Мікола Антаноўскі ў нізцы «Дабро закончыцца не можа» прапаноўвае шэраг вершаў з развагамі на філасофскія тэмы пра вечнае і імгненнае, пра бесперапыннасць у свеце дабра ў розных яго формах, пра волю і шматстайнасць ды зменлівасць яе разумення чалавекам. Цікавым падаўся змешчаны апошнім у падборцы твор «Прузана» з пазнакай «ХІІІ стагоддзе». Тэматыкай і агульным настроем аўтар вяртае нас у пачатак XIX стагоддзя, калі на беларускіх землях панаваў рамантызм, галоўнымі прадстаўнікамі якога былі А. Міцкевіч, Я. Чачот, Я. Баршчэўскі. Верш, падобна тагачаснай баладзе, расказвае пра паходжанне назвы населенага пункта, звязанай са смерцю дзіцяці і трагічнымі наступствамі бацькавага гора. Твор узнаўляе тое, што ў навуцы завецца «кантэкстам», — цяжкасці жыцця чалавека, татальная залежнасць ад пана з яго імгненнымі парывамі і бяздумнымі рашэннямі:
Шкадаваў князь, што ў скрусе і гневе
Загадаў мост дзіравы
над рэчкай спаліць,
На няўдаліцу-няньку сабак напусціць,
А вазніцу павесіць на дрэве —
Так загублены ўмомант былі
тры жыцці.
У нізцы Івана Карэнды заяўляецца: «Музыка льецца і сэрца пяе...». І гэта сапраўды так: тэма кахання ў розных яе варыяцыях гаспадарыць у вершаваных радках. Асабліва не адпускае лірычнага героя самае першае пачуццё і той факт, што запаветнае «кахаю» давялося сказаць зусім іншай жанчыне, хоць гэта было таксама шчыра.
Наталля Святлова ў падборцы «Дотык на досвітку» не менш паглыблена ў тэму кахання, якая, падаецца, праступае нават у звычайна насычанай філасофіяй кароткай усходняй форме. Асацыяцыю з ёю пісьменніца сама падказвае чытачу напрыканцы твора:
Соль тваіх слоў —
мае новыя словы,
як плён каваля
для новай падковы,
як парастак дрэва,
цагліна ад Крэва,
як неба для чайкі,
як думка для хайку.
Чаму каханне так моцна хвалюе паэтаў і чалавека ўвогуле? Відаць, таму, што як пачуццё экзістэнцыяльнае прапаноўвае самы кароткі шлях адчуць сябе жывым. Мы забываемся пра абавязковасць досведу вось такога эмацыянальнага «пражывання» штодзённасці, абцяжараныя праблемамі, аднак ці не таму і існуюць паэты, каб нагадваць пра важнае? Каханне яшчэ і садзейнічае духоўнай перамозе над праявамі адмоўнага, негатыўнага, жахлівага, без якіх на зямлі не абыходзіцца, але якія — пад наплывам магутнага пачуцця — робяцца няважнымі. Яно дае і асалоду, і радасць, і надзею, і веру, і шчасце, выліваючыся ў то ледзь улоўнае, то ўсёахопнае ўнутранае трапятанне.
Станіслаў Валодзька ў нізцы «Вяртанне» адступае ад тэмы кахання, разважаючы пра тое, што набывае вагу з узростам — важнасць блізкіх і родных, асуджанасць чалавека іх паступова «страчваць» на працягу жыцця.
А ў прысвечаным «Т.» вершы думка аб тым, каб зазірнуць на агеньчык да некага, абарочваецца ў свядомасці лірычнага героя асацыяцыяй усяго чалавечага жыцця на зямлі з такім візітам:
За ўсё тое, што маю,
Шлю ў вышыні хвалу я,
Што, нібы — на агеньчык,
Заглянуў на Зямлю я...
Людміла Рублеўская працягвае распачаты ў папярэднім нумары алхімічна-філалагічны раман «Запавет Фаўста», паглыбляючыся ў абставіны жыцця герояў і загадкі. У рамане цытуюцца філосафы, літаратуразнаўцы і нават, каб «падсвяціць» атмасферу часу, пра які апавядаецца, гучаць вершы — гэта выдае абазнанасць пісьменніцы, шырыню яе зацікаўленняў. Развіваецца паралельна некалькі падзейных галін: адна — у радавым маёнтку Роўбаў, дзе пачынае адбывацца нешта незвычайнае, другая — у высылцы, дзе марнавалі жыццё найлепшыя прадстаўнікі нацыі. Аўтар разважае пра два тыпы паводзін асобы пры затрыманні ў тыя страшныя часы: «Напачатку, калі чалавека толькі арыштоўвалі, і ён яшчэ сам не мог паверыць, што такое адбылося, і гэта надоўга, — яму карцела падрабязна распавесці пра сваю чысціню. (...) Спавядаўся, абураўся, паўтараў шматкроць адно і тое ж... Пакуль не біла па галаве ўсведамленне: ніхто не пачуе, не дапаможа і выйсця няма. Наадварот — кожнае вымаўленае імя, кожная расказаная падзея могуць быць вывернутымі, вычваранымі і выкарыстанымі супраць яго і іншых. Тады чалавек замаўкаў. Праз нейкі час — ці навучаны вопытнымі зэкамі, ці сваёй галавой дайшоўшы — прыдумваў бяспечныя павярхоўныя формулы пра сваё жыццё, каб і „ўпісацца“, і не сказаць нічога важнага».
Жанна Міус выступае з апавяданнем «Спакой крынічны», у якім стварае карціну вандроўкі выхаднога дня, арганізаванай інтуітыўна. Паказваючы адпаведную атмасферу, пісьменніца вучыць нас ісці за сваімі спантаннымі жаданнямі, якія пры адпаведных абставінах здольны прывесці да нечага прыгожага і напоўніць святлом.
Саша Тэмлейн прапаноўвае два празаічныя творы: «Вецер і дзяўчына» і «Дазвольце, я налью вам кавы». Іх гераіні, падобна, уяўляюць абагулены вобраз ідэальнай дзяўчыны, якая прысутнічае ў свядомасці аўтара. Псіхолагі кажуць, што ў кожным з нас жывуць структуры «ўнутранага мужчыны» і «ўнутранай жанчыны», якія павінны цягам жыцця прыйсці ў раўнавагу, надаўшы асобе цэласнасць. Аўтар, падаецца, у ахутаных містычным творах набліжаецца да сваёй «унутранай жанчыны»…
Даследчыца Зоя Траццяк у навуковай публікацыі «Мадэрнісцкія наратыўныя стратэгіі ў беларускай літаратуры пра Першую сусветную вайну» робіць агляд асноўных прыёмаў і спосабаў аповеду ў 1920–1930-я гг. Адсылкі да тэкстаў беларускіх празаікаў дазваляюць давесці, што «дасягненні сацыялістычнага рэалізму і мадэрнізму ўтвараюць кампліментарнае адзінства». Нягледзячы на ідэалагічную абумоўленасць, пісьменнікі не былі ізаляваны ад агульнаеўрапейскага літаратурнага працэсу.
«Полымя» толькі завяршыў публікацыю дзённікавай прозы «Божы Дар», а ў гэтым нумары ўжо змешчаны артыкул Аляксандра Бярозкі «Спавядальна-аўтабіяграфічная проза Георгія Марчука: штрыхі да творчага партрэта пісьменніка». У тэксце аналізуецца не толькі апошні надрукаваны твор, але і шэраг іншых падобнай жанрава-стылёвай скіраванасці. Аўтар звяртае ўвагу, што «Г. Марчук дазваляе чытачу заглянуць ва ўласную творчую лабараторыю, дзе ўтрымліваецца адкрытая і шчырая iнфармацыя, якая адлюстроўвае яго індывідуальнае разуменне ўласнага прызначэння ў літаратуры».
Тамара Аўсяннікава ў артыкуле «Метрыка-рытмічныя асаблівасці паэзіі Яўгеніі Янішчыц» спрабуе ў нечым па-новаму зірнуць на некаторыя творы паэтэсы, «ускрываючы» сапраўдную прыгажосць шчырых, эмацыянальных радкоў, што першапачаткова не заўсёды заўважалася крытыкамі і нават расцэньвалася як недахоп верша.
Даследчык Эмануіл Іофе ў юбілейнай публікацыі «Ён быў і застаецца аўтарам тэксту дзяржаўнага гімна Беларусі. Да 125-годдзя з дня нараджэння Міхася Клімковіча» расказвае беларусам пра чалавека, імя якога згадваецца нячаста. Гэта ідзе ў разрэз з тым, што было зроблена згаданай асобай і што дагэтуль застаецца ўнёскам у культуру. М. Клімковіч з’яўляецца пісьменнікам з немалой творчай спадчынай, але пры гэтым яго імя нідзе не ўвекавечана, у сувязі з чым аўтар самім сваім тэкстам звяртаецца да тых, на каго ўскладзена пачэсная місія дбаць пра ўшанаванне.
Таццяна Шамякіна распачынае ў нумары свае ўспаміны «Савецкая моладзь у парадаксальныя 1960-я», дзе расказвае пра атмасферу выхавання ў сям’і пісьменніка Івана Шамякіна і савецкія часы ўвогуле. У фокусе — параўнанне цяперашняга і былога, хоць апошняе падаецца не статычна, а ў дынаміцы — аналізуюцца змены, якія адбываліся з прыходам да ўлады, напрыклад, Мікіты Хрушчова. На фоне палітычных падзей праступаюць абрысы быту: ад сістэмы навучання да звыклай ежы, прычым Т. Шамякіна выказвае асабістае стаўленне да апісанага: напрыклад, агітуе за школьную форму, якая настройвае на адукацыйны лад. Аўтар развенчвае перыяд «адлігі», крытыкуе тагачасную палітыку і называе прычыны, па якіх Савецкі Саюз знік з карты: «Улады Савецкага Саюза не змаглі выпрацаваць мадэль будучыні і стратэгію руху да яе, не ведалі, як выхоўваць народ, ведучы яго да камунізму, які галаслоўна абвяшчалі. Ды і камунізм, ва ўяўленні мяшчан, у тым ліку партнаменклатурных, выглядаў відавочным спажывецкім грамадствам. Для сапраўдных інтэлектуалаў — не ідэал...»
Разважае доктар філалагічных навук і на тэмы, якія надзвычай хвалююць і мяне: квінтэсэнцыя думак Т. Шамякінай — у папярэджанні «не захапляцца візуальнымі кашмарамі ў гаджэтах, кінафільмамі-хорарамі. Вось яны дзейнічаюць на псіхіку, вядома, разбуральна. Сузіраць трэба ўсё гарманічнае, убіраць у сябе прыгажосць». Салідарызуючыся з дальнабачнымі думкамі, мушу згадаць, што ў часопісе «Маладосць» бягучага года змешчаны некалькі маіх артыкулаў на тэму прычын і наступстваў празмернай зацікаўленасці сучаснага мастацтва негатыўным бокам жыцця.
Галіна Часлаўская ў публікацыі «Абліччы Цішкі Гартнага» дзеліцца невядомымі старонкамі жыцця Зміцера Жылуновіча. Ён з’яўляецца аўтарам рамана «Сокі цаліны» — аднаго з першых буйных твораў у гісторыі нашай літаратуры. Прыведзеныя «пажаўцелыя аркушыкі — сведкі агульнанароднай трагедыі», з якіх Ц. Гартны паўстае як адданы справе чалавек шырокай душы і трагічнага лёсу.
Краязнаўчая рубрыка прадстаўлена публікацыяй «На небе народнага жыцця...», у якой змешчана гутарка Алеся Карлюкевіча з Алесем Хітруном, асобай вядомай на Гродзеншчыне не толькі зробленай працай па папулярызацыі ведаў пра знакамітых асоб рэгіёна, у прыватнасці Валянціна Таўлая, але і сваёй захопленасцю, імпэтам, з якімі падыходзіць да справы жыцця — ушанавання дзеячаў культуры Беларусі.
Публікацыя Пятро Жаўняровіча «Словы ад святла душы» прысвечана выхаду кнігі «Прыгаршчы светлых згадак» аўтарства асобы неардынарнай і шматграннай — Вячаслава Рагойшы, доктара філалагічных навук, прафесара, паэта, эсэіста і перакладчыка. Кнігу «Прыгаршчы...» можна падзяліць на часткі: першая — аб найбліжэйшым коле, другая — аб вядомых людзях, з якімі дзяліліся навуковыя клопаты. Рэцэнзент пераконвае, што «кожнае імя ў спісе вартае апісання ў асобным вялікім артыкуле, але аўтарскі погляд выхоплівае са стасункаў самыя важныя моманты, якія дапамагаюць чытачу адшукаць новыя грані ў жыццяпісе таленавітых творцаў».
Надзея Парчук у рэцэнзіі «„Вялікае Палескае Міжрэчча“ ў асэнсаванні берасцескага пісьменніка» расказвае пра кнігу чалавека, выданні якога ёй ужо даводзілася рэцэнзаваць — Аляксандра Валковіча. Гэтым разам чытачу прапаноўваецца зазірнуць у зборнік эсэ, замалёвак, нататак «День шепота трав», які абяцае паглыбленне і ў рыбалоўства, і ў філасофію, і ў народжаныя самім жыццём апавяданні. Многае з выкладзенага запісана са слоў бацькоў, знаёмых, але ёсць у кнізе і непасрэдна аўтарскі досвед.
Міхась Сліва ў рэцэнзіі «Люстэрка творчых дасягненняў» знаёміць чытачоў з выдадзеным у Мазыры альманахам «Літаратурная Гомельшчына», прысвечаным Году міру і стваральнай працы, Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне. Ёсць у выданні месца і матэрыялам з літаратурнага жыцця рэгіёна, і вершам, і прозе, і звесткам пра аўтараў, якія ўжо пайшлі з жыцця.
Чытачы альманаха змогуць пазнаёміцца з творамі пераможцаў шматлікіх літаратурных конкурсаў, а ў якасці сапраўднай «разынкі» будуць клапатліва размешчаныя выдаўцамі малюнкі вучняў розных навучальных устаноў вобласці, створаныя па матывах твораў паэтаў і празаікаў.
Наталля БАХАНОВІЧ