Размова ідзе, канешне, пра духоўнае жыццё. Творцу абавязкова ўсведамляць унутраныя рухі і памкненні, не баяцца падаць ва ўласнае бяздонне, каб знаходзіць там універсальныя — усясветныя — карані. Спазнаючы сваю асобу, ён становіцца правадніком у не кожным асвоены, але для ўсіх значны свет пачуццёвага. Паэту жыццёва неабходна ўменне распазнаваць і расшыфроўваць тонкія, ледзьве ўлоўныя моманты судакранання свайго духоўнага свету са знешнім, і толькі затым вагу набывае майстэрства выяўлення адрэфлексаваных унутраных працэсаў…
Анатоль Зэкаў прапаноўвае ў нізцы «Гады мае — мой рой гуллівы» шэраг паэтычных твораў, сярод якіх, у сувязі з папярэдняй размовай, вылучаецца адзін, і, відаць, недарэмна менавіта радком з яго названа падборка. Ва «Успаміне з далёкага юнацтва» — няхай ужо аўтар даруе мне метафару, якую збіраюся выкарыстаць у дачыненні да яго тэксту, тым больш што яна кампліментарная — лірычны герой якраз «здымае з сябе штаны». Маючы багаты жыццёвы вопыт, А. Зэкаў дазваляе сабе дзяліцца з чытачом самымі тонкімі, інтымнымі, пякучымі адчуваннямі. У той час як адны баяцца заглыбляцца ў прастору балючага ці нават судакрануцца з ёю, іншыя смела робяць яго самастойным аб’ектам эстэтычнага выяўлення…
Валянціна Кадзетава прапануе нам празаічную форму «Мелодыя ціхага палявання», якую называе «аповесцю». Між тым перад намі не мастацкая проза ў класічным яе разуменні, а аповед пра тое, як адвеку «з пачаткам кожнага грыбнога сезона з усеабдымнай, нібыта ўпершыню зведанай страсцю адвечна вяртаецца на запаветныя мясціны і шматлікае племя, назаўжды адданае сваёй еднасці з прыродаю — племя аматараў самага ціхага і самага гуманнага ў свеце палявання». Якраз тэме мікалогіі (складанасцям навукі ў вывучэнні гэтай з’явы) і тонкасцям збірання грыбоў, а таксама іх гатавання і смакавання прысвечаны гэты тэкст. Падаецца, ён нечым набліжаецца да кнігі «Нарвежскі лес» Ларса Міцінга, сучаснага скандынаўскага пісьменніка, які ў жанры нон-фікшн раскрывае філасофію дроў, пракладваючы праз яе «шлях да сілы і волі». Нешта падказвае, што проза В. Кадзетавай — падобная спроба зацікавіць улюбёным заняткам беларускага чытача, узвесці ўласнае хобі на ўзровень нацыянальнай філасофіі, вартай увагі і павагі.
Васіль Казачок прапаноўвае для азнаямлення свае «Трыялеты» — старадаўнюю, вынайдзеную хутчэй за ўсё ў Францыі XIV стагоддзя форму з уласцівай ёй магіяй, што ствараецца дзякуючы эфекту гульні са словамі і сказамі. Класіка вечная, пра што б ні вялася размова: яна праходзіць праз стагоддзі ў амаль нязменным выглядзе і вабіць нас. У вершазнаўстве класічныя формы называюць «цвёрдымі» жанрамі, а ўбудаваная ў іх патрэба ў паўтарэнні адпаведных радкоў — ужо сам па сабе дзейсны мастацкі сродак. Галоўнае ў трыялеце пры разгортванні паэтычнай думкі — дасягнуць адчування натуральнасці і заканамернасці рэалізаванага паўтору радкоў, як тут:
Чым больш жыву,
тым болей прагну жыць:
Тварыць і адкрываць сусвет бясконцы,
Здзіўляцца снегу, ранішняму сонцу.
Чым больш жыву,
тым болей прагну жыць.
І хоць сляза самоты набяжыць,
Жыццёвы келіх буду піць да донца.
Чым больш жыву,
тым болей прагну жыць:
Тварыць і адкрываць сусвет бясконцы.
Студзеньскі нумар «Полымя» выходзіць за звыклыя для чытача межы, што відаць са слова «драматургія», якое дадалі да звыклай назвы рубрыкі «Паэзія і проза». Алег Ждан-Пушкін прапаноўвае аднаактовую п’есу «Старая, якая смяецца, або Да зімы далёка». Невялічкі твор напоўнены беларускім каларытам, узноўленым у першую чаргу за кошт прадстаўленых жаночых характараў, якія паволі раскрываюцца ў размовах.
Наталля Жылевіч у нізцы «Душа застанецца» працуе з тонкімі матэрыямі: назірае, як дагарае душа, як запальвае ліхтары ноч, як памяць жартуе... І гаворыць пра эмацыянальна складаную, перажытую многімі, нязменна пакутлівую неадпаведнасць, калі родны і блізкі чалавек лічыць цябе чужой і далёкай:
Чужой... Калі крочылі побач у марах,
І вусны шапталі «Люблю!»
Чужой... Журавы недзе
ў восеньскіх хмарах,
Спявалі мне песню тваю.
Чатыры апавяданні Уладзіміра Васько прысвечаны рознай праблематыцы: існавання беларусаў у цяперашнія і даўнія часы, ва ўмовах звыклых і незвычайных. У творах ёсць месца апісанню нешараговых выпадкаў з жыцця вёскі, і ў прыватнасці мясцовых «разборак», а таксама аповеду пра тое, як ініцыятыва можа быць пакарана штрафам. Аўтара вабіць экзатычная тэма суіснавання Дамяніка Бякрэня на востраве з абарыгенамі ў пачатку XVIII ст. — гісторыя ўваходжання ў калектыў іншага сацыяльнага парадку, абжывання ды абмену вопытам з мясцовымі.
Аляксандра Жалязнова падрыхтавала для чытача тры вершы любоўнай тэматыкі, аб’яднаныя ў нізку «Хто я без цябе?». Маладосць — асаблівы час пачуццёвага асваення свету, спазнання сябе ў адбітку вачэй і слоў каханага ці каханай, таму і намагаецца адшукаць святло ў чужой душы лірычная гераіня, як сама прызнаецца. Чалавек прыходзіць у свет адзінокі і ўразлівы, траціць жыццё, шукаючы сябе ў каханні да іншага, каб затым зноў пакінуць зямлю самотным.
«Навуковыя публікацыі» прадстаўлены дзвюма пазіцыямі, у першай з якіх Валерый Максімовіч у артыкуле «Формы і механізмы рэалізацыі камунікатыўных стратэгій у мастацкай творчасці», падкрэсліваючы вагу як рацыянальнага, так і ірацыянальнага фактараў, даводзіць, што ў прасторы эстэтычнага дыялог рэалізоўваецца праз наяўныя анталагічныя мадэ­лі. Апошнія ўключаюць у сябе каштоўнасці, уяўленні, перакананні, абумоўленыя шматлікімі сацыякультурнымі і кагнітыўна-сэнсавымі кантэкстамі. Даследчыца Вольга Губская даводзіць, што вынайдзены і апісаны ў публікацыі «„Камароўская хроніка“ Максіма Гарэцкага: ад факта да фактаграфіі» алгарытм — «абсалютная вынаходка М. Гарэцкага як прадстаўніка новай беларускай літаратуры, якую пазней будуць паспяхова развіваць...».
Нязменна цікавыя і інфарматыўныя «Архiвы» «Полымя» пачынаюць год з матэрыялаў Галіны Часлаўскай — публікацыі «Завочнае вяселле, разлучаныя двайняты і іншыя таямніцы сям’і Піліпа Пестрака». Тэкст з’явіўся дзякуючы ўспамінам Анастасіі Сцяпанаўны Пестрак, напісаным ёю ў 1985 годзе, ужо пасля смерці мужа-пісьменніка. З гэтых старонак чытач даведаецца пра рамантычнае знаёмства літаратара з жонкай і іх нетыповае вяселле ў вязніцы, пра вызваленне ды ўладкаванне жыцця на волі, а таксама пра нараджэнне двойні ды найвялікшую трагедыю сям’і. У ваеннай мітусні адну з дзяўчынак-двайнятак згубілі, затым дзесяцігоддзямі шукалі, а, знайшоўшы, не былі ўпэўнены, што гэта іх дзіця.
У рубрыцы «Памяць» прадстаўлены арыгінальны ракурс успрымання даследчыка беларускай літаратуры і філасофіі вачыма сталага супрацоўніка бібліятэкі. Раней, да распаўсюджання электронных выданняў і сховішчаў, людзі навукі ледзьве не жылі там, але і цяпер храм ведаў — не толькі неабходнасць, але і асалода чытання папяровай кнігі ў прыгожым постмадэрнісцкім будынку. Зміцер Давідоўскі, супрацоўнік залы беларускай літаратуры, у публікацыі «Уладзімір Конан — сябар беларускага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі» ўшаноўвае імя вядомага ў айчыннай гуманітарыстыцы чалавека, згадваючы і іншых волатаў думкі.
У рубрыцы «Да 80-годдзя Вялiкай перамогi» Наталля Ніканчук выступае з гістарычным нарысам «Месца для подзвігу», дзе разважае пра тое, што ваенныя заслугі бываюць розныя. Подзвіг — гэта не толькі нешта маштабнае і запамінальнае, здзейсненае аднаразова, але і паступальныя, працяглыя, малапрыкметныя, значныя рэчы, якія чалавек робіць на карысць сваёй сям’і ці радзімы. Так і сціплы герой нарыса «дапамагаў партызанам, як мог, і змагаўся ў Чырвонай арміі не горш за іншых».
Рубрыка «Краязнаўства» прадстаўлена публікацыяй Івана Лапо «Заклікаў да напругі друк Калінінскай акругі», напісанай да 100-годдзя Калінінскай акруговай газеты «Наш працаўнік». Да ўвагі — агляд зместу выдання ў часы актыўнай перабудовы ладу жыцця нашай краіны, калі ўтвараліся шматлікія дзяржаўныя арганізацыі, у тым ліку і творчыя аб’яднанні, калі адбывалася калектывізацыя. Падобныя выданні — з мінулым, з гісторыяй — заслугоўваюць асаблівай павагі, таму што акумулююць у сабе досвед папярэднікаў: і жыццёвы, і працоўны.
У рубрыцы «Далягляды» звяртае на сябе ўвагу публікацыя Міколы Берлежа «Беларуская літаратура на Мальце».
У цэнтры ўвагі аўтара знаходзіцца астраўная дзяржава, рэйтынг якой сёння расце і ў беларускіх турыстаў. Яна размешчана на Мальтыйскім архіпелагу ў цэнтральнай частцы Міжземнага мора паміж Паўночнай Афрыкай і Сіцыліяй. Лёс закінуў туды народжаную ў Расіі пісьменніцу Яну Псайла, якая сёння з’яўляецца членам Саюза паэтаў Мальты і працуе на карысць развіцця не толькі мальтыйска-расійскіх, але і мальтыйска-беларускіх сувязей, перакладаючы вершы нашых літаратараў для літаратурна-мастацкіх выданняў. Дзякуючы ёй мальтыйскі чытач можа пазнаёміцца на сваёй мове з некаторымі творамі Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, а таксама сучасных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, напрыклад, Віктара Шніпа, Алеся Бадака.
«Кнiгарня» і яе руплівыя працаўнікі гэтым разам знаёмяць нас з трыма новымі кнігамі, сярод якіх ёсць як персанальныя, так і калектыўныя выданні. Анастасія Гатоўчыц у публікацыі «Мастацкі свет праграмнай літаратуры» расказвае пра зборнік твораў «Горкі ліпавы мёд», у які ўвайшлі аповесці і апавяданні з вучэбнай праграмы па беларускай літаратуры. Аўтар робіць падрабязны агляд размешчанай у кнізе мастацкай прозы, засяроджваючыся на ўзнятых пісьменнікамі праблемах, каб пераканаць, што «кожны твор, нягледзячы на невялікі памер, — гэта цэлы сусвет, дзякуючы якому адбываецца павелічэнне кругагляду і развіццё ўяўлення падлеткаў». Аліса Міцкевіч у рэцэнзіі «Слодыч васільковага мёду» шматабяцальна расказвае пра новую кнігу вершаў Віктара Шніпа «Нататнік для паэзіі». Чытач запэўніваецца ў немінучасці сустрэчы з россыпам беларускіх архетыпаў, паглыблення ў рытм колаў цягніка, якія закалыхваюць і гіпнатызуюць. Падкрэсліваецца нейкая асаблівая прыцягальнасць для В. Шніпа вобраза ваўка, значэнне якога чытачу яшчэ неабходна будзе разгадаць. Шкадуе рэцэнзент хіба толькі пра тое, што не вылучаны ў асобны раздзел верлібры, многія з якіх выглядаюць шэдэўральна. У завяршэнне Алесь Карлюкевіч расказвае пра кнігу Вольгі Русілкі «Котра» ў публікацыі «Пісьмы ў родныя Бершты». Аказваецца, што знаёмства з вершамі паэтэсы ў аўтара надзвычай працяглае — яшчэ з яе першага выступлення ў друку ў студэнцкія часы. Рэцэнзент запэўнівае чытача: «Моц шчырасці, вартасць адкрытага расповеду пра сваё ўласнае жыццё запаўняюць усе старонкі».
Наталля БАХАНОВІЧ