Top.Mail.Ru

Невядомы паэт Заходняй Беларусі Пётр Сяўрук

18.09.2026 | 15:15
«Я жыву ў душы ў раю...»

Калі працаваў у фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, мне пашанцавала выявіць рэдкія матэрыялы асабістай справы Пятра Сеўрука — вершы, апавяданні, аповесці, артыкулы, дзённік, шматлікія нататкі і запісы на рускай і беларускай мовах. Як паказалі факты, гэта — самабытная, унікальная асоба ў гісторыі літаратуры і грамадска-культурнага руху былой Заходняй Беларусі. Паэт, празаік, публіцыст, мысляр, асветнік-арганізатар, дзейнасць якога зусім не даследавана ў нашай гуманітарыстыцы.

Нарадзіўся Пётр Сяўрук 12 ліпеня 1905 г. у беднай шматдзетнай сялянскай сям’і ў Скідзелі. У школу пайшоў у бежанстве ў Ліпецку Тамбоўскай губерні. Тут ён навучыўся чытаць, зразумела, па-руску, палюбіў кнігі, глыбока пранікся самаадукацыяй, ідэямі гуманізму і справядлівасці. Тут пачаў пісаць спачатку невялікія карэспандэнцыі, артыкулы, затым апавяданні, аповесці, вершы, дасылаў іх у расійскую перыёдыку. Вярнуўшыся на радзіму, актыўна ўключыўся ў заходнебеларускі грамадска-культурны рух. Выбіраўся кіраўніком Скідзельскага гуртка Таварыства беларускай школы, Гродзенскай акруговай управы ТБШ. Неаднаразова арыштоўваўся польскай паліцыяй і падвяргаўся катаванням у Скідзельскім пастарунку.

У адрозненне ад пераважнай большасці іншых заходнебеларускіх паэтаў — і прадстаўнікоў радыкальна-рэвалюцыйнага кірунку, і прыхільнікаў нацыянальна-адраджэнскай арыентацыі ці паэзіі «чыстай красы» — Пётр Сяўрук прапаведаваў адмысловую, асабліва ва ўмовах заняволенай Заходняй Беларусі, ідэю ўнутранай свабоды чалавечай свядомасці, свабоды ў адчуваннях, мысленні і мэтаімкненнях. Паэт зыходзіў з таго, што не можа быць агульных і прымальных для ўсіх свабоды і шчасця. Гэтыя паняцці ў кожнага чалавека маюць індывідуальнае зместавае напаўненне, якое залежыць ад яго разумення свайго духоўна-сацыяльнага ідэала, ад таго, што і як ён хоча зрабіць, чаго чакае ад жыцця. 

Па сваім псіхалагічным тыпе Пётр Сяўрук быў выразным інтравертам. Ён ішоў у глыбіню з’явы, цікавіўся анталагічнымі асновамі жыцця чалавека і грамадства. Паэт сцвярджаў асновы такой свабоды, калі духоўна-эстэтычны свет асобы фарміруецца не ў залежнасці ад абставін і акалічнасцей навакольнага асяроддзя, а, наадварот, за кошт маральна-псіхалагічнага вызвалення ад іх, ад самога імкнення да знешняй свабоды, у адпаведнасці з вечнай ісцінай. Яго лірычны герой жадаў сучаснікам умець «тварыць сваё шчасьце без нечага», «каваць долю ўласнаю сілаю», «Умеці сябе захаваць». «Я не жадаю вам шчасьця пасыўнага, // Я не жадаю вам лёсу прыхільнага, // Бо бачу я, — сцвярджаў ён, — Што жыцьцё, творана вонкавай сілаю, // Творыць асобу гнілую, пахілую, // Без пачуцьця» («Пажаданне»). 

У сваёй творчасці Пётр Сяўрук адстойваў думку: не варта імкнуцца да свабоды, змагацца за яе ці чакаць, калі яна наступіць, — трэба выхоўваць у душы адчуванне свабоды, а гэта — унутраны стан чалавека, асаблівасць яго духоўнай свядомасці, мыслення і перажыванняў. 

Пётр Сяўрук маліўся Богу, папярэдне зняўшы з душы сум і знямогу. «Бо зьнямогшы просіць ў Бога // Выбаўленьня ад зьнямогі // І чакае боскай волі // Як варунак лепшай долі». «Але Бог не дасьць нічога // Тым, хто просіць ўсяго ў Бога, — чытаем у вершы „Як сум у душы маёй таўпіцца“. — Бо хто просіць і чакае, // Сілы той ў сабе не мае». Паэт даўно ўсвядоміў, што «Доля лепшая залежыць // Не ад Бога», яна «належыць // Тым, хто мае сілу волі // Не чакаць дабра ніколі // І тварыць само сабою // Жыцьцё вольнае, сьвятое». 

Дык малюся я да Бога,

Каб не даў ён мне нічога,

Што магло б мяне здаволіць

І навек жыцьцё ўспакоіць.

Хай ён дасьць мне 

ў жыцьці гора,

Цяжкі лёс, ліхую пору;

Хай ні ў чым нідзе ніколі

Не дае гатовай долі,

Бо ў цяжкім жыцьцёвым стане

Ёсьць магчымасьць 

разьвіваньня

Сілы волі і імкненьня,

Што вядзе да здаваленьня;

Кожна шчасьце тым трывана,

Што яно адваявана.

(«Як сум у душы маёй таўпіцца...»)

Паэт не толькі не падтрымліваў, але і асуджаў тую барацьбу, якую вяло заходнебеларускае рэвалюцыйнае падполле. Ён падвяргаў сумненню маральную чысціню і справядлівасць удзельнікаў змагання, мэту, да якой яны імкнуліся, — ажыццяўленне сацыяльнай і нацыянальнай волі народа і сродкі, з дапамогай якіх намагаліся яе дабіцца. Ён лічыў, што «камунізм і сусветная рэвалюцыя — гэта толькі новая назва імперыялізма» (артыкул «Натуральны парадак раззбраення»). 

Той, хто з’яўляецца прыхільнікам рэвалюцыйнай барацьбы, як яму здаецца, змагаецца за праўду і справядлівасць, не можа пазнацьісціны, таму што ён належыць не самому сабе, а ліхім знешнім сілам, не валодае неабходнымі духоўнымі якасцямі, прасякнуты ілюзорнымі і фальшывымі марамі, жаданнямі і мэтаімкненнямі. Ён прапаведуе нецярпімасць і агрэсіўнасць, сее зло і насілле, сцвярджае нянавісць і варожасць. «Той, хто можа праліць чалавечую кроў // І ня чуе граху, //

Перашкодай стаіць да сьвятлейшых часоў...» — сцвярджаў Пётр Сяўрук у вершы «Чаго я хачу». Той, «хто устае // На другога з мячом, // Не на ворага йдзе, але робіцца сам // Усем людзям варагом». 

Няроўнасць і несправядлівасць існуюць у грамадстве не таму, што яны свядома і мэтанакіравана прадуцыруюцца заможнымі і ўладнымі асобамі, меркаваў Пётр Сяўрук. Многія з гэтых асоб шчыра вераць у тое, што сваімі дзеяннямі нясуць рабочым і сялянам, шырокаму сацыяльнаму асяроддзю святло і радасць, дабро і шчасце. Першакрыніцаю няроўнасці і несправядлівасці з’яўляюцца дух нецярпімасці і насілля, агрэсіўнасці і заваёўніцтва, імкненне аднаго чалавека падпарадкаваць сабе другога, невысокая культура грамадскіх адносін. 

Не супярэчнасці вядуць да гвалту і насілля, а, наадварот, дух насілля абумоўлівае наяўнасць супярэчнасцей. Нават прадугледжваючы пэўную высакародную мэту, насілле не можа быць апраўданым, справядлівым і дабратворным. Яно заўсёды заключае ў сабе негатыўны змест, мае разбуральны характар. Сіла прадугледжвае абавязковую наяўнасць боязі, выклікае страх, з дапамогай якога яна і самасцвярджаецца, падпарадкоўваючы сабе іншую, меншую, сілу. «Усякае новае насілле ўносіць у свет новую несправядлівасць, — падкрэсліваў Пётр Сяўрук у артыкуле „Аб ваеннаадмаўленні“, — стварае новую няроўнасць і прыводзіць да новых супярэчнасцей, вырашыць якія, можа, цяжэй, чым ужо існуючыя». «Калі б насіллем можна было змяніць існуючы парадак, — чытаем у яго нататках „Думкі“, —то насіллем патрэбна было б і ўтрымліваць гэту змену. А так як усякае насілле азначае прыгнёт працоўнага народа, то ў корні справы нішто не змяняецца».

У адрозненне ад многіх сваіх сучаснікаў, П. Сяўрук сцвярджаў думку аб тым, што няроўнасць і несправядлівасць, зло і насілле ўзнікаюць і разбураюцца самі сабою. За дабро не варта змагацца, бо яно само развіваецца і перамагае зло і несправядлівасць. «Дабро пануе ў свеце тым, — заўважаў Пётр Сяўрук у нататках „Думкі“, — што яно ніколі не прымушае сілай, нікога не ненавідзіць, не праклінае, вучыць цярпець і пакутаваць, у выніку чаго яно мае вечную перавагу над злом». І яшчэ: «Ніякіх сваіх інтарэсаў мы не можам абараняць і ніякіх сваіх праў мы не можам прад’яўляць, таму што ў нас няма нічога, акрамя Вечнага. Вечнае ж не можа быць ні знішчана, ні выключана, нават, калі б мы таго хацелі...» 

Пётр Сяўрук быў цвёрда перакананы ў тым, што змяніць рэчаіснасць, палепшыць жыццё немагчыма. «Калі б усё было так, як мы таго хочам, — адзначаў паэт, — то не было б так, як ёсць. Калі б будучае было такім, як мы хочам, то яно не было б такім, якім павінна быць, і ў цяперашнім не было б жыцця». І яшчэ: «Калі б справядлівасць магла быць устаноўлена людзьмі, то яна не была б вечнай; а што не вечнае, тое зло». 

Ён прытрымліваўся таго меркавання, што з любоўю і павагай варта адносіцца да кожнага чалавека, нават да свайго ідэйнага і светапогляднага апанента, прыгнятальніка і гвалтаўніка. Гэта абяззброіць яго, зробіць патэнцыяльным прыхільнікам і аднадумцам. Калі ж свайго прыгнятальніка і гвалтаўніка любіць і паважаць немагчыма, тады яго «трэба ўмець цярпець». 

Асноўную стылеўтваральнуюфункцыю ў творчасці Пятра Сеўрука выконвала думка, лагізаванае мысленне, даследаванне з’явы ці працэсу. Паэту імпанавалі аўталагічны прынцып асэнсавання жыцця, раскрыцця ўнутранага свету лірычнага героя, «нявобразныя» мастацка-выяўленчыя структуры, прамое сцвярджэнне. Яго верш вызначаўся празаічнай «адвольнасцю», размоўнай інтанацыяй, адсутнасцю дэталей і падрабязнасцей.

На жаль, шырэй разгарнуць сваю творчасць Пятру Сеўруку не ўдалося — 4 кастрычніка 1929 года пасля чарговага арышту польскай паліцыяй, катаванняў у пастарунку і абвастрэння сухотаў паэта не стала. Пахаваны ён у Скідзелі.

Мікола МІКУЛІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю