Выдатны падарунак дзецям малодшага школьнага ўзросту зрабіў Выдавецкі дом «Звязда». Сёлета там выйшла кніга пад назвай «Мая цудоўная Радзіма». Яе аўтар — вядомы беларускі пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, многіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў.
Кніга складаецца з раздзелаў «Радзіма наша — Беларусь», «Наша дружная сям’я», «Вучымся, марым, ствараем, адпачываем», «Працу кожную шануй», «Песня прыроды», «Свята ўраджаю», у якія ўвайшлі вершы пра самае галоўнае ў жыцці. Паэт узнёсла піша пра Радзіму, нашы дзяржаўныя сімвалы, багацце і прыгажосць роднай зямлі, услаўляе мужнасць і працавітасць беларусаў, вучобу і добрыя справы дзяцей і моладзі. У сваіх творах аўтар раскрывае сакрэты многіх прафесій, вучыць любіць і шанаваць бацькоў, Радзіму, усё роднае, з павагай адносіцца да старэйшых, займацца спортам, берагчы родную прыроду і яе насельнікаў, быць заўсёды шчырымі і працавітымі. Паэт заклікае хлопчыкаў і дзяўчынак:
Старанна вучыцца,
Жыць дзеля роднай зямлі,
Каб і пасля ўсе ганарыцца
Айчынай нашаю маглі.
(«Мы — беларусы»).
А колькі цудоўных вершаў прысвечана мамам і татам! Творы ўслаўляюць добрыя, дружныя сем’і, вучаць юных чытачоў цаніць сапраўдныя сямейныя каштоўнасці, сардэчна, з павагай адносіцца да сваіх родных і блізкіх.
Кніга маляўніча аформлена мастаком Святланай Стахоўскай, таму юныя чытачы змогуць не толькі прачытаць таленавітыя, змястоўныя вершы, але і палюбавацца цікавымі, арыгінальнымі малюнкамі, якія яскрава адлюстроўваюць змест твораў, змешчаных у кнізе.
А яна, дарэчы, выдадзена тыражом 2000 экзэмпляраў, так што будзе даступнай многім — і дзецям, і іх бацькам, і выхавацелям, і настаўнікам.
Міхась СЛІВА