У гісторыі вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры старажытных славян ёсць знакавыя імёны, якія закладвалі падмурак гэтаму напрамку навуковай дзейнасці, прызнанаму ва ўсім свеце. 160 гадоў з дня нараджэння — такая значная лічба некаторых сёлетніх юбілеяў.
Ёсць нагода не толькі ўспомніць адметных асоб, у чыю сферу зацікаўленняў заканамерна патрапляла і далёкая мінуўшчына беларускай зямлі, але і дзякуючы архіўным знаходкам на персанальным узроўні прадэманстраваць і замацаваць славянскія культурныя повязі.
За смугой стагоддзяў
Практычна ўсе савецкія і беларускія даведачныя выданні розных пакаленняў утрымліваюць кароткія звесткі пра Любара Нідэрле (чэшск. Lubor Niederle; 1865–1944), аўтара «Славянскіх старажытнасцей» (1902–1934), шматтомнай працы, прысвечанай комплекснаму вывучэнню дапісьменнай гісторыі, агульнай для многіх сучасных еўрапейскіх народаў.
Да сваіх фундаментальных публікацый будучы вядомы гісторык археолаг і этнограф ішоў праз многія гады пошукаў і прафесійнага ўдасканалення. Вучыўся і стажыраваўся ў самых вядомых навуковых цэнтрах свайго часу, што знаходзіліся ў Аўстра-Венгрыі, Германіі, Францыі, Расіі. Геаграфія прызнання вынікаў творчай дзейнасці Любара Нідэрле таксама даволі шырокая: член-карэспандэнт шэрага замежных акадэмій і навуковых аб’яднанняў, у тым ліку Рускага геаграфічнага таварыства (1905), Пецярбургскай Акадэміі навук (1906).
Дзейнасць Л. Нідэрле як арганізатара навукі асабліва разгарнулася ў 1920-я гг.: заснавальнік і першы дырэктар Археалагічнага інстытута, першы кіраўнік Славянскага інстытута ў Празе, рэктар Карлавага ўніверсітэта.
Навуковыя працы выдатнага вучонага і сёння з’яўляюцца настольнымі для ўсіх, хто вывучае ці проста цікавіцца гісторыяй славянства.
Юбілейная дата — 160-годдзе Любара Нідэрле — дазволіла актуалізаваць вынікі некаторых архіўных росшукаў, праведзеных аўтарам гэтых радкоў. Некаторыя знаходкі дапамагаюць матэрыяльна зафіксаваць стасункі чэшскага вучонага з еўрапейскімі калегамі.
У фондзе старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) захоўваецца некалькі выданняў з дароўнымі надпісамі вядомага гісторыка. З кожным інскрыптам пачынаецца асобная сюжэтная лінія разгляду жыццёвых стасункаў і творчага супрацоўніцтва мінулага часу.
Першы том «Славянскіх старажытнасцей» (Прага, 1902) утрымлівае дароўны надпіс аўтара, адрасаваны Яну Карловічу (на чэшскай мове): «Slov. pánu p. Dru J. Karłowiczovi na důkaz úcty zasílá autor» (Слаўнаму пану п.<ану> Дру <Доктару> Я. Карловічу ў знак павагі дасылае аўтар)..
Каштоўнасць экзэмпляра падкрэсліваецца фактам наяўнасці рарытэтнай кнігі ў фондах ЦНБ НАН Беларусі: першае выданне, у добрым стане і з поўным камплектам ілюстрацый. Інскрыпт істотна ўзмацняе значэнне артэфакта. Штамп на польскай мове — «Бібліятэка т-ва прыяцеляў навук у Вільні» — сведчанне папярэдняга ўладальніка кнігі.
Польскі лінгвіст, этнолаг і музыказнаўца Ян Карловіч (1836–1903) жыццёва і творча звязаны з нашай зямлёй. Збіральнік і папулярызатар беларускага фальклору, сябра Аляксандра Ельскага (1834–1916) і Францішка Багушэвіча (1840–1900), знакавых вядомых асоб, якія стаялі каля вытокаў народазнаўства і нацыянальнага прыгожага пісьменства.
Наступны адрасат дароўнага інскрыпта Любара Нідэрле — рускі гісторык-славіст Мікалай Ястрабаў (1869–1923), чыя педагагічная і навуковая дзейнасць разгарнулася ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ў Паўночнай сталіцы Расійскай імперыі: у Пецярбургскім універсітэце, на Вышэйшых (Бястужаўскіх) жаночых курсах і Вышэйшых жаночых гісторыка-літаратурных курсах Ратаева.
Невялікая падборка выданняў М. Ястрабава дакастрычніцкага перыяду ўяўляе каштоўнасць сама па сабе. Напрыклад, «Кароткі нарыс гісторыі польскага народа» (Петраград, 1915) захоўваецца ў фондах акадэмічнай бібліятэкі ў калекцыі «Беларусазнаўства», утрымлівае адбіткі ўладальніцкіх пячатак: «Из книг Н. В. Ястребова», «ЛИФЛИ / Сл.». Абрэвіятура апошняй расшыфроўваецца як «Ленинградский институт философии, лингвистики и истории» (скарачэнне Сл., хутчэй за ўсё, азначае — славянскі). Такой была назва ВНУ, якая існавала ў 1931–1937 гг.
Мяркуючы па штампах на «Славянскіх старажытнасцях» (Прага, 1910; том ІІ, сшытак 2), гэты экзэмпляр належаў спачатку М. Ястрабаву, а потым славянскаму семінару Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Чытаем дароўны інскрыпт (па-чэшску): «Panu kollegovi N. Jastrebovu od autora» (Пану калегу М. Ястрабаву ад аўтара).
Вытокі правазнаўства
Карэл Кадлец (чэшск. Karel Kadlec; 1865–1928) — спецыяліст па гісторыі прававых адносін у розных славянскіх народаў. У фондзе старадрукаваных выданняў ЦНБ НАН Беларусі захоўваецца ўнікальны канвалют: пад адной вокладкай сшыты некалькі друкаваных прац чэшскага вучонага, у тым ліку «Гісторыя рускага права» (1904). Дзве з іх утрымліваюць дароўныя надпісы, адрасаваныя Мітрафану Доўнару-Запольскаму (1867–1934), гісторыку і этнографу, адметнай постаці ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці. Абодва інскрыпты ідэнтычныя па тэксце: «Глубокоуважаемому проф. Митрофану Викторовичу Довнар-Запольскому от автора».
Навуковыя зацікаўленасці вучоных перасякаліся. Напрыклад, на выдавецкім рахунку калегі з Расійскай імперыі быў артыкул «Очерки семейного обычного права крестьян Минской губернии», апублікаваны ў часопісе «Этнографическое обозрение» (1897, № 1).
Найбольш аб’ёмістай працай К. Кадлеца ў названым канвалюце з’яўляецца «Сямейная абшчына, або задруга, у славянскім праве» (1898). Перад намі першае (!) выданне грунтоўнага даследавання, хутка заўважанага і ацэненага навуковай супольнасцю розных краін. Пераклад на рускую мову пабачыў свет у 1902 годзе.
Кніга мае прысвячэнне (пераклад з чэшскай): «Яго Экселенцыі Доктару Бальтазару Богішычу, міністру юстыцыі Чарнагорыі, былому прафесару гісторыі славянскага права ў Наварасійскім універсітэце і вядучаму пісьменніку ў галіне славянскай прававой гісторыі, выказвае шчырую павагу аўтар».
Бальтазар (Валтазар) Богішыч (сербск. Валтазар Богишиħ; 1867–1934), адзін з пачынальнікаў еўрапейскай сацыялогіі права, у пэўны перыядсвайго жыцця быў цесным чынам звязаны з Расіяй. У канвалюце, які разглядаецца намі, падшыта брашура К. Кадлеца «Valtazar Bogišić» (Прага, 1903), што ўяўляе сабой асобны адбітак артыкула з часопіса Музея чэшскага каралеўства.
Такім чынам, толькі адна падборка кніжных выданняў са збораў ЦНБ НАН Беларусі наглядна, архіўнадакументальна сведчыць пра кантакты пачынальнікаў славяназнаўчай навукі, дапамагае вызначыць новыя напрамкі даследаванняў. Наяўнасць дароўных інскрыптаў надае жывую пульсацыю ўспрыманню мінулага часу, асветленага грунтоўнай падзвіжніцкай працай навукоўцаў з розных краін.
Шляхі славяназнаўчай навукі не маглі абмінуць даўнюю Беларусь. Сучасныя росшукі дапамагаюць выяўляць сляды калегіяльнага поціску рук класікаў, якія захоўваюцца ў сталіцы рэспублікі.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук