Ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» набыла новае прачытанне ў сценах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў выкананні сучаснай батлейкі «Дом з марамі».
Паходжанне батлейкі мае глыбокія старажытнаславянскія карані. Згадкі пра яе можна знайсці ў польскіх, украінскіх і рускіх летапісах, аднак менавіта на тэрыторыі Беларусі батлейка стала важнай часткай народнага мастацтва, традыцыі якога захоўваюцца сёння. Безумоўна, сучасны тэатр працягвае развівацца і набываць новыя формы, але класічныя кампазіцыйныя прынцыпы, створаныя нашымі продкамі, застаюцца асновай для пастановак розных жанраў. Асаблівасцю беларускай батлейкі з’яўляецца яе сінтэз розных мастацкіх форм — лялечнага тэатра, музыкі, паэзіі і народнай драматургіі.
«Дом з марамі» — мадэрнізаваная батлейка са святлом, гукам і сучасным стылем лялек. Традыцыйны і адначасова сучасны лялечны тэатр сёння карыстаецца попытам як сярод маленькіх гледачоў, так і сярод дарослых прыхільнікаў беларускага мастацтва. У рэпертуары «Дома з марамі» беларускія казкі: народныя, класічныя і зусім новыя. Тэатр актыўна ўдзельнічаеў шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, гарадскіх святах і інш.
Ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» займае асаблівае месца ў айчыннай літаратуры, адлюстроўваючы багацце народнай культуры і традыцый. Гэты філасофскі і адначасова рамантычны твор расказвае не толькі пра трагічны лёс мастака, закінутага ў наш свет, але і пра нялёгкі і багаты на выпрабаванні лёс беларускага народа, які апынуўся на перакрыжаванні розных культур і вераванняў.
Паэма Якуба Коласа за сваю 100-гадовую гісторыю натхніла мноства творцаў і знайшла адлюстраванне ў музыцы, выяўленчым мастацтве, тэатры. Кампазітары стваралі музычныя творы, заснаваныя на яе тэмах і выявах, мастакі інтэрпрэтавалі вобразы на палотнах і тэатральнай сцэне. А «Дом з марамі» паспрабаваў спалучыць старажытнае тэатральнае мастацтва батлейкі з гісторыяй пра хлопчыка-творцу.
Батлеечны спектакль «Сымон-музыка» з’яўляецца для тэатра першым маштабным экперыментам, асновай для якога стаў буйны твор беларускай класікі. Дагэтуль у рэпертуары сучаснай батлейкі былі толькі невялікія творы, часцей сучасныя і народныя казкі, бо гэтага патрабуе сам фармат народнага тэатра.
— Мы вельмі рады прадставіць наша бачанне «Сымона-музыкі», гэтай вялікай гісторыі ў маленькім, у дробным. Менавіта так яна і падаецца, бо мы, беларусы, любім лічыць сябе дробнымі. І батлейка, наш традыцыйны тэатр, таксама маленькая. Але насамрэч мы маем вялікую душу, вялікае мастацтва, вялікую культуру і вялікую моц унутры. І гэты стрыжань нам вельмі важна захаваць. Бо гэты стрыжань — любоў. Любоў да бліжняга, да мовы, да Радзімы. І гэтае пачуццё мы павінны пашыраць і дзяліцца ім, — лічыць актрыса і рэжысёр тэатра Ніка Беляўцова.
Над сцэнарыем да спектакля працаваў пісьменнік і драматург Аляксей Кулакоў. Рэжысёр Ніка Беляўцова паспрабавала ўмясціць маштаб паэмы ў межы батлеечнай пастаноўкі. Акрамя звычайнага куфара, традыцыйнага для народнага лялечнага тэатра, акцёры звярнуліся да дастаткова новага віду мастацтва — пяскаграфія ці маляванне пяском па шкле, які стаў папулярным толькі ў другой палове мінулага стагоддзя. Дзякуючы расплывістым выявам акцёры тэатра «Дом з марамі» стварылі неабходны эмацыянальны фон, перадалі тонкую лірычнасць і драматызм паэмы. Пясок, што перацякае з аднаго вобраза ў другі, стаў метафарай жыцця Сымона — няўлоўнага, змястоўнага, поўнага пераўтварэнняў.
Нягледзячы на навукова-тэхнічны прагрэс, народныя традыцыі працяг-ваюць жыць у нашай паўсядзённаці. І батлеечны спектакль — адна з магчымасцей дакрануцца да багатай беларускай культуры.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара