Top.Mail.Ru

Міхаіл Пазнякоў: Працаваць на адзінства і далейшы росквіт!

Аўтар: Ірына Прымак
03.12.2024 | 13:31

Амаль паўстагоддзя ён актыўна працуе ў літаратуры. Наш суразмоўца — аўтар больш за 100 кніг, лаўрэат многіх рэспубліканскіх і міжнародных прэмій, у тым ліку і Нацыянальнай літаратурнай. Сёння чытачы «ЛіМа» змогуць бліжэй пазнаёміцца з чалавекам, якога наўрад ці варта прадстаўляць у літаратурных колах, — гэта заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхаіл Пазнякоў.


— Міхаіл Паўлавіч, якім вам бачыцца стан беларускай літаратуры? 

— Ва ўсе часы наша прыгожае пісьменства мела і мае вартыя здабыткі і дасягненні. Ва ўсіх жанрах. Мы не страцілі сваіх мастакоўскіх і грамадзянскіх пазіцый. Наша літаратура ў пераважнай большасці паспяхова пераадолела развальныя гады, калі пасля разбурэння СССР кніжны рынак быў завалены «чарнухай», «бульваршчынай», «клубніцамі» і іншай рознай псеўдалітаратурай, часам вельмі шкоднай, асабліва для юных, неакрэплых розумаў. І ў паэзіі, і ў прозе, і ў публіцыстыцы, тым больш у дзіцячай літаратуры, мы засталіся вернымі высокамаральным прынцыпам, стваралі і ствараем літаратуру, якая садзейнічае роздуму, суперажыванню, рабоце душы, дапамагае расці духоўна, быць сумленнымі перад сабой, часам і дзяржавай. Перад нашай гісторыяй, перад мужнымі і стваральнымі старэйшымі пакаленнямі, якія выстаялі, перамаглі, аднавілі краіну, сцвердзілі суверэнітэт, захавалі і падарылі маладым мірнае неба і магчымасць жыць, вучыцца, працаваць, ствараць сем’і, расціць дзяцей, радавацца.

Праца пісьменніка — шчыраванне дзеля адзінства грамадства, сяброўства і супрацоўніцтва з усім добрым светам. Мы ўпэўнена рухаемся ў гэтым кірунку. Найлепшымі мастацкімі творамі, вусным словам у самых розных аўдыторыях служым роднаму народу, Радзіме, праўдзе, стваральнасці, адзінству. У наш час сур’ёзная кніга становіцца ўсё больш запатрабаванай. Гэта вельмі важна, бо яна дае чытачу духоўныя арыенціры, паказвае сапраўднага героя новага часу, вучыць любіць роднае, сваё, паважаць добрае ў свеце. Галоўная задача літаратуры і цяпер — садзейнічаць выхаванню ў чалавеку Чалавека, удумлівага, адказнага за свае ўчынкі, вялікага патрыёта, крэатыўнага стваральніка, шчырага грамадзяніна.

— Раскажыце, калі ласка, пра таленавітую творчую моладзь і як яе падтрымліваюць цяпер?

— Безумоўна, будучыня літаратуры залежыць ад творчай моладзі, ад нашай нястомнай і пастаяннай работы з ёю. Пераемнасць пакаленняў увогуле вельмі важная і неабходная ў паступальным развіцці грамадства, усіх сфер дзейнасці. Саюз пісьменнікаў Беларусі шмат робіць у гэтым кірунку, бо работа з моладдзю адна з першачарговых. У сталічным аддзяленні СПБ заснавана некалькі штогодніх літаратурных конкурсаў сярод падлеткаў і моладзі, якія даюць магчымасць знаходзіць і падтрымліваць юныя таленты. Праводзяцца кансультацыі, дапамагаем у рэдагаванні і публікацыі першых твораў, у выданні дэбютных кніжак у нашай серыі «Мінскія маладыя галасы». У ёй пабачылі свет звыш паўсотні кніжак прозы, паэзіі, публіцыстыкі, літаратуразнаўства. Многія з аўтараў сталі прафесійнымі літаратарамі, членамі СПБ. Сярод іх ужо добра вядомыя ў творчых колах Яна Явіч, Кацярына Роўда, Таццяна Купрыянец, Кацярына Стройлава, Вольга Нікіценка, Андрэй Сідарэйка, Алена Басікірская, Людміла Клачко, Настасся Каротчыкава і інш. У нас працуе Школа юнага літаратара. Творчая моладзь актыўна далучаецца да культурна-асветніцкай работы, выступае побач са старэйшымі калегамі, прызнанымі майстрамі слова перад чытачамі. Некаторым даверана ўзначаліць літаратурныя клубы і аб’яднанні ва ўстановах сталіцы. Для юных літаратараў заснавалі літаратурную прэмію «Адкрыццё года».

Нядаўна мы аб’явілі чарговы конкурс «Славянскі калейдаскоп» сярод падлеткаў і моладзі, прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. На чарзе — літаратурнае спаборніцтва на найлепшы твор, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй і яе сатэлітамі, затым — Рэспубліканскі паэтычны конкурс імя Міколы Мятліцкага. У конкурсах прымаюць удзел юныя літаратары з розных рэгіёнаў Беларусі, а ў «Славянскім калейдаскопе» — і з Расіі. Вядома, спадзяёмся на новыя цікавыя адкрыцці.

— Што самае важнае, на вашу думку, зроблена ў нашай краіне за гэтыя гады для развіцця беларускай літаратуры?

— За апошнія тры дзесяцігоддзі ў Беларусі зроблена і робіцца шмат для паспяховага развіцця літаратурнага працэсу. Ёсць дзяржаўная падтрымка ў выпуску літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных перыядычных выданняў, у выпуску неабходнай для навучальнага і выхаваўчага працэсу мастацкай літаратуры, у падтрымцы новых сацыяльна значных твораў. Вяртанне здаровых творчых сіл краіны ў 2005 годзе ў рэчышча плённай дзейнасці дзеля народа, дзяржавы, далейшага росквіту культуры, супрацоўніцтва з уладамі на ўсіх узроўнях станоўча адбілася на ўсёй літаратурнай справе. Маю на ўвазе работу Саюза пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам народнага пісьменніка Мікалая Чаргінца. Эстафету ад яго паспяхова прыняў вядомы пісьменнік, журналіст, дзяржаўны і грамадскі дзеяч Алесь Карлюкевіч.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы атрымалі фінансавую падтрымку. Дзяржаўнымі інстанцыямі была заснавана штогодняя рэспубліканская літаратурная прэмія «Залаты Купідон» ва ўсіх жанрах, якая затым пераўтворана ў Нацыянальную літаратурную прэмію. У розных жанрах, а таксама за найлепшы дэбют прэмія прысуджаецца Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры. Уручэнне яе стала адметнай з’явай у культурным жыцці краіны, добрым фактарам творчага спаборніцтва, які ўплывае на значнасць тэматыкі твораў, набліжэння іх да запатрабаванняў часу, грамадства. 

Усе абласныя выканаўчыя камітэты таксама заснавалі літаратурныя прэміі. На вялікі жаль, нягледзячы на пастаянныя звароты, такой прэміі яшчэ не заснаваў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Няма ў нашай краіне і асобнай літаратурнай Дзяржаўнай прэміі. У савецкі час іх было ажно чатыры: у паэзіі, у прозе, у публіцыстыцы, у дзіцячай літаратуры. Прысуджэнне такіх прэмій з’явілася б яшчэ больш істотнай падтрымкай нашага прыгожага пісьменства і больш значным уплывам на развіццё ўсяго літаратурнага працэсу ў краіне.

Нямала робіцца дзяржавай у справе выдання класічнай і сучаснай беларускай літаратуры. У першую чаргу — праграмных і твораў для пазакласнага чытання, шырокай сацыяльна значнай літаратуры. Тут шмат робіць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якое ажыццяўляе дзяржаўную палітыку ў кнігавыданні. Уплываюць на развіццё літаратуры і СМІ, нашы дзяржаўныя бібліятэчныя сістэмы. Твор, які б таленавіты ні быў, патрэбна яшчэ данесці да чытача — праз бібліятэкі, радыё і тэлеперадачы, агляды і рэцэнзіі ў друку. І тут таксама ёсць дзяржаўная падтрымка. Спадзяёмся на яе пашырэнне.

Шмат у гэтай справе робяць нашы дзяржаўныя музеі, асабліва літаратурныя, дзе нашы пісьменнікі — частыя і жаданыя госці. Мы працуем у адной звязцы, бо робім агульную адказную дзяржаўную справу.

— Вы ўжо шмат гадоў ўзначальваеце Мінскае аддзяленне СПБ. Што яно сёння з сябе ўяўляе?

— Так, 19 гадоў узначальваю сталічнае аддзяленне СПБ. На ўстаноўчым сходзе 2005 года было 55 пісьменнікаў. Дарэчы, раней сталічнага аддзялення ў Саюзе пісьменнікаў не было. Сёння на ўліку — амаль 300 літаратараў. За гэтыя гады нашымі пісьменнікамі выдадзена больш за дзве тысячы кніг. Больш як 30 тысяч публікацый у перыядычных выданнях Беларусі і многіх замежных краін. Асабліва ў Расіі.

Зараз кожны год намі выпускаецца 110‒120 кніг, у перыёдыцы з’яўляецца звыш 2 тысяч публікацый. Творы нашых пісьменнікаў перакладаюцца на розныя мовы свету. І нашы перакладчыкі актыўна перакладаюць многія творы класічнай і сучаснай замежнай літаратуры на беларускую мову.

Заснавалі кніжную серыю «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення СПБ», у якой ужо выдадзена каля 80 кніг членаў СПБ. Заснавалі літаратурныя прэміі аддзялення ў галіне прозы, паэзіі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі. 

Мы ўдзельнічаем у многіх міжнародных фестывалях, святах іншых літаратурных форумах. Асабліва плённыя творчыя стасункі ў нас наладжаны з многімі рэгіянальнымі пісьменніцкімі арганізацыямі Расіі. Напрыклад, з Санкт-Пецярбургскім, Ленінградскім, Пскоўскім, Астраханскім, Цюменскім, Валгаградскім, з пісьменнікамі Калінінграда, Ліпецка, Дагестана, Калмыкіі, Чачні... А гэта выпуск сумесных праектаў, узаемапераклады, абмен дэлегацыямі, творчыя вечары, фестывалі. Так, да юбілею Л. Талстога выдалі расійска-беларускі калектыўны зборнік «Достояние». Да юбілею А. С. Пушкіна — таксама сумесны зборнік «С пушкинской строкой... ». Да юбілею Вялікай Перамогі над фашысцкай Германіяй — калектыўны зборнік твораў «Победили. Перамаглі» і г. д.

Штогод нашы пісьменнікі прымаюць удзел у амаль 1 500 мерапрыемствах. Адбываецца штогод каля 8 тысяч пісьменніцкіх выступленняў. У самых розных аўдыторыях краіны і за яе межамі. 

Мы шырока інтэграваны ў культурнае жыццё сталіцы. Створаны і працуюць пры ўстановах культуры і адукацыі звыш 30 творчых клубаў, студый, аб’яднанняў у розных мікрараёнах Мінска, якімі кіруюць нашы пісьменнікі. Вялікай папулярнасцю карыстаецца наш Мінскі гарадскі тэатр паэзіі, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца артыстка эстрады, тэатра і кіно Вольга Багушыньска.

Ужо дзявяты год у зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы праходзяць нашы спектаклі і паэтычныя імпрэзы, прысвечаныя творчасці класічных і сучасных паэтаў Беларусі, Расіі, іншых краін. Святым абавязкам для нас з’яўляюцца сустрэчы ў садках, школах, гімназіях. Самыя выдатныя творчыя стасункі ў нас з гарадскімі бібліятэкамі, як з дзіцячымі, так і з публічнымі, дарослымі. Актыўна супрацоўнічаем з Упраўленнем культуры Мінгарвыканкама і Упраўленнем ідэалагічнай работы і па справах моладзі, з упраўленнямі ідэалагічнай работы Міністэрства абароны і Дзяржкамітэта пагранвойскаў Рэспублікі Беларусь, з гарадскім структурамі БРСМ, іншымі грамадскімі арганізацыямі. 

МГА СПБ сягоння — вялікая не толькі творчая, але і навуковая сіла. У нашых радах — звыш 30 дактароў і кандыдатаў навук. Звыш 20 пісьменнікаў — акадэмікі і члены-карэспандэнты грамадскіх акадэмій замежных краін.

Сярод нашых пісьменнікаў — 10 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі, 9 лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры і «За духоўнае адраджэнне», 3 — лаўрэаты прэміі «Зоркі Садружнасці», адзін — лаўрэат Прэміі Саюзнай дзяржавы. 32 пісьменнікі — лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі, 8 — лаўрэаты прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 16 — лаўрэаты прэміі міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Іншымі рэспубліканскімі і міжнароднымі літаратурнымі прэміямі нашы пісьменнікі ўзагароджваліся больш як 190 разоў. У нашай сталічнай пісьменніцкай арганізацыі — 13 чалавек маюць высокае званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.

Дзяржаўнымі медалямі і ордэнамі Беларусі ўзнагароджаны за гэты час 39 пісьменнікаў. Медалямі грамадскіх арганізацый Беларусі, Расіі, іншных краін узнагароджана звыш 80 пісьменнікаў. Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны 5 пісьменнікаў. Усё гэта сведчыць аб значным укладзе нашай сталічнай пісьменніцкай арганізацыі ў літаратурную справу і грамадскае, культурнае жыццё Беларусі, ва ўмацаванне творчых сувязей з замежнымі літаратарамі.

Хачу назваць самых лепшых з нашых творцаў, якія маюць вялікі аўтарытэт і вядомасць сярод калег, чытачоў, шырокай грамадскасці. Гэта паэты — Анатоль Аўруцін, Алесь Бадак, Міхась Башлакоў, Навум Гальпяровіч, Віктар Гардзей, паэт-песеннік Алег Жукаў (нядаўна адышоў у лепшы свет), Анатоль Зэкаў, Казімір Камейша, Уладзімір Карызна, Уладзімір Мазго, Змітрок Марозаў, Мікола Мятліцкі (адышоў у лепшы свет), Лізавета Палеес, Валянціна Пакліканіна, Андрэй Скарынкін, Уладзімір Скарынкін, Яўген Хвалей, Мікола Шабовіч (адышоў у лепшы свет, Віктар Шніп, паэт-песеннік Іван Юркін, Святлана Яўсеева. Сярод празаікаў — Вячаслаў Бандарэнка, Уладзімір Гніламёдаў (адышоў у лепшы мір) АлегЖдан, Мікалай Ільінскі, Наталія Касцючэнка, Георгій Марчук ( адышоў у лепшы свет), Алена Папова, Віктар Праўдзін, Наталля Саветная, Уладзімір Саламаха, Сяргей Трахмёнак, Мікалай Чаргінец, Васіль Шырко. У дзіцячай літаратуры — Ніна Галіноўская, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Ліпскі, Уладзімір Мазго, Мікола Маляўка (адышоў у лепшы свет), Мікола Чарняўскі. У публіцыстыцы — Уладзімір Макараў, Андрэй Мукавозчык, Міхаіл Шыманскі. У літаратурнай крытыцы і літаратуразнаўстве — Яўген Гарадніцкі, Уладзімір Гніламёдаў, Валерый Максімовіч, Алесь Марціновіч, Мікалай Мікуліч, Іван Саверчанка, Іван Чарота ( адышоў у лепшы свет), Таццяна Шамякіна.

— Як лічыце, каб пісаць грамадзянскую лірыку ці прозу, якія патрэбны якасці?

— Шмат залежыць ад грамадзянскай спеласці. Сучасны творца павінен валодаць шырокімі ведамі, вялікай праўдзівай інфармацыяй па ўсіх напрамках развіцця грамадства, народнай гаспадаркі, палітыкі, заканадаўства. Усё гэта ўмела трансфармаваць у творы, выкарыстоўваць у выступленнях перад чытачамі. Сапраўдны пісьменнік не можа адбыцца без ідэалагічнай падкаванасці, шчырай, глыбокай любові да Радзімы. Пры такіх умовах ён зможа стварыць значныя, запатрабаваныя творы. У дзіцячай і юнацкай літаратуры — таксама. Мала гаварыць з дзецьмі аб прыгажосці прыроды, пра птушак, жывёл і г. д. Юнаму пакаленню патрэбна казаць пра ўсё, але даступна. Так, каб выхоўваць любоў да ўсяго роднага, да мужнага мінулага і стваральнага сучаснага. І садзейнічаць выхаванню не толькі любові, але і гонару за сваю краіну, за нашы дасягненні, памкненні і мары.

— Ці сталі больш пісаць грамадзянскіх вершаў? Працытуйце штосьці з самага свежага, што яшчэ нідзе не друкавалася і гучыць асабліва актуальна цяпер.

— Так, гэта галоўная тэма маёй творчасці, бо вырас у вялікай працавітай сям’і франтавіка і партызанскай сувязной. Многія сваякі ваявалі і загінулі або згарэлі ў полымі Вялікай Айчыннай. Я верны сын сваіх мужных бацькоў і сваякоў, любоў да якіх, памяць пра якіх — важкая часцінка маёй любові да Радзімы. Мы — захавальнікі і прадаўжальнікі святой памяці, якую абавязаны перадаць наступным пакаленням. Дзеля выхавання сапраўдных патрыётаў, дзеля праўды, росквіту, шчасця!

Вось адзін з маіх новых вершаў. 

Марыне Васілеўскай, якая ажыццявіла касмічны палёт на расійскім караблі.

Касманаўт! Патрыёт! Гераіня!

Твой палёт ‒ гэта велічны лёс!

Ты памножыла славу краіны,

Узняла да вячыстых нябёс!

Абвясціла з вышыняў планеце

Міралюбнай Айчыны зварот:

Найдарожай за ўсё нам на свеце

Праца, мір і шчаслівы народ!

І няма больш высокае мэты,

Як адзінству і згодзе служыць!

Дзеля шчасця народаў планеты

Працаваць, супрацоўнічаць, жыць!

Сын Радзімы святой, ганаруся 

Яркім подзвігам, мужнай табой,

Тым, што доля і шлях Беларусі

Паяднаны з Расіяй-сястрой!

— Штогод праводзяцца круглыя сталы на тэму захавання нашай спадчыны, мовы як носьбіта культурнага кода і нацыянальнай каштоўнасці. А што менавіта для вас значыць беларуская мова?

— Усяму свету мы цікавыя найперш сваімі нацыянальнымі адметнасцямі, нашай мовай, культурай, літаратурай, якія таксама з’яўляюцца часткай агульнасусветнай культуры, літаратуры. А потым — нашымі дасягненнямі ў розных сферах дзейнасці. У Беларусі шмат робіцца дзеля захавання культурнай спадчыны, тых бясцэнных нацыянальных каштоўнасцей, якія выпрацаваны, створаны за многія стагоддзі нашымі выдатнымі папярэднікамі. У гэтым кірунку працуюць нашы ўстановы культуры, навукі, адукацыі. Шчыруе і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Тысячы нашых кніг, мерапрыемстваў таксама садзейнічаюць гэтаму. Сумесна з педагогамі, бібліятэкарамі, музейнымі супрацоўнікамі, прадстаўнікамі адпаведных дзяржаўных органаў мы робім вялікую справу па далучэнні дзяцей і моладзі да нашых адметных нацыянальных багаццяў. У гэтым таксама заключаецца патрыятызм, вернасць старэйшым пакаленням, працяг і развіццё нацыянальных традыцый.

Як пісьменнік і грамадскі дзеяч, старшыня таварыства дружбы «Беларусь — Расія» шмат увагі ўдзяляю супрацоўніцтву з расійскімі калегамі. Удзельнічаю ў шматлікіх сумесных праектах і мерапрыемствах. Перакладаю на беларускую мову творы класікаў і сучасных паэтаў і празаікаў Расіі і іншых краін. Нядаўна па запрашэнні арганізатараў ужо ХVІ па ліку Міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі «Поющие письмена» прыняў актыўны ўдзел у яго мерапрыемствах у Маскве. Была запрошана і мастацкі кіраўнік нашага Тэатра паэзіі, артыстка эстрады, тэатра і кіно Вольга Багушыньска. Яна па-майстэрску чытала пераклады многіх славянскіх паэтаў на рускую мову. Я выступаў і чытаў свае вершы толькі на роднай мове. Фестываль гэты адметны тым, што ўсе паэты выступаюць на родных мовах, гучаць і песні розных славянскіх народаў. Мерапрыемствы прайшлі ў Дзяржаўным музеі А. С. Пушкіна, у Дзяржаўнай бібліятэцы замежнай літаратуры і на філалагічным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усе сустрэчы пакінулі незабыўныя ўражанні. Усюды панаваў дух сяброўства, пабрацімства, сардэчнасці. Прэзентавалася Анталогія беларускай сучаснай паэзіі «З веку ў век», перавыдадзеная ў мінулым годзе ў серыі «Славянская паэзія. ХХ — ХХІ». Ініцыятар і аўтар праекта — вядомы рускі паэт і перакладчык Сяргей Главюк. 

А ў верасні гэтага года я браў удзел у ХХХVIII Міжнародным літаратурным фестывалі «Белыя жураўлі» ў Дагестане. Таксама не ўпершыню. Там гучалі мае пераклады вершаў Расула Гамзатава і Магамеда Ахмедава на нашу цудоўную беларускую мову. Безумоўна, кожная такая паездка — працяг і пашырэнне нашых літаратурных стасункаў, умацаванне нашага сяброўства і супрацоўніцтва. Літаратурная дыпламатыя — важная і важкая справа. І гэта тычыцца многіх літаратур і краін, бо Саюз пісьменнікаў Беларусі працуе ў гэтым кірунку даволі плённа.

— Працягніце па-свойму знакаміты выраз: каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба…

— ...Быць яе сапраўдным, удзячным сынам, сапраўднай, удзячнай дачкой! Жыць яе клопатамі і марамі. Ведаць яе гісторыю і культуру, мову і літаратуру. Шанаваць яе мужнае і стваральнае мінулае, людзей працы. Рабіць усё залежнае ад нас дзеля міру і росквіту. Каб і надалей наша міралюбівая, прыгожая, працавітая Беларусь паказвала прыклад усяму свету — у адзінстве, стваральнасці, памкненнях да сяброўства і супрацоўніцтва з усімі народамі, усімі краінамі. Каб нашы старэйшыя пакаленні радаваліся справам маладых, а маладыя любілі Радзіму і ганарыліся ёю, сваімі папярэднікамі.

— Як зрабіць так, каб беларуская кніга была запатрабавана ў чытача?

— Перш-наперш неабходна працаваць супольна: бацькам, настаўнікам, пісьменнікам, бібліятэкарам, выхавальнікам, выдаўцам, чыноўнікам — з адзінай мэтай: выхаваць нашых дзяцей, унукаў добрымі, працавітымі, удзячнымі, шчырымі, сапраўднымі патрыётамі. Фарміраваць у юных святое пачуццё любові да ўсяго роднага, пачуццё адказнасці за свае ўчынкі.

Безумоўна, трэба разумець і любіць дзяцей, ствараць для іх цікавыя, мудрыя, пазнавальна-выхаваўчыя, патрэбныя творы. У першую чаргу мы павінны думаць у гэтым рэчышчы пра дзяцей, правільна выхоўваць іх. Ствараць ім умовы не спажывецтва, а развіцця, фарміравання асобы. Многае залежыць тут ад сям’і. Вось чаму наша дзяржава так шмат увагі аддае ёй. У здаровых, добрых сем’ях растуць такія ж дзеці. Варта яшчэ больш актыўна нам усім садзейнічаць сямейнаму чытанню, чытанню ў садках, у малодшых класах. Навучым чытаць добрую, разумную кнігу ў раннія гады — дзеці вырастуць адукаванымі, начытанымі, удумлівымі, разважлівымі. Дарослым важна пачаць з сябе: дзеці, як правіла, капіруюць бацькоў. Літаратуры для юных выдатнай, класічнай і сучаснай, у нас дастаткова. Выпуск яе актыўна падтрымліваецца дзяржавай. Шмат у гэтым плане робяць нашы бібліятэкі, літаратурныя музеі, грамадскія арганізацыі. І, вядома, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Нават у савецкі час мы не праводзілі столькі творчых сустрэч з юнымі чытачамі, як цяпер! Штогод іх праходзіць па ўсёй краіне звыш 15 тысяч. І мы адгукаемся на ўсе запрашэнні. Вельмі плённа працуе ў гэтай справе Выдавецкі дом «Звязда», які не толькі выпускае патрэбныя дзіцячыя кнігі, але і арганізоўвае фестывалі дзіцячай кнігі, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі па ўсёй Беларусі. 

Вельмі важна нам усім разам, хто мае дачыненне да адукацыі, выхавання, работы з дзецьмі, далучаць іх да сацыяльна значнай кнігі. Рабіць усё для таго, каб кніга, як некалі было, стала выдатным падарункам для кожнага дзіцяці. 

Фота з асабістага архіва Міхаіла Пазнякова

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю