Сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыла свет яшчэ адна кніга Паўла Гушынца з серыі «Казкі для Вяснушкі». Галоўнай чараўніцы Лэгрына і яе вернаму спадарожніку кату-пярэваратню зноў прыйдзецца сустрэцца з жудаснымі істотамі фантастычнага свету, абараніць свой гонар і знайсці сапраўдных злодзеяў. Ці атрымаецца ў іх гэтым разам? Адказ шукайце на старонках кнігі.
Чытачы ўжо маглі пазнаёміцца з галоўнымі героямі серыі па папярэдніх выданнях: «Казкі для Вяснушкі. Прыдворны маг», «Казкі для Вяснушкі. Пошукі чорнага ката ў цёмным пакоі», «Казкі для Вяснушкі. Вайна суседзяў», «Казкі для Вяснушкі. Дайга», «Казкі для Вяснушкі. Дзень нараджэння», «Казкі для Вяснушкі. Тайна чорнай статуі».
І здаецца, аўтар яшчэ доўга будзе знаходзіць натхненне ў гэтай невычарпальнай крыніцы сюжэтаў (што не можа не радаваць аматараў казачных гісторый).
У новай кнізе «Казкі для Вяснушкі. Гэта не я» чытачоў чакаюць цікавыя прыгоды ўпадабанай чараўніцы, больш цеснае знаёмства з фантастычным светам і яго жыхарамі — эльфамі, гномамі, гоблінамі, маргікамі і іншымі.
Гэтым разам юны маг разам з сябрамі спрабуе разгадаць сакрэты цёмных чараў, якія паступова ахутваюць каралеўствы Лаэнгросса, вярнуць сабе добрую рэпутацыю і не трапіць у расстаўленыя ворагамі пасткі (з апошнім героі не вельмі справіліся, але без промахаў не абыходзіцца ні адна прыгода). Пасля нападу некрамантаў ад прыгожага горада Краслава, што знаходзіцца недалёка ад каралеўства Лэгрына, засталіся толькі руіны. У трагедыі абвінавацілі добрую і міралюбівую чараўніцу Вяснушку, якая ўвесь гэты час не пакідала палац караля Дармідонта. Народны суд не даказаў дачыненне Вяснушкі да злачынстваў, але дзяўчынка не магла застацца абыякавай да гора простых людзей і вырашыла самастойна знайсці вінаватых у разбурэнні горада. На пошукі праўды чараўніца адправілася разам са сваім нязменным спадарожнікам катом-пярэваратнем. Сябрам давядзецца прайсці праз зачараваныя лясы, дзе кожны крок можа стаць апошнім, сустрэць мудрых істот, якія захоўваюць сакрэты старажытных часоў, і пераадолець выпрабаванні,што правераць іх адвагу і вернасць адно аднаму.
Серыя арыентавана на дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту і стане цікавай знаходкай для аматараў фэнтэзі. Кожная кніга паступова раскрывае перад чытачом вялікі і разнастайны свет, дзе новая гісторыя дапаўняе папярэднюю і рыхтуе гле-
бу для наступнай. Прываблівае і тое, што неабавязкова чытаць усе часткі ў храналагічным парадку, можна спыніцца на адной: у чытача не з’явіцца пачуццё недаказанасці — усе гісторыі маюць свой завершаны сюжэт. Аднак, шчыра кажучы, пазнаёміўшыся з адной кнігай серыі, вельмі хочацца прачытаць астатнія, бо гэта дае магчымасць убачыць больш шырокую карціну: узаемасувязі паміж героямі, развіццё іх характараў, паступовае раскрыццё таямніц казачнага свету. Гэта робіць чытанне падобным да падарожжа па
вялікім лабірынце, дзе кожны паварот вядзе да новых адкрыццяў і нечаканых сустрэч.Падлеткавае фэнтэзі напісана простай мовай, якая знаходзіцца на мяжы сучаснай і класічнай казачнай традыцыі, што прываблівае не толькі дзяцей, але і дарослых. Кніга аздоблена ілюстрацыямі Алега Грубіна (знаёмыя чытачам па папярэдніх выданнях), якія перадаюць чароўную і таямнічую атмасферу твора.
Адкрытая канцоўка дае нам падказку, пра што будзе наступная гісторыя Вяснушкі, стварае прастору для фантазіі і ўзмацняе жаданне пазнаёміцца з новымі казачнымі прыгодамі. Такі прыём робіць серыю больш дынамічнай і жывой: кожная кніга становіцца не канчатковай кропкай, а своеасаблівым мостам да наступнай гісторыі.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА