Top.Mail.Ru

Мікола Чарняўскі адчувае душу і запатрабаванні маленькіх чытачоў

Аўтар: Алесь Марціновіч
24.06.2025 | 07:00

Не ведаю, як іншыя, хто бярэцца рэцэнзаваць пэўную кнігу, а я часам доўга разважаю, з чаго б пачаць разгляд. Як жа радасна, калі само жыццё падказвае, як гэта зрабіць лепей. Надарыўся якраз такі выпадак. Літаральна днямі ў сродках масавай інфармацыі з’явілася паведамленне аб тым, якой знаходлівай можа быць ліса.


Гэта адбылося познім вечарам у Гродне. Невядома, як яна аказалася ў цэнтры горада. Падышла да скрыжавання, каб перайсці вуліцу. Зірнула наперад, а на святлафоры гарыць чырвонае святло. І, хоць нікога не было побач, стаяла спакойна, чакаючы, калі запаліцца зялёнае. Пры з’яўленні яго так жа спакойна перайшла. 

Успомніў гэта, калі чытаў новую кнігу старэйшыны беларускай дзіцячай літаратуры Міколы Чарняўскага «Ліса-калядоўшчыца», жыццё якой даў Выдавецкі дом «Звязда». Але пры чым тут ліса, якая прытрымліваецца правіл дарожнага руху ў горадзе? Не ведаю, як лепш сказаць... Бадай так: гэтыя жывёліны, якія сустракаюцца і ў горадзе, і ў літаратуры, блізкія між сабой. Тады, калі героі такія, як у Міколы Чарняўскага, які чуйна адчувае душу і запатрабаванні маленькіх чытачоў.

Такія пісьменнікі здатныя знаходзіць тэмы, звязаныя не толькі з іх маленствам, але і ў той ці іншай ступені з паўсядзённым жыццём. І, вядома, імкнуцца разнастаіць жанры, у якіх пішуць. Хлопчыкі ж і дзяўчынкі, не сакрэт, асабліва любяць казкі. Пачынаючы з фальклорных і заканчваючы аўтарскімі. Неаднаразова звяртаецца да іх і Мікалай Мікалаевіч. Пацвярджэнне таму і казка «Ліса-калядоўшчыца», што дала назву кнізе. Хто ведае, магчыма, з цягам часу ён па-свойму раскажа і гісторыю пра лісу, якая так уважліва і асцярожна паводзіць сябе на вуліцах сучаснага горада. Несумненна: атрымаецца цікавы твор. З асэнсаваннем сітуацыі, якая ў нечым неверагодная, але адпавядае рэальнасці. 

Гэта назіраецца і ў казцы «Ліса-калядоўшчыца», у якой народныя традыцыі таксама паяднаны з сучаснасцю. Вельмі важна і тое, што дзейная асоба ў гэтай казцы — добра вядомы дзецям персанаж. 

Яна трапляе ў сітуацыі, што адпавядаюць псіхалогіі гэтай хітрунні, якая хоча з усяго атрымаць як мага больш выгоды.

Загадзя пастаралася, каб ніхто, да каго завітае, не здагадваўся, хто ў сапраўднасці перад ім. Асцерагалася невыпадкова, бо перад многімі віну адчувала: «Маску хуценька зрабіла, // Каб казою выглядаць. // Рогі з сучча начапіла: // Хто пад маскай — // Не пазнаць, // Бо Лісу-зладзейку ў вёсцы // Зналі не па пагалосцы». Толькі гэта не дапамагло. Як і тое, што «адшукала кажушок, // Зношаны, казіны, // Узяла кіёк, // Мяшок. // Аж на дзве карзіны». Аднак гэта нічога не дало. Да каго зойдзе, лёгка распазнаюць падман. Усё з першага двара пачалося, калі папрасіла пакарміць:

— Го-го-го, я каза, 
Го-го-го — шэрая!
Хто сказаў, што каза
Не вячэрае?
Гаспадар, зрабі мне ласку,
Дай сала ці каўбаску.
А я гэту каўбасу
За тры горкі панясу.
Да лясной паветкі,
Там чакаюць дзеткі,
Казляняткі родныя,
Як і я,
Гаротныя!

Гаспадар, пачуўшы такую просьбу, лёгка зразумеў падман: «Чуць не чуў, // Што так прыспела, // Каб каза каўбасы ела. // Сена маю, муражок, // Падстаўляй, каза, мяшок...» Нічога не атрымалася і ў наступным доме, дзе прасіла «ў мяшок паўкуркі». 

У трэцім не атрымала «кумпяк з каморы», ды яшчэ што-небудзь у прыдачу. Ад Барбоса ж уцякала, бо «ён злы за кражу: // Звалакла гусь аж з-пад носа».

Ужо адной «Лісы-калядоўшчыцы» дастаткова, каб зразумець, наколькі Мікола Чарняўскі ўпэўнена адчувае сябе ў жанры казкі. Як і раней, яму аднолькава ўдаюцца творы, у аснове якіх сітуацыі ў нечым знаёмыя, але ў новым ракурсе, што дазваляе іх успрымаць менавіта аўтарскімі казкамі. Калі цалкам аўтарскія, то, працягваючы традыцыйны змест, увязваюцца з сучаснасцю. Пачынаючы з казкі «Сава-прытвора», якой кніга адкрываецца. 

Скардзіцца яна, што «забалела галава! // Можа, сонца напякло, // Як удзень я спала?». Толькі невыпадкова ў назву твора вынесена слова «прытвора», з якога дзеці здагадаюцца, што на самай справе сава здаровая, але прывыкла скардзіцца на здароўе. У гэтым упэўніўся і дзяцел-доктар, якога яна выклікала:

Сеўшы побач,
Дзяцел двойчы
Паглядзеў ёй пільна ў вочы,
То сказаў: «У бок зірні»,
То загадваў: «Не міргні»,
То прасіў: 
«Разяў мне дзюбу...»
Потым ён куфэрак з лубу
Расчыніў прыдатны свой:
— Стане лепей з галавой,
Як яе належным чынам 
Ты палечыш
ад-хіт-ры-нам, —
І ўсміхнуўся хітра сам.

Добрую параду саве-прытворы дала і Сарока: «Дзяцел праўду кажа, цётка. // Трэба звычку памяняць. // Толькі ноччу трэба спаць. // Хто заўжды ўдзень спіць ды спіць, // Галава ў таго баліць». 

Мараль у гэтай казцы відавочная, што таксама важна, асабліва ў творах, адрасаваных дзецям. Яна — не ваяўнічая, а вынікае з самога ходу дзеяння. Выхаваўчы эфект ад гэтага яшчэ большы. Падобнае назіраецца і ў казцы «Ласіны камп’ютар». Прытрымліваючыся казачнага сюжэта, Мікола Чарняўскі закранае тэму, якая апошнім часам аднолькава хвалюе і бацькоў, і настаўнікаў, і выхавацеляў. Празмернае захапленне камп’ютарам выклікае трывогу. З гэтай праблемай у творы сутыкнуўся і лось, які з найлепшым намерам купіў для ласянят камп’ютар. Ды не ўсё так проста. 

І іншыя казкі, што ўвайшлі ў кнігу «Ліса-калядоўшчыца», а іх усяго дзесяць (апроч названых — «Браты», «Зайцава капуста», «Пень-грыбнік», «Грак-будаўнік», «Воўк-прадпрымальнік», «Як Шчупачок быў акрабатам», «Трубачы»), — гэта той свет маленства, які праз казкі набывае яшчэ большую прывабнасць.

Асабліва такія, якія напісаны Міколам Чарняўскім.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю