Top.Mail.Ru

«Любіна сукенка» — апавяданне, заснаванае на рэальных падзеях

14.04.2025 | 07:00

Новая кніга — заўсёды эмоцыі. Розныя. Радасныя і кранальныя, агрэсіўныя і трагічныя, супярэчлівыя і ўзвышаныя. Існуюць пэўныя крытэрыі для выбару новай кнігі, на якія непасрэдны ўплыў мае ўсё што заўгодна, уключаючы настрой, лад жыцця або ўзрост. На мой погляд, кніга Валянціны Драбышэўскай «Любіна сукенка», што выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» і прапануецца чытачам сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, не пакіне абыякавымі ні школьнікаў, ні дарослых. І хоць ваенная тэма ў беларускай літаратуры ўжо даўно не новая, але, на шчасце, нашы творцы і сёння не стамляюцца думаць і гаварыць пра ваеннае ліхалецце. І выказвацца па-свойму, нетрывіяльна, чулліва. Сведчанне таму — і невялікае апавяданне Валянціны Драбышэўскай. 



Мала што можа быць цікавейшым і больш чаканым у жыцці, чым твае хуткія 15 гадоў! Ты ўжо амаль дарослы чалавек. У галаве — мільёны планаў аб светлай будучыні, вызначэнне мэт, жыццёвых арыенціраў, у душы — смак першай нясмелай закаханасці... А наперадзе — усё жыццё! 

Такі цудоўны ўзрост чакала Любачка, галоўная гераіня апавядання «Любіна сукенка». Дзяўчына — свавольніца ў дзяцінстве, выдатніца ў школе, ранімая, сарамлівая, летуценная натура. Яна марыла скончыць апошні восьмы клас школы і пайсці вучыцца на медсястру, як і яе мама. Люба паважала бацькоў, любіла бабулю, была паслухмянай і працавітай дзяўчынкай. У 21-ы дзень чэрвеня 1941 года збылася доўгачаканая мара Любы: нарэшце яна надзене шыкоўную белую сукенку з серабрыстым люрэксам, што перашыла і падагнала пад фігуру дзяўчынкі з мамінай шлюбнай сукенкі яе бабуля Агата, таленавітая вясковая краўчыха.

«Бабулечка! Дзякуй табе, родная! Самы модны фасон! А як зіхаціць люрэкс! Ні ў кога такой сукенкі няма!» — радасна кружылася ў абноўцы дзяўчо.

Любавалася, гледзячы на прыгажуню-ўнучку Агата, цешылася такім працягам роду. І здавалася, няма ў гэты момант шчаслівейшых людзей на зямлі! 

Толькі не ведалі яны, нават і ўявіць сабе не маглі, што чакае іх у надыходзячае летняе ранне 22 чэрвеня... 

Перад намі паўстае трагічная карціна: Люба — добрая, узнёслая, бязвінная дзяўчынка — на золку разам з бабуляй Агатай і вяскоўцамі бегла праз поле да лесу, ратавалася ад пажарышча вайны. Уцякаючы ад выбухаў, ад чорнай зграі варожых самалётаў, яна прыціскала да грудзей сваю белую сукенку. Крык старой бабы Ганны спыніў дзяўчынку. Яна не пакінула ў бядзе суседку, якая, бегучы, падвярнула нагу і не магла ісці. Люба «павольна з цяжкасцю цягнула на сабе старэнькую, зусім забыўшыся пра дарагое ўбранне, якое выпала з рук. Пакінутая сукенка адзінока бялела сярод чорнага попелу і дыму». 

Гераіні апавядання В. Драбышэўскай не стала ў першы ж дзень вайны. А бабуля Агата выжыла! І ў тую жахлівую раніцу быццам сама Маці Божая спусцілася на акрываўленае поле і падала жанчыне любімы ўбор Любы, загадаўшы яго берагчы. Белая сукенка стала для бабулі сімвалам вечнай і светлай памяці аб любімай унучцы. І старая жанчына трыццаць гадоў запар 9 Мая, у Дзень Перамогі, нават зусім знямоглая, выходзіла на парад з белай сукенкай Любы, быццам з абярэгам для ўсіх беларусаў і для нашай гаротнай зямлі. Выносіла сукенку ў памяць аб унучцы, аб дзвюх дочках, зяцю, якія таксама загінулі ў першы ж дзень вайны ў Брэсце; у памяць аб усіх тых, хто сваім жыццём наблізіў доўгачаканую Перамогу. 

Апавяданне «Любіна сукенка» напісана на аснове рэальных падзей. І героі таксама не выдуманыя: мілая дзяўчынка Люба, яе бацькі, бабуля Агата і яе аднавяскоўцы, піянеры 70-х і камсамолец Андрэй Пятроў, што прыняў як абярэг, як сімвал чысціні і надзеі белую сукенку з рук бабулі і паабяцаў яе захаваць. Андрэй стрымаў сваё слова. Не аддаў у музей, не выкінуў гэты дарунак старога чалавека, таму Любіна сукенка і сёння, праз 80 гадоў пасля Перамогі, выйшла на святочны парад! Яе надзела ўнучка Андрэя Пятрова. І гэта вельмі сімвалічна, вельмі правільна! 

Кніжка аздоблена чорна-белымі малюнкамі Галіны Жорж, што дапамагае чытачу паглыбіцца ў той час, уявіць герояў. 

Твор В. Драбышэўскай закранае шмат выхаваўчых момантаў, ён вельмі тонка падводзіць маладое пакаленне да таго, што патрэбна шанаваць памяць аб продках, не забываць аб трагічных гадах Вялікай Айчыннай вайны, аб героях, якія змагаліся за спакой і мір на нашай святой зямлі.

Як жа гэта страшна і несправядліва, калі ў войнах гінуць юныя, прыгожыя, нявінныя! 

Беларусь — міралюбівая і гасцінная краіна, народ якой не жадае, каб на гэтай зямлі грымелі выбухі, лілася кроў. Таму і беражом мы памяць! Вучым моладзь шанаваць мінулае, не забываць пра тыя крывавыя падзеі, каб яны ніколі больш не паўтарыліся. І невялікая кніжачка пісьменніцы В. Драбышэўскай — важкі ўнёсак, моцнае звяно ў непарыўным ланцужку нашай светлай і непарушнай памяці!

Таццяна ЦВІРКО 


Меркаванне педагога

Што для мяне, чытача кнігі «Любіна сукенка», стала самым каштоўным і важным? Пошук! Пошук адказаў на важныя пытанні: якія наступствы вайны для асобных людзей і грамадства ў цэлым; чаму героі прыходзяць менавіта да такога маральнага выбару; якая цана перамогі і ахвяр, прынесеных дзеля яе; як захаваць памяць пра вайну і гістарычную праўду; наколькі важна развіваць спачуванне і адказнасць у маладога пакалення і выхоўваць у яго высокія маральныя якасці?

Глыбіня і шчырасць — вось унікальныя ўласцівасці кніг таленавітай пісьменніцы Валянціны Драбышэўскай. Яркае ўяўленне і глыбокае разуменне чалавечай прыроды дазволілі аўтару напісаць твор, які закранае сэрцы чытачоў розных узростаў і прымушае іх задумацца пра вайну, дружбу, любоў да Радзімы і чалавецтва. З павагай, асцярожна і беражліва аўтар вядзе чытача да разважання аб захаванні сувязі пакаленняў, веры ў найлепшае нават у самыя цяжкія часы.

Кніга лёгка чытаецца, але пры гэтым змяшчае мноства схаваных сэнсаў і падтэкстаў, спалучае ў сабе прастату і глыбіню думкі. Чытач верыць аўтару, які імкнецца зрабіць свет лепшым і мацнейшым. Генетычная памяць, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, адыгрывае важную ролю ў захаванні памяці аб загінулых на вайне, праяўленні пачуцця падзякі, патрыятызму і гонару за подзвігі герояў. 

Гюльнара ЮСЦІНСКАЯ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі БДПУ








arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю