Top.Mail.Ru

Новую серыю «Маладосць» выдавецкага дома «Звязда» адкрыла гісторыка-біяграфічная драма Андрэя Дарожкіна «Лёня Лорчанка: пад мірным небам, на палаючай зямлі…»

Аўтар: Ірына Прымак
12.05.2026 | 13:20
Паміж нараджэннем і подзвігам

Гэты твор — рэтраспектыва падзей, якія адбываліся падчас станаўлення падпольнага і партызанскага руху на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Асновай сюжэта паслужыла адноўленая аўтарам біяграфія магіляўчаніна Леаніда Дзмітрыевіча Лорчанкі, які быў удастоены звання Героя Савецкага 

Саюза за подзвіг, здзейснены 18 ліпеня 1943 года. 

Здаецца, ужо столькі ўсяго напісана на тэму Вялікай Айчыннай вайны... Аднак Андрэй Дарожкін спрабуе раскрыць яе па-свойму. Можна заўважыць яго карпатлівую працу ў архівах і тое, як аўтар спрабуе знайсці падыход да маладога чытача. Невыпадкова ён выбірае менавіта такіх сучасных герояў: студэнтаў Васіля Міснікава (19 гадоў) і Аліну Валошкіну (20 гадоў). Выконваючы ўніверсітэцкае заданне, хлопец даведваецца пра Лёню Лорчанку. Васіль вельмі хоча знайсці як мага больш інфармацыі пра свайго равесніка. «Хто ведае, якім ён бачыў навакольны свет, якія ў яго былі мары, як ён не страціў веру ў лепшае, калі прыйшла вайна? Я б вельмі хацеў знайсці адказы на гэтыя пытанні», — юнак дзеліцца сваімі думкамі з сяброўкай Алінай. Васіль перакананы, што за сухімі лічбамі хаваецца больш: «Але колькі падзей — сустрэч і расставанняў, размоў і маўчання, шчаслівых усмешак і нястрымных слёз, верных выбараў і памылковых рашэнняў, перамог і паражэнняў, цёплых раніц і самых цёмных начэй — захоўвае гэтая рысачка!» Маецца на ўвазе, зразумела, рысачка паміж гадамі нараджэння і смерці Лёні Лорчанкі. Варта адзначыць, што яго біяграфію аўтар раскрывае не толькі праз дыялогі і развагі сучасных герояў, але і праз яго асабістую гісторыю, якая сапраўды ажывае ў творы, бо дзея адбываецца не толькі ў наш час, пад мірным небам, але і ў 1941-м, і ў 1943-м... Усе героі, за выключэннем двух сучаснікаў і зборных вобразаў, — рэальныя сведкі тых падзей: удзельнікі антыфашысцкага падполля, члены партызанскіх атрадаў, жыхары акупаванага Магілёва. 

Праз свайго героя Васіля аўтар дзеліцца думкаю: такіх Герояў, як Лёня Лорчанка, было многа, але яны невядомыя: «Сэнс не толькі ў пошуку адказаў, але і ў пастаноўцы адзінага пытання... Колькі іх? Сапраўдных герояў, якія набліжалі Вялікую Перамогу на фронце ды ў тыле... Тых, пра каго мы чулі з дзяцінства, і тых, чые прозвішчы мы ніколі не знойдзем, гледзячы на помнікі Невядомаму салдату ды на пустыя радкі на брацкіх магілах...»

Чырвонай ніткай праз усю кнігу праходзіць верш, прысвечаны Лёні Лорчанку. Менавіта такое ўніверсітэцкае заданне і выконвае Васіль: ён распавядае пра Героя ў творчай форме. Цікава, што спачатку Андрэй Дарожкін напісаў менавіта верш, а ўжо пасля ў яго з’явілася ідэя п’есы. 

Уражвае, з якой павагай Андрэй Дарожкін распавядае пра свайго героя, тлумачыць сэнс яго задання, з якога Лёня так і не вярнуўся... Сэнс задання «не ў рыфмах і рытме, не ў колькасці дат на адной старонцы...» Дзякуючы твору чытач (а ў будучым, хочацца верыць, і глядач) зможа «прайсці» з Лёнем плячо ў плячо праз усе выпрабаванні.

Менавіта такія гісторыі падштурхоўваюць яшчэ больш даследаваць гісторыю сваёй краіны і памятаць яе герояў. І ўсё ж, паколькі гэта п’еса, хочацца пажадаць аўтару, каб яго твор некалі ажыў на сцэне. Тым больш, што тэма актуальная не толькі з нагоды 9 Мая... Пра такія рэчы варта памятаць заўсёды! 

Бо загінуў юнак — за мяне і за вас,

Каб жылі ў дабрабыце і шчасці,

Каб надзея не згасла ў патрэбны нам час

Ды спаліла ўсе беды й напасці.

Ён жыве сярод нас, покуль памяць жыве

Ды не знікла пашана ў народзе!

Бессмяротны, як Днепр, што вольна плыве

Па свабодных краях праз стагоддзі.

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю