І гэта бессмяротнасць, якую мы можам асэнсаваць самі. Напрыклад, наведаўшы Полацк, горад святой Ефрасінні, дзе яна цяпер спачывае ў манастыры, які сама ж і заснавала. Альбо паглядзеўшы стужку, якая раскрывае дзіўны прыклад бессмяротнасці нашай Ефрасінні: пакінуўшы гэты свет падчас паломніцтва на Святую зямлю, яна духоўна прысутнічала ў прасторы сваёй радзімы. Пра яе памяталі, распавядалі і звярталіся з малітвамі. І яна сапраўды нібыта пачула, бо лёс яе нятленных мошчаў хоць і быў вельмі драматычны — іх неаднойчы пераносілі ў розныя мясціны, ратавалі і нават спрабавалі зганьбіць, — але прападобная, якая была праслаўлена царквой, усё адно вярнулася ў свой Полацк. А яе імя цяпер — сімвал чысціні і шчырай веры, якая творыць цуды. Адным з іх можна лічыць заснаваны беларускай апякункай Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр, які таксама здолеў перажыць ліхалецці і выпрабаванні і адрадзіцца да жыцця.
Годна
Дакументальны фільм «Прыстанак святой Ефрасінні» прымеркаваны да 900-годдзя заснавання Полацкага стаўрапігіяльнага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра. Стаўрапігіяльны — той, што падпарадкоўваецца непасрэдна мітрапаліту. Гэта гонар і асаблівы статус, з чым трэба было лічыцца і здымачнай групе, якая ў гэты адасоблены куточак з адмысловым ладам жыцця прыўнесла частку нашай свецкай мітусні... Здавалася б, няпроста ў такіх умовах і тутэйшым насельніцам, і здымачнай групе, бо манастырскі свет даволі закрыты, але ёсць выпадкі, калі трэба сведчыць пра вялікую боскую справу, і добра, каб гэтую працу зрабілі з разуменнем...
Але калі справа тычыцца святой Ефрасінні, то яна нібыта натхняе. І не толькі яна. На сваю працу здымачная група атрымала благаславенне Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які падчас прэм’еры ў сталічным кінатэатры «Перамога» адзначыў:
— Фільм прысвечаны найстаражытнейшаму манастыру на беларускіх землях і ва ўсходнеславянскім свеце. Манастыр, заснаваны святой, мае няпростую гісторыю, сугучную з гісторыяй нашага народа. І ў цяперашні час мы сведчым пра тое, што старажытны храм адноўлены дзякуючы намаганням дзяржавы і непасрэдна пры падтрымцы Прэзідэнта нашай краіны. Сёння мы бачым гэты храм ва ўсёй яго велічы і прыгажосці. Фільм — цудоўная магчымасць для тых, хто не можа даехаць да манастыра, але хоча больш пра яго ведаць, пазнаёміцца са святыняй. А тым, хто ўжо пабываў у Полацку, ён дасць глебу для разважанняў, бо адкрывае некаторыя невядомыя гледачу старонкі жыцця манастыра. І ў гэтым каштоўнасць падыходу. Асабліва хочацца падзякаваць за тое, што быў знойдзены поўны глыбокай пашаны падыход у перадачы гісторыі і самога зместу жыцця прыстанку ў Полацку, каб гледачы пастараліся зразумець сутнасць подзвігу прападобнай Ефрасінні, сутнасць манаскага жыцця ў сучасным свеце і высокага служэння манастыра, які ад зямлі скіроўваецца да неба. Гэта магчымасць больш даведацца пра некаторыя раней не вядомыя старонкі існавання манастыра.
Цудоўна
Дакументальная стужка кінастудыі «Беларусьфільм» зроблена згодна з прынцыпамі асветніцтва: яна нібыта прыадкрывае патаемнае, не гаворачы наўпрост. Не заклікае, а дае прыклад. І гэта прыклад служэння святой, якая лічыцца апякункай усёй Беларусі. Аўтары сцэнарыя — рэжысёр Уладзімір Луцкі і пісьменніца Людміла Рублеўская — узялі за аснову «Жыціе прападобнай Ефрасінні Полацкай»: так пра яе пачынаюць распавядаць дзецям, якія, можа быць, упершыню чуюць гэтае імя. Але прыслухоўваюцца: князёўна Прадслава была яшчэ зусім юнай, калі зрабіла свой галоўны выбар у жыцці — служэнне Богу і людзям. Нягледзячы на тое, што, з’яўляючыся дачкой Полацкага князя, магла б мець цалкам уладкаванае жыццё. Была прыгожая, і жаніхі да яе прыглядаліся, а яна выбрала сабе жаніха нябеснага. Сама прыняла пострыг, а за ёй — і дзве яе сястры: вось што значыць прыклад. Ёй па сілах былі вялікія справы, якія здзяйсняліся цудоўным чынам. Пра жыццё святой і некаторыя цуды, што здараюцца нават у наш час па гарачых малітвах, распавядае ігумення Еўдакія (Ляўшук). Напрыклад, пры стварэнні манастыра ў Сяльцы ёй для будаўніцтва Спаса-Праабражэнскага храма не хапала плінфы.
А вельмі хацелася скончыць працу ў пэўны тэрмін. Ефрасіння маліла Бога, каб дапамог нейкім чынам вырашыць пытанне. І ранкам работнікі знайшлі патрэбную колькасць цэглы ў печах, якія яшчэ вечарам былі пустыя…
Без яе веры і імпэту і сапраўды не паўстаў бы дзіўны храм, створаны дойлідам Іаанам, не было б і загадкавага айчыннага сімвала — крыжа, створанага Лазарам Богшам. А яшчэ ж яна творыць цуды, нават цяпер — дапамагае тым, хто шчыра просіць яе ў малітоўных зваротах. Напрыклад, ацаляе людзей па шчырых малітвах іх блізкіх. Такім чынам, заснаваны прападобнай Ефрасінняй Полацкай манастыр і сёння з’яўляецца месцам, дзе штодзённа ажыццяўляюцца тысячы добрых спраў, дзе няспынна гучыць малітва за Беларусь і наш народ.
Фактычна кожны глядач праз фільм атрымлівае магчымасць здзейсніць своеасаблівую экскурсію па манастыры: аглядае тэрыторыю, разам з насельніцамі ходзіць на богаслужэнні, слухае іх спевы і нават назірае за працэсам выпякання просвір — як яшчэ гэта было б магчыма? І так ці інакш, але кожны вядзе асабістую размову з Ефрасінняй, бо яе жыццё і сапраўды можа падацца сучаснаму чалавеку шмат у чым дзіўным.
Здзіўляцца не будзе той, каму ўдалося паглыбіцца ў жыццё полацкага манастыра. А людзі з камерай — гэта для насельніц тое яшчэ выпрабаванне, бо ў іх свой распарадак. Матушка Іусціна ад імя ігуменні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра Еўдакіі падзякавала кінамайстрам за працу:
— Вялікім суцяшэннем для нас была згода рэжысёра стварыць традыцыйны дакументальны фільм пра святую, без пастановачных сцэн. Мы ўдзячныя ўдзельнікам здымачнай групы, якія працавалі ў манастыры далікатна і акуратна, так, што мы не выходзілі за межы правіл манаскага жыцця. Рэжысёру ўдалося распавесці не толькі пра жыццё і подзвігі прападобнай Ефрасінні, але і прыадкрыць гледачу заслону паўсядзённага жыцця манастыра.
Натхняльна
Уладзімір Луцкі, рэжысёр фільма, падзякаваў манашкам за клопат пра здымачную групу і згадаў смачныя манастырскія абеды. Але сілкавалі не толькі яны, а агульная справа, якую кожны са свайго боку імкнуўся зрабіць як мага лепш. Нягледзячы на тое, што гэта было няпроста: у манастыры ішлі будаўнічыя і рэстаўрацыйныя работы, і гэта вельмі ўскладняла працэс здымак. Але яны пачыналіся вясной мінулага года — і гэты настрой абуджэння адчуваецца. Магчыма, яго дапамагае стварыць квецень, якая трапляе ў кадр? Ці наогул неверагодная напоўненасць святлом? Бо аўтары хацелі зрабіць прыгожы і вобразны фільм, перадаўшы чароўную атмасферу ўсяго манастыра і дзіўнага Спаса-Праабражэнскага храма, цалкам распісанага фрэскамі.
За гэтае дзіва, хутчэй за ўсё, трэба дзякаваць самой святой Ефрасінні. Яна, можа, і не трымала ў руках пэндзаль, але дакладна з’яўлялася натхняльніцай таго, што павінна быць у выявах, бо з ёю, як з заказчыцай, узгадняліся і архітэктура, і напаўненне храма.
Натхняльніца: на адной з фрэсак паўстае яе постаць у поўны рост. На жаль, нам не дадзена ўбачыць твар Ефрасінні — менавіта гэты фрагмент фрэскі страчаны. Але гэта адзіная выява, дзе ў яе няма німба. Затое ў руках трымае храм, які падносіць як падарунак Госпаду. На ім у два шэрагі ідуць трохлопасцевыя какошнікі — гэтая форма менавіта адсюль стала распаўсюджвацца ў старажытнарускай архітэктуры.
Храму прысвечана вялікая частка фільма, дзе вуснамі спецыяліста агучваюцца некаторыя нюансы, на якія не кожны зверне ўвагу. А яны паказальныя. Ефрасіння-заказчыца: яна спланавала ў храме келлю справа — для сябе, а злева — для сястры. Але ў гэтых келлях ёсць акенцы, і калі глядзіш у іх, то з аднаго боку бачыш вялікую фігуру прападобнага Сімяона Стоўпніка, а з другога — прападобнага Данііла Стоўпніка. Так манашкі мелі перад вачыма прыклад служэння Госпаду.
У фільме распавядаюць пра тое, як пачыналася рэстаўрацыя храма, — фактычна з раскрыцця жывапісу. Аказалася, што фрэскі маюць некалькі слаёў, і пад больш познім захаваны роспіс часоў Ефрасінні. Работы пачаліся ў 90-я гады мінулага стагоддзя, спачатку беларускім майстрам-жывапісцам, а пасля прыцягнулі расійскіх рэстаўратараў, якія мелі багаты досвед работы на падобных аб’ектах, далучыліся і айчынныя спецыялісты. Так пакрысе рэстаўратарам удалося адслаіць увесь алейны роспіс больш позняга перыяду, ён максімальна захаваны. Цяпер гэты жывапіс можна паглядзець у полацкім музеі. А ў храме ўбачыць раннія фрэскі — ці не цуд-падарунак ад Ефрасінні за ўвагу да яе спраў?
Яна спачывае ў полацкім Спаса-Праабражэнскім манастыры. Тут для святой стварылі раку са срэбра. Цяперашнія манашкі сцвярджаюць: наша святая вельмі ўдзячная за пашану і адказвае на дабро дабром дапамогай. Да святой, якая лічыцца апякункай Беларусі, штодня ідуць людзі са сваімі клопатамі і просьбамі ў чаканні цудаў. Яна чуе... Але кожны глядач фільма зможа ўпэўніцца ў гэтым сам: звяртацца да святой Ефрасінні можна не толькі ў манастыры.
— Фільмы пра такіх выдатных асоб і святых вельмі важныя, — адзначыў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі, які агучыў стужку. — Я радуюся, што прэм’ера выклікала вялікую цікавасць. Гэта сур’ёзная праца, якая знойдзе водгук не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.
Ларыса ЦІМОШЫК