Гэта выданне ўнікальнае для Беларусі, бо ўсе яго публікацыі — адкрыцці, дзе побач з даследаваннямі пошукавікаў, гісторыкаў, журналістаў, краязнаўцаў публікуюцца яшчэ і копіі дакументаў Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. Зборнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» штогод выдаецца пры садзейнічанні абласнога цэнтра творчасці і пры фінансавай падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Сёлетні 19 выпуск прысвечаны 85-годдзю гераічнай абароны Магілёва.
Менавіта каля яго сцен упершыню ў ліпені 1941-га на 23 дні былі спынены танкавыя часткі вермахта. Красамоўныя публікацыі з баявых пазіцый карэспандэнта газет «Известия» і «Красная звезда» Канстанціна Сіманава і здымкі фотакарэспандэнта Паўла Трошкіна натхнілі на барацьбу мільёны савецкіх грамадзян, развеяўшы міф аб непераможнасці нямецкай арміі.
На больш чым 300 старонках зборніка шмат рознай інфармацыі пра малавядомыя факты ваеннай гісторыі. Святлана Барысенка раскрывае маладаследаваную тэму ваенных шпіталяў і адзначае гераізм ваенных медыкаў, праз рукі якіх прайшлі мільёны параненых салдат і камандзіраў. Тут жа матэрыялы, якія датычацца генацыду, значэння Магілёва як важнага ваеннага плацдарма яшчэ падчас першай сусветнай вайны, асаблівасцей стварэння музея Славы Магілёўшчыны, падрабязнасцей леташняй пошукавай экспедыцыі. За 2025 год «Віккру» сумесна з 52 батальёнам Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь правёў пяць экспедыцый у сямі раёнах вобласці, былі падняты астанкі 101 чырвонаармейца.
Па асабістых медальёнах, фрагментах дакументаў, медалі ўстаноўлены імёны 9 герояў з Беларусі, Арменіі, Узбекістана, Татарстана, Арлоўскай і Пензенскай абласцей Расійскай Федэрацыі.
— Вайна стала вялікім выпрабаваннем для народа, — кажа ваенны гісторык, пісьменнік, кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай Барысенка. — Упершыню ствараліся спецыфічныя падраздзяленні для барацьбы з ворагам — знішчальныя атрады, народнае апалчэнне і іншыя фарміраванні. Прызыўнікі і кадравыя ваенныя духоўна абапіраліся на прысягу і тыя ідэалагічныя асновы, якія прадугледжвалі адданасць радзіме і самаахвярнасць пры яе абароне. І гэтая адвага аказалася мацнейшай за сталь нямецкай армады.
На прэзентацыі зборніка прысутнічала моладзь, якая сёння ў складзе ваенна-патрыятычных атрадаў больш глыбока вывучае ваенную гісторыю Беларусі, навукоўцы, журналісты, дэпутаты, жыхары, неабыякавыя да мінулага свайго краю.
Нэлі ЗІГУЛЯ