Новае выданне цікавае тым, што разам з вершамі класікаў беларускай літаратуры Еўдакіі Лось і Веры Вярбы ў яго ўвайшлі таксама творы нашай сучасніцы, палачанкі Галіны Загурскай. У анатацыі да зборніка сказана: «Аўтараў яднае не толькі тое, што яны нарадзіліся на Віцебшчыне, але і высокае гучанне паэтычных радкоў, якімі яны выказваюць шчырую любоў да роднай зямлі і да людзей, якія тут жылі і жывуць».
«Дастойна і пачэсна аказацца ў такой плеядзе жанчын-паэтэс нароўні з вядомымі імёнамі», — лічыць іх пераемніца, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і полацкай творчай суполкі «Наддзвінне», лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча ( 2015 г.) і двойчы лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі (2020г. і 2024 г.) паэтэса Галіна Загурская. Напрыканцы мінулага года выйшлі дзве новыя яе кнігі: «Санеты» і «Жывуць у Полацку стагоддзі», а ў гэты зборнік уключаны новыя вершы з падрыхтаванай для друку, але пакуль яшчэ не выдадзенай кнігі.
Усяго на сённяшні дзень у творчым багажы Галіны Загурскай сем кніг. Яе вершы друкаваліся ў газетах «ЛіМ», «Полацкі веснік», «Краязнаўчая газета» і іншых, у часопісах «Полымя», «Маладосць», «Алеся», «Роднае слова», у многіх калектыўных літаратурных зборніках. Паэтэсу ніколі не пакідае творчае натхненне, асабліва плённыя ў яе творчасці апошнія гады, калі вершы нараджаюцца амаль кожны дзень. Тэмы іх самыя розныя: маладосць, каханне, мацярынства, любоў да роднага слова, бацькаўшчыны, прыгажосць роднага краю, духоўнасць, гісторыя і славутыя дзеячы краіны. Вельмі трапна выказаўся пра творчасць паэтэсы ўкладальнік кнігі, вядомы беларускі пісьменнік Віктар Шніп: «Творы Галіны Загурскай светлыя, як сонечныя дні, у якіх добра бачна прыгажосць роднай зямлі. Яна хораша працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў, якія вядомы не толькі на Віцебшчыне, а ва ўсёй нашай краіне».
Літаратурны крытык не патрэбны гэтай кнізе, якая ставіць за мэту паказаць чытачу тое галоўнае, што яднае трох аўтараў і сугучна іх творчасці: любоў да Радзімы, да жыцця, да ўсяго жывога на зямлі, захапленне хараством прыроды. Вядома, у кожнага творцы свой стыль, свая вобразная мова, уласныя думкі і пачуцці. У творчасці Галіны Загурскай ёсць і разынка: у новым выданні можна знайсці яе санеты (рэдкі па сённяшнім часе від вершаскладання), якія навеяны творчасцю Максіма Багдановіча.
Родны край — любоў і крыніца натхнення трох паэтэс. І як сёння важна берагчы гэтае пачуццё ў сэрцах кожнага з нас і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Як расказала Галіна Загурская, запланаваны шэраг прэзентацый кнігі ў бібліятэках, у школьных і студэнцкіх аўдыторыях Полацка і Наваполацка, у Віцебску. А чаму б не правесці і ўрок беларускай літаратуры або мовы на аснове гэтага выдання?
Тамара ФІЛІМОНАВА