Вечар — той час, калі ўраўнаважваецца ўсё, што адбылося за дзень і можна ўлагодзіцца здабытым, створаным, вярнуцца думкамі да таго, што ўразіла, закранула, заглыбіцца ў сваю чалавечую самасць. Відаць, такую вечаровую мудрасць як духоўную патрэбу і мела на ўвазе аўтар, выбіраючы назву новага паэтычнага зборніка і надаючы агульны пафас яго зместу.
Гэты зборнік не першы ў літаратурнай біяграфіі баранавічанкі, але, на наш погляд, творчае «я» паэтэсы асабліва выявілася ў кнізе пра мудрасць набліжэння да жыццёвага вечара. Тут сышліся ў адно многія ранейшыя матывы творчасці Яцук, тут найбольш выразна бачыцца «нахіл» яе паэтычнага пяра і можна гаварыць пра асаблівасці творчага самавыяўлення.
У паэтэсы з Баранавіч няма выданняў, дзе б ні было пасылу роднай зямлі, яе хлебадайным прасторам, яе людзям, як і ў «Мудрасці вечара»: «Пялёсткі васількоў, карункі жыта. // Мая зямля! Якая прыгажосць!; Дзе гасцюе душа? // Там, дзе клён напявае пра лета, // Дзе шчымлівай пяшчотай // Двары спавіло і людзей... („Дзе гасцюе душа?“)».
Вёска Радагошча на Навагрудчыне, «гасціннасці скарбонка і цяпла» (у яе назве, паводле легенды, адгукнулася выслоўе «Рады госцю!»), — малая радзіма Таццяны Яцук. Адсюль пайшла ў свет, вывучылася на філфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, сёння настаўнічае ў Баранавічах, кіруе літаратурным аб’яднаннем «Купальскія зоры» пры цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. П. Таўлая. І калі меркаваць толькі па тапонімах з новай кніжкі (Гродна, Навагрудак, Фляр’янава, Жыровічы, Радагошча, Чамброва, Прылукі, Слуцк, Баранавічы, Лясная), то сістэма каардынат, у якой вечаруе і мудрэе паэтычная свядомасць Таццяны Яцук, невялікая і нескладаная. Але, аказваецца, навошта іншыя абсягі, калі і гэтай лакацыі на памежжы Гродзеншчыны і Брэстчыны дастаткова, каб даследаваць прастору творчасці, эксперыментаваць, пашыраць дыяпазон вобразаў і сродкаў іх адлюстравання граматычным, лексічным, стылістычным ладам роднай мовы.
У тэкстах «Мудрасці вечара» заўважаецца, што ў пошуках сваіх узораў на вялізным паэтычным палатне Радзімы баранавіцкая ткалля вершаў аблюбавала арыгінальныя метафары: лясныя масівы ў яе дазораць баравікі; памяць галосіць; хаты ў Хатыні цікуюць чарнюткімі комінамі; вясна размалявала пералескі; дзень разблытаў нераты імжы... Прыведзеныя прыклады метафарызацыі — паказчыкі таго, як пільна ўглядаецца паэтэса ў жыццё наваколля, як найчасцей абвострана, што і дадзена творчай асобе, успрымае тое, што бачыць, і чуе, як, дзякуючы пераносу значэння, надае звыклым словам нечаканую вобразнасць. Творца паэтычных радкоў невыпадкова прызнаецца: «Поле, луг і блакітны чабор малады // Я не так ўспрымаю, іначай („На мудрай мяжы“)». Гэтая асаблівасць светаўспрымання, нечаканасць пераўтварэння звычайнага ў незвычайна прыгожае выяўляецца ў новай кнізе Яцук таксама і ў параўнаннях: як думкі, лугам сцелецца туман; лісічкі пад лісцем, бы россып манет; стаяць абеліскі, як свечкі... Сустракаюцца і перыфразы — разгорнутыя характарыстыкі прадметаў і з’яў, што ўдала замяняюць асобныя кароткія іх назвы, калі гэтага вымагае страфа ці вобраз: госць ночы (месяц), аптэка, дзе водар траў, гаючых і святых (поле і луг), птушка шэрай адзіноты (крыўда). Ідучы за пачуццём, стваральніцы паэтычных тэкстаў часам хочацца выбранае з лексічнага багацця слова прыўкрасіць нюансам, адценнем, абертонам праз новую марфему.
У паэтычным травастоі Яцук можна адшукаць такія словы: промнік (праменьчык), бялеча (белы колер снягоў), вершапад (напісанне новых і новых вершаў), хлебасоліць (гасцінна сустракаць, частаваць), развясніцца (пра месяц май, што завяршае вясну)...
Пры апісанні з’яў і падзей, заглыбляючыся ў сваю пачуццёвую сферу, Таццяна Яцук найчасцей выбірае з граматычнага арсенала роднай мовы дзеяслоў і яго формы: «Дзе гасцюе душа? // Там, дзе жоравы танчаць уранні, // Дэманструючы свой // Віртуознейшы спрыт, // Дзе заранкі злятаюць // З нябёс на світанні, // Дзе з вачэй закаханых // У сэрцы ліецца блакіт. // Там гасцюе душа, // Там яе неад’емны прытулак, // Дзе святочна праменіць цяпло, // Зачароўвае свет. // І людзей галасы закранаюць таемныя струны // А лісічкі пад лісцем // Шчыруюць, бы россып манет („Дзе гасцюе душа?“)». Дзеяслоў — марфалагічная дамінанта і ў граматычных асновах, якімі выражаецца крэда (лац. credo — верую) — цвёрдая, вынашаная жыццёвая пазіцыя: «Вучуся разумець свае няўдачы, // Рабіць высновы і імкнуся жыць (Падмурак); У мудрасці прашу заспакаення, // Па-філасофску па жыцці іду. // І вырастае крылле, на здзіўленне, // І нішчыць вера чорную нуду (Урокі).
Тэксты Таццяны Яцук — узоры рыфмавання: госць — прыгажосць, лугах — мурагах, рэчкі — мястэчкі, Айчыны — успаміны, жніўні — ліўні, дарог — перасцярог, прытулак — вулак, узлёты — ноты, плынь — святынь. З усіх відаў рыфмы пераважае дакладная, калі пасля апошняга націскнога складу поўнасцю супадаюць завяршальныя гукі і літары.
Паэтычны зборнік «Мудрасць вечара» запамінаецца лагічнай будовай: уводная частка ўспрымаецца як жаданае гасцяванне аўтара на роднай зямлі, асэнсаванне ўсяго, што на ёй дзеецца; «вязанка» вершаў з агульнай назвай «Пытанні... Адказы» накіроўвае на роздум, пераадоленне выпрабаванняў, пошук сябе ў сваім народзе. Тут голас паэтэсы бярэ і ноту грамадзянскасці, эпічнасці, поклічу: «Гучыць эпоха, ходу не стрымаць. // Ацэняць нас нашчадкі за памкненні. // І трубяць трубы, і склікаюць раць. // І поступ свой дыктуюць пакаленні („Голас эпохі“)».
У гэтай частцы кнігі шмат рытарычных пытанняў, што, як вядома, сігналізуе пра наяўнасць філасофскіх матываў. Далей ідзе «Маўчанне каліны» — цалкам інтымная лірыка. На нашу думку, яна — значны паэтычны набытак паэтэсы, якім можна ганарыцца. «Гавары», «У забытых туманах», «Крок у крок», «Лёсу палавінкі», «У споведзі вачэй», «Пялёсткі мяцеліцы» — гэтыя вершы, па сутнасці, аснова для напісання рамансаў, настолькі паэтычна настроеная жанчына раскрываецца тут у нязгасным жаданні кахаць і многім дзеля гэтага ахвяраваць. Шчырасць прызнання, невялікі аб’ём тэксту, зручны для вакалу гукапіс — усё тут адпавядае жанру раманса, які звычайна выконваецца пад акампанемент аднаго інструмента, каб асабліва чутным, выразным стала слова, пачуццё: «...Ты адвядзеш маланкі і грамы, // І загасцюе лад у маім свеце. // І там, дзе ў шчасці заблукалі мы, // Зноў сонца тваёй шчырасці засвеціць. // І, калі дзень расквеціць сіняву // Ці навальніцаю заплача ранак, // Ты ведай, што табою я жыву // І на цябе малюся, мой каханы (Калі)». Уважлівы чытач і тут заўважыць шматслоўе дзеясловаў.
У прыродаапісальнай частцы зборніка «У святле месяцовым» Яцук часам дабіваецца такой тэкставай чысціні, культуры абыходжання са словам і сказам, праўды мастацкай перадачы рэалій, што невялікія замалёўкі заслугоўваюць уключэння ў школьныя дапаможнікі па беларускай мове і літаратуры.
Таццяна Мікалаеўна — з тых натур, якім важна кантактаваць з чытацкай аўдыторыяй, наталяцца яе настроем, энергетыкай, услухоўвацца ў пытанні і ацэнкі — не для моднага збірання «лайкаў» і красавання на фотаздымках, а каб зведаць: хто і які ён, сённяшні прыхільнік мастацкага слова, той, для каго існуеш у паэтычным свеце, на што ён арыентуецца духоўна.
Пра што б ні гаварыла назва новага паэтычнага выдання Таццяны Яцук, да вечара яе творчасці яшчэ далёка. Няхай гэтай рэдкай душы па-ранейшаму жывецца ўлюбёнасцю ў родную зямлю і беларускае слова, няхай, як і сёння, ёй хочацца «будні смакаваць і ладзіць святы...». Святы прыходу да чытача новых кніг лірыкі.
Станіслаў РАЧЭЎСКІ