Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі» ўжо даўно стаў пляцоўкай творчага выяўлення, дзе кожная кніга — прадмет мастацтва. Прапаноўваем пазнаёміцца з пераможцамі конкурсу і знайсці свой арт-аб’ект сярод унікальных гісторый беларускіх аўтараў.
Галоўны пераможца конкурсу, уладальнік Гран-пры «Трыумф» — РУП «Белкартаграфія» з выданнем «Нацыянальны атлас Беларусі». Работа над кнігай вялася з 2022 года, удзел прынялі больш за 400 спецыялістаў з розных сфер. Атлас змяшчае 20 раздзелаў, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй, культурай, эканомікай і мастацтвам нашай краіны. Над выданнем працавала больш за 50 дзяржаўных арганізацый рознага профілю, што сведчыць пра высокі ўзровень якасці і прафесіяналізму.
Перамогу ў спецыяльнай намінацыі «У люстэрку часу» падзялілі выданні «Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь. 30 гадоў у адной камандзе» (Выдавецкі дом «Звязда») і «Навечна ў памяці народаў. Героі Савецкага саюза — ураджэнцы саюзных рэспублік, якія атрымалі высокае званне за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» (выдавецтва «Чатыры чвэрці»).
Над выданнем «Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь. 30 гадоў у адной камандзе» працаваў вялікі творчы калектыў. У кнігу ўвайшлі ўнікальныя фотаздымкі Беларускага тэлеграфнага агенцтва, аналіз падзей (палітычных, сацыяльных, ваенных) у нашай краіне і за мяжой,
а таксама асабістыя ўспаміны ўдзельнікаў і сведкаў. Выданне адлюстроўвае ўсе этапы 30-гадовага развіцця дзяржаўнага органа.
«Навечна ў памяці народаў. Героі Савецкага саюза — ураджэнцы саюзных рэспублік, якія атрымалі высокае званне за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» вяртае чытача на поле бою, дзе разгортваюцца крывавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У выданні — гісторыі подзвігаў і кароткія біяграфічныя звесткі прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей з братэрскіх рэспублік — Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. Быццам кадры з дакументальнага фільма, паўстае трагічная ахвяра народаў у імя будучыні сваёй краіны. Навукова-папулярнае выданне нагадвае пра значны ўклад у перамогу прадстаўнікоў усіх саюзных рэспублік. Кніга з’яўляецца яркім прыкладам гістарычнай праўды пра вайну, дзе ніхто і нішто не забыта…
У намінацыі «Беларусь памятае» абсалютным пераможцам стала выдавецтва «Беларусь» з двума выданнямі — «Партызаны Беларусі» (аўтар ідэі Дзмітрый Жук, аўтар тэксту Алег Усачоў) і «Генацыд беларускага народа» (пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, доктара юрыдычных навук Андрэя Шведа).
Падзеі Вялікай Айчыннай вайны засталіся ў мінулым, аднак і сёння, праз восем дзесяцігоддзяў, мы адчуваем уплыў тых крывавых баёў. «Партызаны Беларусі» — гэта маштабны праект, які пачаўся яшчэ ў 2018 годзе, а сёння ў базе даных знаходзіцца больш за 218 тысяч партызан. Апублікаваныя ў выданні артыкулы знаёмяць чытача з імёнамі тых, хто змагаўся за Радзіму, хто хацеў хутчэй выгнаць ворага з роднай зямлі. Кожны матэрыял заснаваны на ўспамінах родных і блізкіх, на архіўных дакументах, што дапамагае скласці агульны партрэт героя Беларусі. У партызанскіх шэрагах змагалася звыш 374 тысяч чалавек, наперадзе яшчэ шмат працы. Безумоўна, гэта не апошняе выданне, бо амаль кожны новы дзень адкрывае невядомыя старонкі слаўнага мінулага, і, магчыма, калі-небудзь мы будзем ведаць імёны ўсіх абаронцаў нашай краіны.
Выдавецтва «Беларусь» забрала і галоўны прыз у намінацыі «Духоўнасць» з кнігай «Сімвалы суверэннай Беларусі». За працу над гэтым выданнем Віялета Жук была адзначана ў намінацыі «Дызайн».
У выданні «Генацыд беларускага народа» прадстаўлены звесткі, атрыманыя падчас расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа, у тым ліку факты масавага знішчэння падчас карных аперацый нацысцкімі злачынцамі, яшчэ не вядомыя грамадскасці. Апісаны планаванне і рэалізацыя карных аперацый «Прыпяцкія балоты», «Бамберг», «Хрушч», «Арол», «Грыф», «Трохвугольнік», «Карлсбад», «Клетка малпы», «Нюрнберг», «Гамбург», «Зімовы лес», «Хорнунг», «Русалка», «Герман», «Вясновае свята». Выданне будзе цікавае шырокаму колу чытачоў: супрацоўнікам дзяржаўным органаў, музейным навуковым работнікам, настаўнікам, даследчыкам, усім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Пераможцам у намінацыі «Сіла ў праўдзе і адзінстве» стала работа Беларускага тэлеграфнага агенцтва «Суперпазіцыя. Паралельныя сусветы». Гэта зборнік тэматычных эсэ, напісаных пад уражаннем ад выстаўкі «Паралельныя сусветы». У цэнтры абмеркавання — дзяржава і апазіцыя, дзеянні і лозунгі, стварэнне і разбурэнне. Кніга аналізуе развіццё незалежнай беларускай дзяржавы, дзе ідзе ціхая, а часам і гучная барацьба паміж дзяржавай і апазіцыяй. У выданне ўвайшлі плакаты з архіва БелТА і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
Спецыяльным дыпломам і малым залатым фаліянтам узнагароджана кніга «Нацыянальны набытак Беларусі» выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» ў намінацыі «За ўнёсак у захаванне гістарычна-культурнай спадчыны». Выданне знаёміць з духоўным і матэрыяльным багаццем нашай краіны. У кнізе апісана прыгажосць беларускіх архітэктурных помнікаў, сучасных будынкаў, пейзажаў і ландшафтаў, а яркія ілюстрацыі дапаўняюць цікавыя факты пра родную зямлю. Галоўная задача — натхніць чытача на займальнае падарожжа па Беларусі, падштурхнуць да вывучэння нашай гісторыі, культуры, геаграфіі і прыродазнаўства.
У намінацыі «Навука і веды» перамагло выдавецтва «Беларуская навука» з кнігай «Дзяржаўнасць Беларусі: даты, факты, падзеі». У выданні адюстраваны складаны шлях, які прайшоў народ Беларусі, пачынаючы са старажытных часоў і да фарміравання нацыянальнай суверэннай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь. Шмат увагі аддадзена пытанням станаўлення і паляпшэння інстытутаў прэзідэнцтва і народаўладдзя. Яркія ілюстрацыі дапаўняюць сур’ёзныя факты, што палягчае ўспрыманне.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» стала пераможцам у намінацыі «ЛІТ-фармат» (выданне «Любімыя казкі нашых прабабуль»). Лёгкія гумарыстычныя гісторыі знаёмяць маленькіх чытачоў з фальклорнай спадчынай. У кнігу «Любімыя казкі нашых прабабуль» увайшлі знакамітыя беларускія і рускія народныя казкі ў апрацоўцы Алеся Якімовіча і Аляксея Талстога.
Прызавое месца ў намінацыі «Дзецям ХХІ стагоддзя» падзялілі выдавецтвы «Мастацкая літаратура» (кніга «Як мядзведзікі тату згубілі») і «Адукацыя і выхаванне» (кніга «Глобус, ці падарожжа Ціма ў Індыю»). Цікавыя прыгоды галоўных герояў не пакінуць абыякавым ніводнага маленькага чытача. Творы напоўнены цікавымі фактамі пра жыхароў нашых лясоў, а таксама пра традыцыі і звычаі далёкіх краін. Дарэчы, за кнігу «Як мядзведзікі тату згубілі» мастачка Ліяна Жванія адзначана ў намінацыі «Майстэрства».
Абсалютным лідарам у намінацыі «Садружнасць» стала кніга «Ад Масквы да Брэста. Па дарозе славы» выдавецтва «Форум». Дадзенае выданне — праект Саюзнай дзяржавы, даведнік па памятных мясцінах Беларусі і Расіі, звязаных з Айчыннай вайной 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнамі, а таксама іншымі гістарычнымі месцамі дзвюх краін.
Заслужаную ўзнагароду ў намінацыі «Сучасны падручнік» за выданне «Буквар» атрымала выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Здаецца, што новага можна прыдумаць на гэтую тэму, аднак «Буквару» ёсць чым здзівіць вучняў і іх бацькоў!
Нельга не адзначыць пераможцу ў намінацыі «Фотапогляд»: выданне «Беларусь. Зямля пад белымі крыламі» (выдавецтва «Беларусь»). У кнігу ўвайшлі мастацкія фотаздымкі Анатоля Клешчука, які праз лічбавую фатаграфію паспрабаў адлюстраваць той вобраз нашай краіны, які быў апеты класікам беларускай літаратуры — Уладзімірам Караткевічам.
Апошняя па чарзе, але не па значнасці намінацыя «Арт-кніга», пераможцам у якой стала выдавецтва «Беларуская навука» з выданнем Аляксандра Лакоткі «Штрыхі кажуць: альбом графічных работ». Тут прадстаўлены творы аўтара, выкананыя ў розныя гады па матэрыялах экспедыцый па Беларусі і суседніх краінах. Унікальныя помнікі архтэтуры, традыцыйныя сядзібы, вёскі і мястэчкі — невялікая частка адлюстраванага мастаком культурнага багацця свету.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА