Гэта не проста прыгожая дата, а сімвал мудрасці. На мове лічбаў азначае энергію духоўнай сталасці ў спалучэнні з пераходам на новы ўзровень разумення свету і боскай спрыяльнасцю. Усё гэта ёсць у маленькай, але вельмі моцнай жанчыне, якая больш за 50 гадоў аддала аднаму творчаму калектыву. «Харошкі» прагрымелі на ўвесь свет, сталі культурным брэндам Беларусі. Гэты ансамбль з’яўляецца ўвасабленнем адданасці мастацтву чалавека, які не шукаў нічога, апроч прыгожых вобразаў, створаных у танцы, але атрымаў славу і пашану.
Жыць мастацтвам
Валянціна Гаявая нарадзілася ў Валгаградскай вобласці Расіі. З дзяцінства марыла быць бліжэй да мастацтва, цікавілася яго гісторыяй. А ў выніку стала прафесійным харэографам, скончыўшы аддзяленне харэаграфіі Вышэйшай прафсаюзнай школы ВЦСПС у Ленінградзе. Яшчэ падчас вучобы захапілася беларускай культурай (адсюль паходзілі яе продкі).
А пасля заканчэння разам з мужам Мікалаем Дудчанкам пераехала на радзіму свайго дзеда, дзе ўзначаліла дзіцячую харэаграфічную студыю Дома культуры Магілёўскага аўтазавода. Работа з дзіцячым калектывам адкрыла шлях да поспеху — іх нумар «Весялуха» выйграў першую прэмію конкурсу на лепшы беларускі танец і прынёс запрашэнне на працу ў Мінск. Адсюль пачынаецца адлік іншага калектыву, створанага з нуля ў 1974-м годзе пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Шмат хто не верыў у поспех безнадзейнай справы: як з беларускіх танцаў зрабіць паўнавартасную праграму, якая б збірала залы?..
Валянціна Гаявая захапілася беларускім танцам з вялікім азартам, які ўласцівы творчым асобам. На яе думку, рэспубліцы быў неабходны менавіта такі калектыў, які б паказваў танец з душой, адлюстраванай у беларускім фальклоры, але не ў выключна «музейным» варыянце, а ў развіцці. Чым больш складаная задача, тым больш было ахвоты яе дасягнуць і паставіць беларускую харэаграфію ў адзін шэраг з расійскімі і ўкраінскімі ансамблямі, вядомымі на ўвесь тагачасны Савецкі Саюз.
Ужо ў 1977 годзе Гаявая разам з харэаграфічным ансамблем «Харошкі» стала лаўрэатам першай прэміі на Усесаюзным аглядзе-конкурсе прафесійных калектываў. Вось так амаль адразу ўдалося пакарыць Маскву. Гэтая перамога стала сенсацыяй і дазволіла гаварыць пра беларускую сцэнічную харэаграфію, заснаваную на народных традыцыях, як пра паўнавартасную з’яву. Іншая справа, што Валянціна Гаявая падышла да народных танцаў вельмі творча — прыкладна як Уладзімір Мулявін да народных песень, — стварыўшы на іх глебе арыгінальныя апрацоўкі ды інтэрпрэтацыі ці наогул новыя аўтарскія творы, у якіх раскрываліся беларускі каларыт і характар.
Гэта была аўтарская харэаграфія, створаная паводле адчування Беларусі, але яна чапляла і кранала не менш, чым аўтэнтычнае мастацтва. І знайшліся тыя, каму гэта вельмі спадабалася.
Спачатку матэрыял для «Харошак» збіралі па драбніцах у вёсках: падглядалі на святах і вяселлях, паглыбляліся ў гісторыю і абрады, што дазволіла Валянціне Іванаўне адчуць жывую душу беларускага народнага танца. Фольклорная спадчына і яе асэнсаванне сталі справай яе жыцця, дзякуючы чаму ансамбль «Харошкі» набыў вядомасць, а харэограф Гаявая фактычна зрабіла рэвалюцыю ў нацыянальным сцэнічным мастацтве, ператварыўшы побытавыя танцы ў балет на фальклорнай глебе. Злучыўшы старажытныя абрады, жывы фальклор і высокую прафесійную харэаграфію, яна стварыла свой унікальны стыль. Гэта захапляла і ўражвала нават прафесіяналаў, такіх, як славуты савецкі балетмайстар Ігар Маісееў, які ў свой час стварыў першы ў свеце прафесійны ансамбль народнага танца. Валянціна Гявая цяпер у тым жа шэрагу майстроў-харэоргафаў. Народнай артысткай Беларусі яна стала яшчэ ў савецкі час. А цяпер «Харошкі» — гэта Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль. Значыць, узорны.
Развіццё традыцый
Нездарма калектыў пад кіраўніцтвам Гаявой паспяхова гастраляваў па ўсім свеце і атрымаў прызнанне на міжнародных пляцоўках, прадстаўляючы Беларусь. Вось толькі адзін факт: падчас гастроляў «Харошак» у Вялікабрытаніі ў 1979 годзе на адным з лонданскіх выступленняў прысутнічала тагачасны прэм’ер-міністр краіны Маргарэт Тэтчэр. Яна рэдка выяўляла сімпатыю да творчых калектываў з СССР, але беларускія танцы настолькі захапілі, што «Жалезная лэдзі» асабіста дзякавала артыстам і апладзіравала ім стоячы.
За візуальнай лёгкасцю і запалам танцаў насамрэч праглядала вялікая праца, з якой Валянціна Іванаўна ў нейкі момант стала спраўляцца сама як мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар. «Харошкі» сталі яе лёсам, сэнсам жыцця. І нават сям’ёй.
Праца паглынала час, але і дзячыла, калі ўдавалася здзівіць нават сваіх родных гледачоў — ці не найбольш прыдзірлівых і патрабавальных. Прычым, гаворка не толькі пра яркія танцы ці асобныя праграмы. За час свайго існавання ансамбль стварыў больш за 20 вельмі маштабных тэатралізаваных праграм, якія можна назваць харэаграфічнымі спектаклямі. Кожны патрабаваў сур’ёзнай навуковай работы ў архівах для дакладнага аднаўлення народных матываў і нават візуальных вобразаў.
Да стварэння касцюмаў падыходзілі вельмі адказна, асабліва ў работах, звязаных з гісторыяй краіны. Адкрыццём для многіх стала праграма «Па старонках Полацкага сшытка» (галоўнай сенсацыі музычнага мастацтва Беларусі ў ХХ стагоддзі). Яна складзена на аснове спадчыны эпохі Рэнесансу, дапамагла ўявіць той час, калі танец быў не толькі забавай, а мастацтвам для дэманстрацыі добрых манер, калі рухі падладжваліся пад цяжкія строі высакародных асоб. На сцэне ажываюць персанажы са старажытных палотнаў і гравюр —
ад магутных магнатаў Вялікага Княства Літоўскага да простых гараджан, рамеснікаў і вандроўных акцёраў. Раскошныя гістарычныя касцюмы, вытанчаныя рухі перадавалі дух мінуўшчыны — такая Беларусь заварожвала, нездарма праграма была адзначана Дзяржаўнай прэміяй нашай краіны.
Зусім іншая «Тураўская легенда» — харэаграфічнае паданне пра старажытны горад. Паводле гарадскога фальклору і папулярных мелодый мінулага стагоддзя быў створаны харэаграфічны спектакль пра народныя абрады і каляндарныя святы беларусаў «Бывай, ХХ стагоддзе!» І «Памяць сэрца» — лірыка-драматычны харэаграфічны спектакль пра ваенны час. А як не згадаць больш традыцыйныя — «Масленку», «Беларускі фальклор», «Зімачку», «Вясну», «Жураўліны крык», «Жніво»...
Доўгае творчае жыццё Валянціны Гаявой — ад яе энергіі і неабыякавасці. Напрацаваўшы пэўны імідж, яна магла б спачываць на лаўрах, але працягвала ствараць, паставіўшы сваё служэнне беларускай культуры вышэй за асабістае. Разам з «Харошкамі» выраслі яе дзеці.
Адзін з сыноў працуе ў калектыве мастаком. А нявестка Ірына Грушова, якая не так даўно прыняла мастацкае кіраўніцтва ансамблем, працягвае справу Гаявой, захоўваючы почырк майстра, які ўсё ж побач — як духоўны настаўнік і натхняльнік калектыву.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота з архіва БелТА і ансамбля «Харошкі»