Галоўная гераіня Ганна Пакатава жыве звычайным жыццём падлетка і нават не падазрае, што хутка ёй прыйдзецца штодзённа рабіць выбар — у сваіх пачуццях, справах і ўчынках. І менавіта ад яго будзе залежаць, дзе потым спатрэбіцца паставіць коску ў словазлучэнні «кахаць нельга забыць».
Пачынаецца гісторыя з прызнання галоўнай гераіні ў адчуванні поўнай бязвыхаднасці. Дзяўчына задаецца пытаннем: навошта жыву? І просіць у Бога даць ёй падказку, як паступіць. Яна адчувае сябе адзінокай сярод мноства людзей, што з’яўляецца тыповай з’явай для хлопцаў і дзяўчат старэйшага школьнага ўзросту.
У гэтай аповесці, дарэчы, цікава назіраць за храналогіяй падзей. Кожны раздзел носіць назву месяца, пачынаючы са жніўня. Акрамя таго, кніга насычана сучаснымі ілюстрацыямі, якія падобныя да скрыншотаў дыялогаў у месенджарах.
Ганне складана знайсці паразуменне з блізкімі. Маці з раніцы да ночы чытае натацыі: таго не рабі, гэтага не рабі, туды не хадзі, з тым не сябруй. І не толькі маці...
Адзіны, хто, пэўна, можа ўзняць настрой дзяўчыне, — Лёшка. «Прыгажосць, як вядома, —страшная сіла. Асабліва калі побач ідзе ўпадабаны хлопчык. А табе сямнаццаць гадоў», — разважае Ганна.
Няпроста дзяўчыне яшчэ і з-за сямейных праблем: на яе вачах сварацца маці з татам, прычым штодзённа. «Дзень пачаўся з традыцыйнай перапалкі бацькоў... Гасподзь, чаму ты дапускаеш, каб людзі так пакутавалі?! Гэта ж нязносна — жыць побач і ненавідзець адно аднаго. Хаця многія так і жывуць».
Надакучыла ўсё, шмат пытанняў узнікла, на якія дзяўчына не магла знайсці адказаў, таму вырашыла ўцячы з дому, схапіўшы толькі куртку. Што было далей? Не будзем раскрываць усе перапетыі, але ў выніку дачка яшчэ папросіць у сваёй матулі прабачэння. І з хлопцам усё атрымаецца. Здавалася б, маці перашкаджала шчасцю дачкі з Аляксеем, але чарговы раз мела рацыю. Жанчына, дарэчы, прыняла рашэнне развесціся з татам Ганны. На лёс гэтай сям’і прыйшлося нямала цяжкасцей, але ж дабро, як у тых казках, заўсёды перамагае зло.
Аповесць будзе цікавая не толькі маладым людзям, але і іх бацькам. У многіх з іх да гэтага часу ляжаць у скрыначках такія незвычайныя сёння сведчанні першага кахання: папяровыя лісты ў пажоўклых канвертах, што захоўваюць памяць аб іх бесклапотным юнацтве.
Яна ВАЛАСАЧ