Ганаровая грамадзянка горада Полацка, яна праслаўляе свой горад у вершах і песнях. Паэтэса з вялікай літары, аўтар трох дзясяткаў паэтычных зборнікаў, многія з якіх адзначаны прэміямі імя Уладзіміра Караткевіча, Петруся Броўкі і іншымі ўзнагародамі.
Кніга «Я плюс Я» з першых радкоў хвалюе шчырасцю пачуццяў, несумненным талентам і валоданнем мовамі. Так, менавіта мовамі — рускай і беларускай, бо ў гэтай кнізе аўтар паказала сябе ў розных моўных стыхіях. Надзея Салодкая не называе гэта перакладамі, а лічыць перастварэннем па-беларуску раней напісанага на рускай мове. Напрыклад, у вершы «Ну што мне палітыка...»
Я — женщина, слабая сущность
Вселенной.
Я женщина, слабостью этой сильна.
Пою о любви в чистоте вожделенной,
Желанием радости вечно хмельна.
І тое ж самае па-беларуску:
Жанчына я — слабая сутнасць Сусвету,
І гэтая слабасць мне права дае
Спяваць пра каханне прыветнаму
ветру,
А хмелю мне неба дажджом наліе...
Цудоўна! Заўсёды бяру кнігі Надзеі Салодкай у рукі з трапяткім прадчуваннем таго, што вершы ўскалыхнуць душу, усхвалююць аж да дрыжыкаў.
І пры гэтым адбудзецца паглыбленне ў свет прыгожага, у свет сапраўднай шчырай паэзіі. З гэтай кнігай адбылося тое самае. Гартаю наўздагад. Кожны верш прыцягвае ўвагу, чапляе, інакш і быць проста не можа.
Што пакіну для вас? —
Смутак сноў і літанняў,
Калі ветах да рання брыдзе.
Тэрмін ёсць для віны і для тайны,
Ад яго не схавацца нідзе.
Можа, толькі ў раскрыленасць верша,
Што ў піке апантана ляціць,
Не апошні пры гэтым, не першы,
Хто ірве між тайніцамі ніць...
Надзея Салодкая піша пра веру, каханне, прыроду, пра родны горад і сваё патаемнае, перажытае і надзённае. Яе паэзія прымушае да роздуму і разам з тым дазваляе атрымаць асалоду. Якое багацце пачуццяў, дабрыні і таленту!
Валянціна СОПІКАВА