Top.Mail.Ru

Міхась Пазнякоў: Сёння быць паэтам мала — трэба быць яшчэ і грамадзянінам

Аўтар: Наталля Святлова
02.09.2025 | 07:00

Свет трымаецца на запаветах любові. Цяпер, калі яе топчуць, зневажаюць тыя, хто самаўпэўнена вырашыў, што можа вяршыць лёсы, за любоў стаяць тыя, хто фарміруе думку грамадства, стражнікі праўды — пісьменнікі. Іх пераканаўчыя прамовы, акрыленыя вершаваныя радкі і поўныя веры і надзеі каментарыі — як кліч птушынага кліна, які ляціць у край справядлівасці, згоды і міру. Пісьменнікі не маўчаць у цяперашні трывожны час, калі прастора напоўнена супярэчлівай, правакацыйнай інфармацыяй, бо хто, як не яны, найлепш адчувае нерв сучаснасці, хто, як не яны, закліканы быць маральнай асновай грамадства? І яны будуць пачутыя, бо данясуць ідэі праўды праз мастацкае слова, якое трапляе прама ў сэрца. Пра паэтычны адказ жорсткай рэальнасці — гутарка са старшынёй Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаным дзеячам культуры Міхасём Пазняковым. 


— У вашым апавяданні «Ліст з мінулага» сказана, што «каханне сыходзіць з неба і знікае па яго волі». Каханне даецца звыш ці яму можна навучыцца?

— Пастаяннага, вечнага кахання няма. Нейкае больш спакойнае пачуццё выцясняе, але яно праходзіць, не вяртаецца. Прырода самога пачуцця незразумелая, непадуладная. Бывае, адразу на чалавека не звернеш увагі, а пасля прыходзіць такое пачуццё! Можа, гэта захапленне. Каханне не можа быць нязменным, добра, калі яно перарастае ў сяброўства. І сапраўднае каханне тое, якое вырастае з сяброўства. Таму моладзі важна не спяшацца: трэба яго выхадзіць, выспеліць... 

— А што вы маеце на ўвазе пад сяброўствам?

— Мы жывём у такі час (можна прыгадаць 2020 год), калі нас падзяляюць розныя погляды на тыя ці іншыя падзеі. І многія сем’і з-за гэтага развальваюцца. Калі па-рознаму ацэньваюць абставіны, калі не разумеюць вялікай палітыкі, развіцця падзей. А трэба быць аднадушнымі, аднадумцамі. Такія пары аднолькава цэняць паэзію, музыку, аднолькава адносяцца да людзей, да праўды, да сумлення, тады вырастае сяброўства, калі людзі ідуць у адным напрамку і разумеюць, падтрымліваюць адно аднаго ў галоўным цалкам.

— У вас ёсць такія аднадумцы-сябры?

— Народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец, народны паэт Беларусі Уладзімір Карызна, найвыдатнейшы сучасны паэт і перакладчык Анатоль Аўруцін. З Анатолем Аўруціным мы блізкія па поглядах. І ў адносінах да прыгажосці, да праўды, да палітыкі, да народа, народнасці, дзяржаўнасці. А яго талент найвялікшы. Ён і мяне перакладае. Пры тым што ў мяне з паўсотні перакладчыкаў на рускую мову. Не кажучы пра іншыя мовы. У мяне кнігі выходзілі на розных мовах: у Расіі, Сірыі (на арабскай мове), ва Украіне. Друкаваліся творы на ўзбекскай, таджыкскай, армянскай, казахскай, турэцкай, сербскай і інш. Міхась Башлакоў — найталенавіцейшы паэт і ў той жа час грамадзянін. Сёння быць проста паэтам мала — трэба быць яшчэ і грамадзянінам. 

— Што гэта значыць?

— Адчуваць глыбіню народнасці, быць з усім народам, з праўдай. Грамадзянскасць — гэта не толькі ведаць, шанаваць гісторыю, нашых вялікіх папярэднікаў, але і далёка наперад бачыць. Разважаць: а як далей? Каб захаваць нам сваю ідэнтычнасць, краіну. Бо ў гэтым свеце маленькай дзяржаве выстаяць, захавацца, быць незалежнай, суверэннай цяжка. 

— Мы можам гэта зрабіць у тым ліку дзякуючы нашай культуры, слову?..

— Вядома. Таму трэба быць верным свайму слову, народу. Тыя, што збеглі на Захад, чаго б яны дамагліся? Горш было б, чым ва Украіне. Суверэннасці мы ўжо не мелі б. НАТА тут ужо размяшчала б свае войскі, настройвала нас супраць Расіі. Бо навошта ЗША мець 800 ваенных баз у свеце? Каб дыктаваць сваю волю ўсім. А калі б Расія размясціла свае базы на Кубе, Мексіцы, як бы яны сябе паводзілі? Мы ведаем. Ледзь вайна не пачалася ў 1960-я гады, калі Хрушчоў размясціў ваенныя ракеты на Кубе. А ў амерыканцаў ваенныя базы ў Польшчы, 

Прыбалтыцы, Румыніі, Чэхіі, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Японіі і інш. Навошта? У вас свае праблемы? Вырашайце! Пісьменніку трэба ў гэтым разбірацца. І калі замкнуцца толькі на нацыянальным коле, гэта памылка. Нельга так. Трэба глядзець шырэй. Каб захаваць сваё нацыянальнае, зберагчы яго, развіваць і гэтым узбагачаць свет (мы ўбіраем усё найлепшае з сусветнай культуры, але і дадаём сваё). Добра, калі стасункі ў свеце справядлівыя, сумленныя з усімі краінамі. Наша кіраўніцтва такую палітыку імкнецца праводзіць, але гэта няпроста. Недзе трэба ісці на нейкія пагадненні з іншымі магутнымі краінамі, каб вытрываць, выстаяць. Возьмем тую ж Польшчу. Там лічаць, што яны незалежныя. Ці так гэта, калі там размешчаны амерыканскія, натаўскія ваенныя базы? Калі ўлады вымушаны рабіць тое, што ім скажуць у Бруселі, за акіянам. Тое ж самае — прыбалтыйскія краіны. Дзе ў вас поўны суверэнітэт? Але з суседзямі трэба жыць нармальна. Не трэба парушаць масты сувязі. Пісьменніку трэба ствараць і шанаваць нацыянальнае, быць грамадзянінам-патрыётам у першую чаргу сваёй краіны, дбаць пра мір у сусвеце. Слова павінна яднаць, сеяць праўду, абараняць хараство, справядлівасць. 

— Дарэчы, крокам да міру стала нядаўняя падзея — інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі сусветна вядомаму амерыканскаму часопісу Time ў асобе журналіста і пісьменніка Саймана Шустэра 8 жніўня 2025 года, падчас якога наш лідар адзначыў: «Маё крэда, мой прынцып: размаўляць трэба з усімі, калі ты хочаш нармальных стасункаў. Калі не размаўляеш, то ты паціху рухаешся да вайны. Нам гэта не трэба». Як вы гэта пракаментавалі б?

— У мяне пра гэта ёсць верш «Суседзі». 

Суседзі, сталася што з вамі?

Хто лютасць вам уліў у кроў?

Адной сям’ёй жылі вякамі,

А вы «Панішчым маскалёў».

А вы — з абдымкамі да НАТА,

А вы — душу за акіян.

Дзядам і прадзедам жа 

здрада —

Заўжды найгоршая з заган.

Вам мова руская чужая?

І Пушкін сёння вораг ваш?

Ідэя спеліць вас тупая —

Расію ўзяць на абардаж.

Вам засцяць помнікі героям,

Іх нават замінае прах?

Маленне ваша: 

«Дайце зброю!» —

Дык гэта — 

да знішчэння шлях.

А вы ж стваральнымі такімі

Былі, здзіўлялі шмат гадоў,

А вы ж багатымі якімі

Былі на песні і сяброў.

Дык славу добрую вяртайце,

Яе ўмацоўвайце адну.

Суседзі, мір хутчэй шукайце,

А не распальвайце вайну.

— А ці не прычына памнажэння зброі, гонкі ўзбраення — тэхналагічны прагрэс? 

— Так, гора ад розуму. Але варта ўсе дасягненні накіроўваць на стваральнасць, а не на дыктат, разбурэнне, знішчэнне.

— Можа, і пісьменнікі хутка знікнуць, калі ўсё будзе генерыраваць нейрасетка? 

— Мы жывём у той час, калі ўсё больш і больш страчвае сілу слова, слова праўды, прыгажосці, хараства. Кажуць, прыгажосць уратуе свет. А сёння ж трэба ратаваць саму прыгажосць! Чалавецтва ідзе на самазнішчэнне. Гэта балюча. Рабіць бандэраўцаў героямі, знішчаць помнікі родным украінцам, якія вызвалялі народ ад фашызму... У той жа Польшчы загінула 600 тысяч савецкіх воінаў, якія вызвалялі яе ад фашыстаў. Сёння ж улады там зносяць помнікі вызваліцелям. Што гэта? Рэваншызм! Гэта цемрашальства. Планета ўтыкана смертаноснай зброяй. У мяне нарадзіўся на гэтую тэму новы верш:

Ці не годзе?

Мы насельнікаў 

не сустракаем

З іншых добрых 

велічных планет,

Бо Зямля, пагрозная такая,

Іх пужае пікамі ракет.

Не чакаюць мірнае сустрэчы,

Паглядзяць — 

і адляцяць назад,

Бо жахліва 

ў нас ад варажнечы,

Бо знішчае люта брата брат.

Бо Зямля палохае дзіцячым,

Аніяк не зразумелым ім

Гаратлівым 

несуцешным плачам

І сялібаў попелам сівым.

Ім, відаць, 

не першае стагоддзе,

Аніяк зямлян не зразумець:

Дзікія зямляне, можа, годзе

Сеяць беды, гора, 

слёзы, смерць?

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота з асабістага архіва Міхася Пазнякова

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю