Калі вам здаецца, што праблемы сучасных падлеткаў — гэта дробязі, якія яны «перарастуць», то вы нічога не ведаеце пра падлеткаў! У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла новая кніга Ліны Багданавай, аўтара з 35-гадовым педагагічным стажам, настаўніцы, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Перад намі восем кароткіх гісторый са школьнага жыцця. Кніга інтэрактыўная: вы не чытач, а ўдзельнік. Вы сядзіце за партай на перапынку, чуеце, як смяюцца аднакласнікі, і бачыце хлопца, які гатовы кінуцца з моста, каб толькі ад яго адчапіліся. І самае страшнае, што тым хлопцам можаце быць вы.
Спынімся на двух аповедах з кнігі. У гісторыі «Той самы Фядот» расказваецца пра сямікласніка, які яшчэ год таму разбіраўся ў матэматыцы, быў стройным, нават смажанкі купляў аднакласніцы Люсі Малыхінай. Але прайшло лета — хлопец змяніўся. Яго не пазнала настаўніца Ірына Уладзіміраўна. Яго не пазнала Люся. А аднакласнікі — ад эрудыта Дзяміда да правадыра Алега — пачалі жартаваць, што «Фядот, ды не той!». Гэтая прымаўка прыляпілася як смала. Фядот заблытаўся ў матэматыцы, перастаў атрымліваць добрыя адзнакі па англійскай мове, у самім сабе стаў сумнявацца — настолькі, што пачаў думаць, быццам адзінае выйсце — скокнуць з моста. Але аўтар не пакідае Фядота сам-насам са сваёй праблемай. З’яўляюцца героі, якія даюць парады: Мілашка, Школьны ўрач, Бабуля з пруткамі, Прасунуты старшакласнік, Школьны псіхолаг. Кожны прапаноўвае нейкае выйсце. Мілашка раіць не панікаваць і пракансультавацца з доктарам. Бабуля проста супакойвае словамі: «Перамены пераменамі, а жывуць на зямлі людзі, ты ўсім нам дарагі. Калорыі?
Бог з імі, Фядотушка». А Школьны псіхолаг гаворыць: «Ты не адзін». І гэты хор галасоў дае хлопцу магчымасць разабрацца ва ўсім.
Другая гісторыя — «Нясметныя скарбы ўчарашняй пяцікласніцы». У ёй дзяўчынка Аля Плаўнікова не «прыжылася» ў класе, дзе вучацца дзеці багатых бацькоў. Пахваліцца яна можа хіба што мамінай шкатулкай з фанцікамі, заколкамі і ракушкай. Аднакласніцы спачатку смяюцца, а потым крадуць гэтую шкатулку. Аля перажывае, але Шкодная настаўніца (яна літаральна так і названа ў творы) тлумачыць дзяўчынцы: самае багацце — гэта яе пяцёра братоў і сясцёр, сям’я з дзевяці чалавек, а таксама яе розум. Бо Аля — пераможца алімпіяд, і яе логікай ганарыцца настаўніца Людміла Фёдараўна. Першакласнік з яблыкам (таксама дарадца) увогуле не разумее, з чаго «сыр-бор»: «Незлічоныя скарбы — гэта тыя, якія венікам не змятаюцца, дык аб чым шкадаваць?» А вось Тата з газетай (яшчэ адзін дарадца па сюжэце) проста падтрымлівае: «Ты ж у мяне баец, дачка».
І толькі Жыхар з Камчаткі лічыць, што Плаўнікова з сапраўдным прэсінгам не сутыкалася. У творы няма правільнага адказу — у ім даецца выбар.
Галоўная сіла гэтай кнігі ў тым, што герой не атрымлівае гатовую інструкцыю: «рабі так». Ён можа выбіраць. Можна пагадзіцца з Мілашкай, прыняць параду Бабулі, пайсці да Школьнага псіхолага або проста паслухаць усіх і знайсці свой шлях. Гэта не падручнік па маралі. Гэта трэнінг, дзе герой трымае джойсцік. І яшчэ адзін вельмі важны момант — кніга напісана сучаснай, жывой мовай.
Яны не знаёмяцца з «правільнай дарослай праўдай», а чуюць размову, якая магла б адбыцца побач з імі на перапынку.
Але самае неспадзяванае чакае чытача ў пачатку кнігі. Ліна Багданава пакідае QR-код і прамую спасылку VK. Там можна паўдзельнічаць у практыкумах і трэнінгах, а таксама даслаць свае гісторыі. Аўтар шукае зваротную сувязь. Яна запрашае чытачоў стаць суаўтарамі, бо іх ідэі могуць легчы ў аснову новых апавяданняў. Гэты жэст разбурае сцяну паміж «тым, хто піша» і «тым, хто чытае». Гэта крок, які кажа кожнаму падлетку: «Ты важны, твой голас патрэбны, твая бяда не адна». Кніга праілюстравана сітуацыйнымі чорна-белымі малюнкамі — яны для паузы, каб перавесці дыханне і сказаць сабе: «Я не адзін».
Ліна Багданава працягвае руку тым, хто гатовы ўпасці. І кажа: «Трымай. Я побач. І іншыя — таксама». І гэтая кніга — менавіта тая рука. Таму купіце яе свайму сямікласніку. Самі прачытайце. Разам абмяркуйце. І, магчыма, вы нарэшце пачуеце адзін аднаго. Таму што падлеткавы ўзрост — гэта не падрыхтоўка да жыцця. Гэта само жыццё. Са сваімі мастамі, скрадзенымі шкатулкамі, дражнілкамі, слязьмі і перамогамі. І кожнаму патрэбен хтосьці, хто скажа: «Ты — той самы!»
Надзея ЗУЕВА