Top.Mail.Ru

Паэтычны зборнік Алены Якаўлевай-Ігрушскай убачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
13.10.2025 | 11:00
Ветрык сонечнага дзяцінства

Часта можна пачуць, што буквар — першая кніга для кожнага дзіцяці. Аднак гэтае сцвярджэнне не зусім правільнае. Магчыма, у школе буквар і з’яўляецца першай кнігай, аднак знаёмства з літаратурай адбываецца значна раней, калі вечарам перад сном матуля бярэ ў рукі каляровую кнігу і мяккім, пяшчотным голасам чытае дзіцяці аб чароўных, нязведаных сусветах.

Напэўна, для сучаснага пакалення дзяцей, якія яшчэ не пайшлі ў школу і не ўмеюць чытаць, першай кнігай можа стаць зборнік вершаў Алены Якаўлевай-Ігрушскай «Мае сябры — басаногія вятры», што сёлета выйшаў у Выдавецкім доме «Звязда».

Простыя і зразумелыя маленькім чытачам вершаваныя творы расказваюць пра вядомыя кожнаму дзіцяці з’явы і паняцці. Народны паэт Беларусі Уладзімір Карызна ў прадмове да кнігі адзначыў: «Здаецца, і тэм незвычайных не прыдумвае яна, слоў нячутых не выкопвае — гаворыць пра тое, што мы не раз ужо бачылі і чулі, чым захапляліся, а можа, нават, наадварот, не заўважалі, а прачытаўшы вершы, успомнілі. І якім адразу свежым ветрам павее з родных палёў і рэк, нібы прыехаў са спякотнага летняга горада ў бабуліну вёску. Скідаеш чаравікі — і гайда басанож па цёплай зямлі!»

І сапраўды, тэмы для вершаў пісьменніца бярэ з паўсядзённага жыцця: тут і пра першы снег, і пра незвычайны грыбны дождж, і пра балючы ўкус пчалы, і пра шмат іншых цікавых сітуацый, якія здараліся з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі па ўсім свеце. Назву кнізе даў самы вялікі твор пісьменніцы, у якім яна распавядае пра цудоўныя ветрыкі. Кожны з іх носіць назву адпаведнага месяца, у якім той пануе. Цяпер час Кастрычнёнка, і вось што пра яго расказвае паэтэса:

Неспакойны Кастрычнёнак

Робіць поле аднатонным,

Чыста выбіўшы кастрыцу, 

Кроіць кужаль на спадніцы.

І усё, дзе ён вандруе,

Жоўтым колерам фарбуе.

Вунь у непралазны лес 

Ён вавёркаю залез —

І цяпер у той глушы 

Усе смяюцца ад душы!

Пра кожны месяц (ветрык) пісьменніца распавядае з гумарам, а вершаваная форма дапаможа самым маленькім чытачам запомніць назвы месяцаў, іх паслядоўнасць і асаблівасці кожнага.Выданне аздоблена рознакаляровымі ілюстрацыямі Святланы Заскевіч, якія дапамагаюць паглыбіцца ў чароўны свет паэзіі Алены Якаўлевай-Ігрушскай. Бліскучыя глянцавыя старонкі надаюць кнізе асаблівую вытанчанасць і святочнасць, таму выданне падыходзіць і для падарунка.

На першы погляд здаецца, што тэмы вершаў занадта банальныя, аднак менавіта праз простыя рэчы чалавек прыходзіць да складаных высноў. Асабліва гэта можна сказаць пра маленькіх дзяцей, якія толькі пачынаюць рабіць першыя самастойныя крокі ў гэтым вялікім свеце. 

Завяршае зборнік твор «Беларуска», які выхоўвае ў дзяцей павагу да гісторыі роднага краю і гонар за сваю нацыянальную прыналежнасць:

...Нахілюся над крыніцай

Звонкай-звонкай,

Як жа мне не захапіцца

Сонца гронкай!

Вецер колас буйна-важкі

Хоча гушкаць —

Ганаруся, што завуся

БЕЛАРУСКАЙ!

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю