Top.Mail.Ru

Містычны твор Валянціны Быстрымовіч

Аўтар: Лізавета Крупянькова
04.02.2025 | 07:00

Кожны чалавек, магчыма, хоць раз у жыцці сустракаўся з чымсьці паранармальным, з тым, што нельга зразумець і растлумачыць. Усе рэагуюць на такое па-рознаму: хтосьці забывае як дзіўны сон, іншыя спісваюць на стомленасць, а некаторыя ідуць шукаць адказы ў вядзьмарак... Містыка ў аповесці Валянціны Быстрымовіч «Тупат мяккіх лапак» іграе важную ролю, але ці можна назваць твор містычным? Будзем разбірацца.



З гэтым творам пісьменніца перамагла ў ІV Рэспубліканскім літаратурным стартапе «ЛітUP». Кніга выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» ў 2024 годзе. У цэнтры аповеду — жыццёвыя выпрабаванні простай савецкай дзяўчынкі Ніны, лёс якой не багаты на шчаслівыя моманты. Развод бацькоў, адзіноцтва ў пустой хаце, сваркі з маці і айчымам... Шлюб з каханым абяцаў быць шчаслівым, але, як гэта часта бывае, наіўная дзяўчынка ўбачыла сапраўднае аблічча мужа толькі пасля вяселля. Ніна выбірае пакутаваць і спадзявацца на лепшае. Аднак нічога не мяняецца, акрамя ўзросту.

Чытач можа запытацца: што ж тут паранармальнага? Звычайная гісторыя сярэднестатыстычнай жанчыны не толькі савецкіх часоў, але і сучаснасці. Але містыка суправаджае гераіню з першых старонак, накіроўвае яе жыццё і ўладарыць над яе асобай. Аматара фэнтэзі — вампіраў, ваўкалакаў і іншых міфічных істот — твор можа здацца занадта рэалістычным. Сапраўды, тут ідзе размова пра містыку «побытавую» і прыземленую. Сурокі, замовы, праклёны, дзіўныя знакі, размовы з з варажбіткамі ствараюць таямнічую і жудасную атмасферу. Твор не пра містыку, а пра звычайнае жыццё, якое існуе на мяжы рэальнасці і фантастыкі, пра вечнае жаданне чалавека знайсці адказы на ўсе пытанні і зразумець незвычайнае.

Ніна — вельмі супярэчлівая гераіня. На першы погляд, яна дужая і смелая жанчына, якая, негледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, змагла пераехаць у сталіцу, атрымаць вышэйшую адукацыю і нарадзіць дзвюх цудоўных дачок. З іншага боку, яна нешчаслівая ў шлюбе, але застаецца з жорсткім і легкадумным мужам, які не паважае ні яе, ні дзяцей. 

Пісьменніца добра адлюстроўвае духоўны стан гераіні, яе разважанні, сумненні, пачуцці. Магчыма, з-за таго, што многія з’явы паказаны вачыма Ніны, у чытача ўзнікае дысананс паміж учынкамі персанажаў і іх апісаннем. Тое, што нельга апраўдаць, тут падаецца як звычайная памылка, якую можа зрабіць кожны. У творы няма відавочных антаганістаў, але дзеянні кажуць за сябе самі. Аўтар робіць акцэнт на тым, што ў жыцці няма чорнага і белага, усіх можна зразумець, усё можна дараваць. 

Структура аповесці дапамагае чытачу паглыбіцца ў няпростыя сюжэтныя перапляценні. Кальцавая кампазіцыя пачынаецца з сучаснасці, дзе Ніна ўжо дарослая жанчына з багатым жыццёвым досведам, у якім больш гора і пакут, чым радасці і шчасця. Гераіня сустракае варажбітку Ніку, і тая прапаноўвае адказаць жанчыне на ўсе пытанні. Ніна спрабуе ўспомніць, калі пачаліся яе праблемы, і чытач паступова знаёміцца з лёсам жанчыны. Пачынаючы з дзяцінства, праз юнацтва, маладосць і зноў да сучаснасці. Кожную главу аповесці можна разглядаць як асобнае павучальнае апавяданне, дзе пісьменніца ўздымае праблемы маралі, складанага лёсавызначальнага выбару, абмежаваных магчымасцей, непаразумення паміж блізкімі. Аўтар выкарыстоўвае дастаткова распаўсюджаны ў містычных гісторыях сімвал — прарочы сон. Яго таксама можна назваць важнай структурнай адзінкай аповесці: з прарочага сну пачынаецца гісторыя Ніны, і ён жа ставіць кропку (ці коску) у жыццёвых выпрабаваннях гераіні. Чытача чакае адкрыты фінал, але, у адрозненне ад мінулага, будучыня абяцае быць шчаслівай.

Стыль Валянціны Быстрымовіч, як заяўлена ў анатацыі, набліжаны да гутарковага, аднак часам узнікае адчуванне штучнасці. Гэта можна звязаць з абранай формай апавядання. Расповед ідзе ад трэцяй асобы, аднак пачуцці, эмоцыі і разважанні гераіні адлюстраваны занадта падрабязна. 

Кніга «Тупат мяккіх лапак» падыходзіць для чытачоў сярэдняга ўзросту, якія заспелі «перабудову», памятаюць атмасферу тых часоў і настрой грамадства. Сюжэт аповесці нельга назваць класічным, які падыходзіць пад пэўны настрой ці сітуацыю. Цікавая гісторыя жыцця, у якой хтосьці можа знайсці нешта блізкае для сябе. Гэтая кніга пра супярэчлівасць нашага свету і чалавецтва, пра побытавыя цяжкасці, якія ўплываюць на ўсё жыццё, пра вельмі блізкае і ад таго балючае — балючае сваёй шчырасцю…

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю