Фармат адмысловага рэжысёрскага праекта «Купала. Лабараторыя» тэатр арганізаваў сёлета ўпершыню, хоць гэта даволі распаўсюджаная практыка. Галоўная мэта праекта — паглядзець на знаёмую беларускую класіку «свежым вокам» запрошаных рэжысёраў, задзейнічаць маладое пакаленне артыстаў і даць магчымасць самім гледачам вырашыць, які спектакль папоўніць рэпертуар.
Усяго за адзін тыдзень напружаных рэпетыцый з рэжысёрамі былі створаны паўнавартасныя сцэнічныя эскізы, два з іх прадставілі гледачам.
Эскіз спектакля паводле знакамітай сатырычнай камедыі Мікалая Матукоўскага «Мудрамер» узрушыў залу вострымі і актуальнымі сэнсамі. Расійскі рэжысёр Андрэй Шляпін, чые пастаноўкі неаднаразова адзначаліся экспертамі прэстыжных прэмій, прадставіў па сутнасці гатовы твор з уласнай трактоўкай. П’еса была напісана ў 1986 годзе, першы спектакль паводле яе паставіў менавіта Купалаўскі тэатр у 1987-м. Час змяніўся, з’явіліся новыя тэханологіі, пасля чаго сюжэт Матукоўскага ўжо не падаецца такім актуальным. Але падчас лабараторыі гісторыя пра вынаходніцтва прыбора, які здольны вымяраць чалавечы розум і дурасць, загучала больш сучасна за кошт таго, што яе ўдалося ўзняць па-над часам і такім чынам выйсці за межы сатырычнай камедыі.
— На мой погляд, Матукоўскі вельмі добры драматург, але час напісання п’есы моцна адчуваецца ў частцы вялікай групы прапанаваных абставін, —
патлумачыў Андрэй Шляпін, якога твор зачапіў менавіта магчымасцю пашырыць кантэкст яго ўспрымання. —Там ёсць шмат алюзій: да Гогаля, Дастаеўскага і яго «Легенды аб Вялікім інквізітары». Зразумела, што да бытавога маралізму гэта не мае ніякага дачынення: маўляў, такой сітуацыі ў рэальным свеце адбыцца не магло. Аднак калі прыходзіць нейкая асоба з дзіўным артэфактам, як смелы вынаходнік у Матукоўскага, які хоча па-свойму ўдасканаліць чалавецтва і кажа: «З гэтага моманту ваша жыццё зменіцца!..», то мы памятаем, што быў Ісус Хрыстос, на працягу цывілізацыйнага шляху нам прыносілі важныя скрыжалі — і нічога не мянялася. Мяне гэта зацікавіла. Глыбокія пласты ёсць у гэтай п’есе, іх хацелася б разабрацьз акцёрамі, пагаварыць пра гэта на інтэлектуальным узроўні. Але калі казаць аб артэфакце, аналагічным ужо існуючым тэстам на IQ, то гэта, мякка кажучы, не цікава, таму мы пашырылі паняцце, гэты прыбор працуе як вымяральнік наогул чалавечага ў чалавеку. Я сам разважаў пра гэта і зразумеў, што не вельмі хацеў бы даведацца пра той вынік... Калі па-шчырасці, то кожны з нас, як правіла, схільны думаць, што ён шмат робіць і не самы дрэнны чалавек.
Гэтая пастаноўка выклікала спрэчкі і адначасова цікавасць гледача, атрымаўшы найвышэйшую падтрымку залы: за яе аддалі 94 % галасоў.
Пранікнёная пастаноўка Марыі Раманавай паводле «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы таксама знайшла водгук у сэрцах публікі, набраўшы 90 % галасоў.
Яна атрымалася больш складаная і трагічная. І ў той жа час сімвалічна-агульначалавечая. У дадзеным варыянце Купала паўстаў як прарок, чые думкі выходзяць за межы выключна нацыянальнай прасторы. Спрадвечны пошук праўды, страта дома і трагедыя сям’і Зяблікаў былі паказаны без прывязкі да побыту, на першы план выйшаў унутраны надлом герояў, актуальны для чалавека любой эпохі.
— Я вельмі ўдзячна за такую магчымасць, бо Купала для мяне — вялікае адкрыццё. У гэтай п’есе закладзена глыбокая і пранізлівая паэзія, якая ўзрушае: яна злучае жыцці і смерці чалавечыя ў нейкім прызначэнні, — падкрэсліла Марыя Раманава. — Насамрэч тэма раскіданага гнязда мне блізкая: бабуля па мамінай лініі родам з Рагачова, дзяўчынкай яе вывезлі адтуль разам з сям’ёй, але ў мяне ёсць фатаграфія 1900 года, на ёй людзі з цудоўнымі тварамі, быццам бы сапраўды іх злучае нейкае гняздо. ХX стагоддзе, мне здаецца, пакінула памяць пра многія раскіданыя гнёзды ў тым ці іншым выглядзе. Але родавая памяць жыве ў кожным. Я не проста так уключыла ў свой эпізод цытаты з Нагорнай пропаведзі, а таму, што прачытала добрае азначэнне гэтай драмы Купалы: «апакаліпсіс праз адну беларускую сям’ю». Насамрэч розныя бываюць цяжкасці і безвыходныя сітуацыі ў жыцці, бывае, што цэлы род гіне. І заўсёды паўстае пытанне: «У чым выйсце?» І як захаваць дух у гэтых варунках? Прыняць гэта альбо змагацца за сваё месца? Ці пайсці вандраваць па свеце? Для мяне няма нейкай адной праўды.
Наогул, тэатр не павінен даваць адказы. Ён задае пытанні: «Як быць у цяжкія часы? Як перажыць трагедыю ў сваім жыцці?» Мне здаецца, што адказы ёсць у адной цудоўнай вялікай кнізе. А я спрабавала ўзляцець над гэтай разрухай, інакш у ёй можна загразнуць.
Што да эскіза Марыі, то Купалаў сімвал неба зайграў і атрымаў фінал у духу... Караткевіча: кожны носіць сваё неба (душу, гняздо, дом) з сабою. Куды б ні ішоў са сваёй торбай падарожніка, дзе б ні быў...
«Я спадзяюся, што гэтыя творы і далей будуць дыхаць, і дыхаць па-рознаму», — падкрэсліў куратар праекта, вядомы расійскі тэатразнаўца Аляксандр Віслаў. Кожны з прадстаўленых эскізаў, у прынцыпе, можа стаць паўнавартасным спектаклем.