І — перакладчык беларускай паэзіі, твораў Янкі Купалы на шорскую мову. Не так даўно рэпрадукцыі карцін Любові Арбачакавай, а таксама яе вершаваныя творы былі апублікаваны ў часопісе «Маладосць». Пераклад «Санетаў» Купалы на шорскую мову, зроблены таленавітай паэтэсай, надрукаваны ў зборніку, які аб’яднаў пераклады гэтага паэтычнага цыкла на 16 (!) моў народаў свету. Цяпер Любоў Арбачакава працуе над перакладамі твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У бліжэйшых планах — выданне іх адной кнігай. Мы звярнуліся да шорскай пісьменніцы і перакладчыцы з просьбай адказаць на некалькі пытанняў.
— Раскажыце крыху пра літаратуру на шорскай мове. З чаго ўсё пачыналася? Што і хто сёння стварае з дапамогай мастацкага слова на шорскай мове?
— Шорскае пісьменства ўзнікла ў другой палове XIX стагоддзя дзякуючы намаганням праваслаўнага святара-місіянера Алтайскай духоўнай місіі В. І. Вярбіцкага. Вядомы вучоны-цюрколаг Н. П. Дыранкова падкрэсліла ролю Алтайскай праваслаўнай місіі, якая распаўсюджвала свой уплыў на ўсю Кузнецкую тайгу. Даследаванні мовы і традыцый шорцаў вяліся «для паспяховасці рэлігійнай прапаганды».
У 1885 годзе для шорскіх дзяцей быў выдадзены буквар, падрыхтаваны В. І. Вярбіцкім і І. М. Штыгашавым. Для буквара і першых кніг на шорскай мове выкарыстоўвалася пісьменнасць на аснове кірыліцы. У 1929 годзе быў зацверджаны шорскі алфавіт на аснове лацініцы. У 1938-м зноў вярнуліся да кірыліцы. Аднак у 1940 годзе выкладанне шорскай мовы ў школах было спынена — яе месца заняла руская. Адраджэнне пачалося ў 1988 г., быў распрацаваны новы варыянт кірылічнага алфавіта. Шорская літаратура ўзнікла ў перыяд хрысціянізацыі народа ў 1880-я гг., а першым пісьменнікам стаў святар-місіянер Іван Штыгашаў, які напісаў «у стылі філасофскага плачу па нябожчыку» першы верш на шорскай мове «Кайран када туган карындажым...»
У ранняй шорскай літаратуры (1920–1930-я гг.) адлюстроўваюцца і культ Кудая, і атэістычныя матывы. Лепшыя творы гэтага перыяду адлюстроўваюць драматычнае сутыкненне традыцыйнай культуры і новых поглядаў. У 1939 годзе ў сувязі з ліквідацыяй Горна-Шорскага нацыянальнага раёна літаратура на шорскай мове перастала друкавацца, але пісьменнікі (Ф. Чыспіякаў, С. Тотыш, С. Тарбокаў) працягвалі ствараць на рускай мове.
У XX стагоддзі з’явілася група таленавітых рускамоўных паэтаў і празаікаў, якія, па меркаванні Г. Кастачакава, «вярнулі чытачу першародны... водар шорскага паэтычнага слова, асвяжылі сваім святлом і энергіяй прыгажосць старадаўняй шорскай культуры». Гэта паэты М. Бельчагешаў, Г. Кастачакаў, Т. Тудэгешава, Л. Чульжанава, празаікі В. Барыскін, В. Байлагашаў і інш. Напрыканцы XX — у пачатку XXI ст. у Горнай Шорыі з’явіліся паэты, якія пішуць як на рускай, так і на шорскай мовах. У прыватнасці, Г. Кастачакаў, які займаецца і перакладамі шорскай паэзіі (напрыклад, пераўвасабляе творы М. Бельчагешава). У найноўшы час вершы шорскіх паэтаў (Т. Тудэгешавай, Г. Кастачакава) у перакладзе М. Пераяслава, А. Залатаровай, М. Калініна былі надрукаваны ў анталогіі «Сучасная літаратура народаў Расіі: Паэзія». Для нас, шорскіх літаратараў, гэта стала вялікай падзеяй.
— Вы працуеце і ў літаратуры, і ў жывапісе, даследуеце шорскі гераічны эпас... Што з’яўляецца для вас галоўным у вызначэнні самасвядомасці шорцаў, іх самаідэнтычнасці?
— На мой погляд, гэта, канешне ж, мова (па меркаванні вядомага фалькларыста А. Чудаякава: «Без мовы няма народа»), культура... У шорцаў са старажытных часоў існавала багатая вусная паэзія. Найбольш папулярным і буйным жанрам шорскага фальклору з’яўляўся алыптыг ныбак ці кай ныбак — багатырскі (гераічны) сказ,які выконваецца гарлавымі спевамі ў суправаджэнні ігры на двухструнным музычным інструменце кай-комус. Выканаўца гэтага жанру называюць кайчы (казачнік). Сёння традыцыя вуснага бытавання эпічных аповедаў практычна згасла. Калі раней у многіх шорскіх вёсках было па некалькі кайчы, то цяпер у Горнай Шорыі іх няма. Я згодна з меркаваннем некаторых вучоных (Т. А. Бакчыеў і інш.), што ў эпасе закладзены код народа...
— Вы склалі шорскі буквар у малюнках. Пытанні шорскай моўнай прасторы... Наколькі яны ўсё ж актуальныя для вашых суродзічаў?
— Шорцы (саманазва: тадар-кіжы, тадар, шор-кіжы) — малалікі карэнны народ Паўднёвай Сібіры, які пражывае на поўдні Кемераўскай вобласці. Па перапісе 2010 года іх налічвалася 12 888 чалавек, па дадзеных перапісу насельніцтва 2020 года, шорцаў у Кузбасе засталося 8 324 чалавекі. Шорская мова належыць да хакаскай падгрупы ўйгурагузскай групы цюркскіх моў. Тых, хто валодае шорскай мовай, засталося каля 1000 чалавек, таму літаратура патрэбна і як магчымасць распаўсюджвання ужывання мовы... У Таштаголе і ў пасёлку Шарагеш ёсць цэнтры шорскай культуры, мовы і літаратуры «Часкы», дзе дзеці вывучаюць шорскую мову.
— Што вы ведаеце пра беларускую літаратуру? Ці ўяўляе яна для Вас як перакладчыка цікавасць?
— Я ганаруся тым, што ў 2019 годзе прыняла ўдзел у цікавым праекце, звязаным з перакладамі санетаў вялікага паэта Янкі Купалы, а таксама пераклала вершы Якуба Коласа. І Колас, і Купала ў маіх уяўленнях — класікі, заснавальнікі сучаснай беларускай літаратуры. Мне таксама падабаюцца аповесці народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі (самай высокай у савецкі час ацэнкі за здзяйсненні ў мастацкай літаратуры!) Васіля Быкава («Альпійская балада», «Трэцяя ракета» і інш.). З сучасных паэтаў мне даспадобы Мікола Мятліцкі, які выдатна пераклаў мае вершы на беларус-
кую мову. Ганаруся, што змагла прачытаць беларускія пераклады. На жаль, не так даўно Мікалай Міхайлавіч пайшоў з жыцця... Мне падабаюцца творы Святланы Быкавай. Удзячна Саюзу пісьменнікаў Беларусі за ўвагу да маёй творчасці, да шорскай літаратуры. Для мяне стала прыемнай прапанова перакласці вершы Купалы і Коласа... Працую над пераўвасабленнем беларускай паэзіі на родную мову з вялікім задавальненнем, часам раюся з калегамі, з вучонымі, знаўцамі нашай шорскай культуры, мовы... Мне імпануюць, падаюцца роднымі боль, перажыванні беларускіх класікаў за свой народ, за радзіму... Адчуваю, як гэтыя перажыванні пераклікаюцца з матывамі шорскай паэзіі, з маімі пачуццямі...
— Каб расказаць беларусам пра шорцаў, якія б творы вашых пісьменнікаў вы параілі перакласці на беларускую мову?
— Мяркую, што варта перакласці вершы С. Тарбокава (галоўны і цэнтральны вобраз яго лірыкі — Радзіма, Шорыя). Ён быў таксама вядомым казачнікам, пакінуў больш за 40 самазапісаў гераічных казанняў. Раю перакладчыкам звярнуць увагу на апавяданні С. Тотыша, напрыклад, перакласці яго кнігу «Казкі Шапкая» — яна ўяўляе сабою мастацкую апрацоўку шорскага фальклору: казак, легенд, паданняў. Усе гэтыя творы аб’яднаны вобразам старога Шапкая, памяць якога захоўвае нямала шорскіх казак, легенд, паданняў. Можа быць, яшчэ лагічна звярнуцца да вершаў сучасных паэтаў, напрыклад, Г. Кастачакава, М. Бельчагешава, Т. Тудагешавай. Магчыма, беларускаму чытачу будуць цікавымі і апавяданні В. Барыскіна. Таксама прапанавала б перакласці нешта з фальклору. Напрыклад, гераічнае казанне. Ці народныя песні, казкі... Я гатовая выступіць кансультантам, дапамагчы з падрадкоўнікамі. Дарэчы, і сама запісала каля 30 казанняў...
Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА