Наведаў за жыццё каля сотні краін, некаторыя не адзін раз. Усе яго раманы напісаны ў невялікіх блакнотах, якія лёгка змяшчаюцца ў кішэнь ці невялікую сумку. Аб гэтым можна даведацца з новага аўтабіяграфічнага рамана народнага пісьменніка, ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца «Цяжкія дарогі жыцця. Усё ў руках Божых» («Трудные дороги жизни. Всё в руках Божьих»), які толькі што пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда». Гэта сёмая кніга ў цыкле мемуараў і працяг двухтомніка «Цяжкія дарогі жыцця. Трывожныя дні» («Трудные дороги жизни. Тревожные дни»).
— Мікалай Іванавіч, у вашым новым аўтабіяграфічным рамане вы працягваеце прытрымлівацца дакументальнасці, хранікальнасці?
— Сёмая кніга — гэта працяг расповеду пра жыццё, пра сітуацыю ў свеце і нашай краіне. Назва нарадзілася неспадзявана, калі я быў у Рыа-дэ-Жанейра. На вяршыні гары Каркаваду на вышыні 709 м над узроўнем мора стаіць помнік Ісусу. Вышыня яго 33 метры — такая, як і ўзрост. Адтуль відаць увесь Рыа. Няблага было б кожнаму пабываць і ў Нью-Ёрку. Сам лад жыцця нам не падыходзіць.
А вось створаныя чалавекам велічныя збудаванні ўражваюць. Я стараўся з кожнай краіны ўзяць карыснае, неабходнае і часта на гэтым спыняюся ў сваіх кнігах. Паказаў і тыя гады, калі быў кіраўніком выбарчага штаба Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, 15 гадоў з’яўляўся яго даверанай асобай. Адлюстраваў і процідзеянне апазіцыі, і нашу пазіцыю, і міжнародныя нашы адносіны, калі жорстка даводзілася адстойваць інтарэсы краіны. Паказаў — многае можна, але заўсёды трэба думаць...
— А гаварыць, дамаўляцца? Чаму гэта не атрымліваецца ў сітуацыі з Украінай, калі для вырашэння ваеннага канфлікту ёй не раз прапаноўвалі сесці за стол перагавораў?
— Ёсць у характары нашых родных украінцаў фатальная якасць — упартасць. Гэта назіраем і ў дзеяннях. Вазьміце апошнія: «Няхай гінуць людзі, а мы будзем стаяць на сваім». І гэта прывяло да таго, што пачаў распаўсюджвацца нацыяналізм па ўсёй тэрыторыі. 2004 год. Выбары прэзідэнта ва Украіне. Менавіта тады там адбыўся злом усіх асноў права. Захад падтрымліваў апазіцыю, з’явіліся юшчанкі, парашэнкі і іншыя. Я быў у групе назіральнікаў Саюзнай дзяржавы і бачыў на свае вочы, як пачынаўся майдан, як выстаўлялі палаткі, як людзей куплялі, разносілі грошы... «Галасуйце, бунтуйце, шуміце, наладжвайце беспарадкі!» Менавіта тады адбыўся, я б сказаў, карэнны пералом у палітычнай пазіцыі Украіны — улез ультранацыяналізм. Адбылося засяленне Кіева ўльтранацыяналістамі. І памылка народа Украіны, што ён паверыў ім. Паступова вялікая колькасць насельніцтва пачала верыць у тое, што Украіна — асаблівая дзяржава, якая з’яўляецца лідарам у сусветным жыцці і дастойная нашмат большага.
Тэрыторыя Украіны мае асаблівасці: заходняя — Прыкарпацце (венгры, палякі калісьці насялялі, румыны нават) і ўсходняя — рускамоўная (Данецк, Харкаў, Луганск, Запарожжа). І вось, калі ласка, тэма мовы. Як правільна да яе падышоў наш Прэзідэнт, сказаўшы, што ў нас няма праблем з беларускай і рускай мовамі. Гэта не пустыя словы, а меркаванне глыбакадумнага чалавека. Не зрабілі гэтага ва Украіне. Хто не размаўляе па-ўкраінску — той вораг. Вось і пачалося. Прыкладна чатырнаццаць мільёнаў грамадзян там размаўляюць па-руску. Іх намагаліся заняволіць з дапамогай запалохвання, ваенных дзеянняў. Пачынаючы з 2014 года гэта адбывалася. Ёсць моманты ў адносінах паміж дзяржавамі, якія патрабуюць дапамогі. У дадзеным выпадку дапамогі той частцы насельніцтва, якая хацела размаўляць па-руску. Як метастазы, праблема распаўзлася па ўсёй Украіне. Атрымалася — народ падтрымлівае дзеянні ўльтранацыяналістаў. І калі пачаліся баявыя дзеянні ва Украіне ў 2022 годзе, большасць насельніцтва стаяла на пазіцыі, што Расія — акупант. Прасвятленне пачалося паступова. Відушчымі ў гэтым пытанні пачалі станавіцца тады, калі ўбачылі: неразумна кідаць у топку вайны тысячы людзей, рабаваць насельніцтва, цярпець галечу. Праз нейкі час працэнтаў 40 людзей зразумелі памылковасць пазіцыі. Гэта той момант, які сведчыць, што лагічна размаўляць і па-ўкраінску, і па-руску.
— У новай кнізе вы расказваеце, як «вярхі Саюза пісьменнікаў у той час дапалітызаваліся да такой ступені, што зусім забыліся пра сваё галоўнае прызначэнне — служэнне слову і літаратуры». А вам удавалася служыць слову і быць палітыкам?
— Пісьменнікі, жывучы мінулым, вырашылі пакрыўдзіцца на ўладу: яна не дае ім тое, што яны мелі ў часы Савецкага Саюза. Яны не змаглі сувымераць свае жаданні з тым, што адбываецца ў краіне. Яны крычалі «дай». Асабліва тыя, хто быў прылашчаны ўладай. Замест таго, каб крытычна ацаніць сітуацыю і знайсці спосаб працягваць жыць, яны кінуліся супраць улады. І павялі за сабой большасць пісьменнікаў.
Мне рэкамендацыі для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў далі Шамякін, Быкаў, Чыгрынаў, Макаёнак, Аляксандраў! Патрэбна было тры, а ў мяне вось колькі! Бо кнігі мае ўжо былі нарасхват. Трэба заўважыць, што я да таго моманту вельмі шмат пісаў у «Правде», працуючы намеснiкам начальнiка ў Першамайскім, а потым у Ленінскім (РУУС. — Н. С.) начальнікам. Іван Рыгоравіч Новікаў (аўтар кнiг «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску», «Руіны страляюць») тады быў кіраўніком Прадстаўніцтва «Правды» ў Беларусі. Я пісаў пра праблемы, якія хвалявалі грамадства. Помню, у снежні, перад Новым годам, я атрымаў з «Правды» пісьмо: «Просим вас сообщить, какие бы темы вы желали осветить в новом году». Я напісаў 12 на выбар рэдакцыі. Мне прысылаюць адказ, што зацверджаны ўсе.
Аднойчы мне прапанавалі напісаць пра работу міліцыі. Так я ўзяўся пісаць першую кнігу «Чацвёрты след». З цяжкасцю цяпер яе знайшоў — хачу перавыдаць. Гэтая кніга мяне і павяла.
— Так верыш вашай кнізе «Сыны», асабліва актуальнай цяпер, калі зноў Расія сутыкнулася з пацыфісцкімі дакорамі. Ці напісаўся б гэты твор, калі б вы не былі ў Афганістане?
— Я стараюся пісаць пра тое, што бачыў і ведаю. Да «Сыноў» напісаў «Таямніцу чорных гор», але праз цэнзуру ў Маскве ў мяне тры чвэрці выразалі. У Афганістане я ўзначальваў абарону Кабула. Служыў там тры гады замест двух (застаўся яшчэ на год па просьбе Прэзiдэнта Наджыбулы). Калі я прыехаў з Афганістана, вярнуўся да кнігі, пайшоў у ЦК КПСС, і пры мне пазванілі ў Галоўліт і сказалі: «Ніводнага слова не маеце права памяняць без дазволу Чаргінца. Ён лепш ведае Афганістан, чым мы ўсе разам». І толькі тады «Сыны» выйшлі без скарачэння.
— Вы аб’ехалі многа краін. У гэтай сувязі як ставіцеся да касмапалітызму? Ці можна любіць увесь свет?
— Ты будзеш любіць увесь свет тады, калі будзеш любіць сваю краіну. А перш-наперш — маці, бацьку, сваю сям’ю, дзяцей, унукаў, суайчыннікаў. Знаходзячыся на чужбіне, чалавек пастаянна думае пра Радзіму, калі не перарвалася ўнутраная сувязь з ёй.
Я часта сустракаў гэта. Калі прыязджаў у Нью-Ёрк, выступаў перад рускамоўнай дыяспарай у вялікай зале на Брайтэн-Біч. І трэба было бачыць, як людзі ўслухоўваюцца ў кожнае тваё слова пра Радзіму, пытаюцца пра людзей там: «Скажыце, а вы не ведаеце пра такога Абрамовіча, які жыў у Смалявічах?» Аднойчы ўстае адзін яўрэй, а я ўжо развітваўся, і гаворыць: «Мікалай Іванавіч, а чаму вы нас так крыўдзіце? Вы сказалі „на вашай былой Радзіме“. У нас Радзіма адна — Беларусь, а гэта другая радзіма, дзякуй, яна дала прытулак. Але мы засталіся людзьмі беларускімі». Нармальны чалавек не адрываецца ад сваёй краіны, ад сваіх родных.
— Як зменіцца шкала каштоўнасцей пры наступленні аднапалярнага свету?
— Я заўсёды ваяваў супраць аднапалярнага свету. Каштоўнасці зменяцца ўсе. Пры аднапалярным свеце творыцца беззаконне дзеля таго, каб нажыцца. А шматпалярнасць — гэта плюралізм меркаванняў, гэта ўлік інтарэсаў усіх слаёў грамадства, гэта магчымасць спаборнічаць, канкурыраваць і, такім чынам, прагрэсіраваць на гэтай грэшнай зямлі. Калі ж будзе аднапалярнасць, будуць пастаянныя войны. Вось Трамп, імкнучыся да гэтага, хоча купіць Панамскі канал, Канаду, Грэнландыю, хоча вярнуцца ў Афганістан, захапіць у Баграме аэрадром. Гэта спроба зрабіць свет аднапалярным, каб падпарадкоўваліся адной краіне. Аднак у Афганістане — самае магутнае радовішча медзі і каштоўных камянёў. Амерыканцы хочуць сабе гэта ўсё забраць. Зразумела, што гэта будзе жыццё за кошт іншых. Нездарма было паняцце «залаты мільярд», якое нарадзілася ў Амерыцы: залаты мільярд будзе мець усё.
— А якая роля пісьменнікаў у спробе адстойвання шматпалярнага свету?
— Не адрывацца ад палітыкі, ад эканомікі, жыць праблемамі свайго народа і дапамагаць сваім талентам людзям знайсці адказы на складаныя пытанні, падказаць, якія ёсць шляхі для паляпшэння жыцця, дзесьці пакрытыкаваць. І таму стаю на пазіцыі, што трэба адрадзіць такія жанры, як фельетон. Яшчэ — вярнуць «Ералаш», кіначасопіс перад кожным фільмам.
Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА
Фота аўтара