прэзентуем у абласным цэнтры і раёнах. Усе тры кнігі аб’ядноўвае адзін агульны матыў — матыў памяці, што знайшло адлюстраванне ў іх назвах. 

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю