Top.Mail.Ru

Пакручасты лёс беларуска-скандынаўскага фэнтэзі

04.07.2025 | 07:00

Фэнтэзійны раман Маргарыты Латышкевіч «Век людзей» быў напісаны ў 2018 годзе, а праз два гады яму пашанцавала быць надрукаваным на старонках часопіса «Маладосць». Раман, як і астатнія творы з сусвету Вугеры, быў вельмі цёпла прыняты чытачамі. І натуральнае пытанне, калі ж «Век» выйдзе асобнай кнігай, перыядычна агучвалася гэтымі самымі задаволенымі чытачамі. Бо, як вядома, усе годныя творы вартыя таго, каб, быццам алмаз, займець якасную агранку і ператварыцца ў сапраўдны брыльянт.


І вось у сакавіку гэтага года не толькі сышліся ўсе патрэбныя зоркі ў нябёсах, але і цэлая каманда зацікаўленых прыклала ўсе высілкі, каб «Век людзей» пабачыў свет у кніжным варыянце. І, варта адзначыць, вынік пераўзышоў нават самыя смелыя спадзяванні.

Гэтая самавітая кніга на 924 старонкі — неймаверна прыгожая. І прыгожа ў ёй абсалютна ўсё. Мастачка Ірына Андрэева стварыла вельмі стыльную вокладку: лаканічнае і заўжды актуальнае чорна-белае спалучэнне трапна дапаўняюць залацістыя акцэнты. Галоўнае жаночае боства глядзіць на чытача спакойна і ўладна адначасова, а спецыяльна для амата-
раў коцікаў — пухнасты прыгажун.

Кожны з чатырох раздзелаў кнігі (па сутнасці, гэта чатыры асобныя кнігі пад адной вокладкай) упрыгожваюць ілюстрацыі Алены Ткачовай, таксама лаканічныя чорна-белыя, гравюрныя, што вельмі ўдала падтрымлівае агульную стылістыку афармлення. Героі на выявах жывыя, і гэта дапамагае яшчэ больш паглыбіцца ў гісторыю на старонках. Кожная глава пачынаецца з буквіцы, літары прыемныя для вачэй: яны, калі можна так сказаць, — вельмі чытэльныя... Адным словам, перад намі не проста выданне, а сапраўдны твор кніжнага мастацтва, бо часу, таленту і высілкаў у кнігу ўкладзена вельмі шмат.

«Век людзей» — частка сусвету Вугеры, фэнтэзійнага свету, дзе пераплятаюцца легенды і казкі, гісторыя і міфалогія, сны і ява. Гэта першы фэнтэзійны твор такога маштабу ў беларускай літаратуры. Ён уяўляе сабой унікальны прыклад арганічнага спалучэння матываў і вобразаў беларускага фальклору, скандынаўскай міфалогіі ды ісландскай сярэднявечнай літаратуры. Самабытны аўтарскі стыль вылучаецца рэдкімі ў сучаснай літаратуры надзвычайнай вобразнасцю, шматузроўневай метафарычнасцю, дасканала прапрацаванымі персанажамі і небанальным сюжэтам.

Галоўныя героі рамана — родныя браты Вельс і Донай — адсылаюць нас да аднаго з галоўных індаеўрапейскіх архетыпаў блізнюкоў (дваістасці). І, як часта бывае, знешне падобныя персанажы цалкам адрозныя сваімі характарамі. У дадзеным кантэксце прасочваецца яўная аналогія з дыяметральна супрацьлеглымі скандынаўскімі Одзінам і Локі, якія, аднак, былі пабрацімамі, а паводле некаторых гіпотэз, і наогул дзвюма іпастасямі аднаго і таго ж героя.

У вогуле, уплыў вобраза Одзіна на раман відавочны. Адзін з герояў твора — ваяр Вотан — не толькі імем, але і знешнім выглядам нагадвае скандынаўскае боства. Яго галоўная зброя — дзіда, як і славутая дзіда Гунгнір Одзіна. Яго жонка Нешка ўмее ператварацца ў сокала, што адразу ж дазваляе пільнаму чытачу параўнаць яе з Фрэяй-Фрыг. У той таксама быў чароўны пёравы покрыў, дзякуючы якому можна было лётаць. Таму пара Вотан — Нешка зведала яўны скандынаўскі ўплыў Одзіна — Фрэі, аднак гэтая аснова, вядома, была па-майстэрску аздоблена беларускім каларытам.

Уплыў вобраза Одзіна адчуваецца і яшчэ на адным героі — вандроўным музыку Ясю. Ён, як і Одзін, — носьбіт мудрасці і таленавіты паэт (ці скальд, калі параўноўваць з ісландскай традыцыяй, бо менавіта скальды з Ісландыі лічыліся самымі выбітнымі і «сапраўднымі»). Нават вочы ў яго розныя (таксама паралель з аднавокім скандынаўскім богам). 

Руны як магічныя знакі таксама адыгрываюць важную ролю ў рамане. Імі заклінаюць, імі зачароўваюць, імі пакрываюць зброю для перавагі над ворагамі. Зброя герояў, дарэчы, часам мае ўласныя імёны (Ручай, Лівень) — традыцыя, характэрная для многіх ісландскіх саг, як, напрыклад, самы вядомы меч Цюрвінг з «Сагі пра Хэрвёр і Хэйдрэка».

Кургановы народ у «Веку людзей» адначасова падобны да беларускіх падземных жыхароў і скандынаўскіх альваў. Наш культ шанавання камянёў і рунічныя камяні Поўначы ўвасобіліся ва ўнікальнае паняцце прошчаў — свяшчэнных месцаў з камянямі сілы. Толькі выбраныя маглі з імі размаўляць, як Сташка — адначасова і беларуская вядзьмарка, і ісландская вёльва.

І, вядома ж, у рамане вельмі арганічна пераасэнсоўваецца матыў ператварэння. І не толькі вышэйзгаданае ператварэнне ў птушку, але і ў ваўка, як гэта ўмеў рабіць Вельс. Ваўкалакі — адны з самых папулярных персанажаў балад пра звышнатуральнае як у Беларусі, так і ў Скандынавіі. Дарэчы, новы аднайменны неагатычны раман Маргарыты цяпер друкуецца ў «Маладосці»!

Пры гэтым у тэксце беларускі і скандынаўскі элементы пераплеценыя настолькі ўмела і натуральна, што ў чытачоў наўрад ці ўзнікне дысананс ці адчуванне чужароднасці, бо беларуская і скандынаўскія культуры маюць вельмі шмат агульнага. І цалкам магчыма, што швед Рагвалод ці ісландзец Торвальд Кодрансан тысячу гадоў таму, як і галоўныя героі рамана, з ахвотай гулялі ў старажытным Полацку ў скандынаўскія шахматы таўлеі.

І напрыканцы хацеў бы дадаць, што, як і ў любой кнізе Маргарыты, кожны чытач знойдзе ў «Веку людзей» штосьці для сябе. Бо ўсе мы людзі, якім лёсам наканаваны свой уласны век.

Яўген ПАПАКУЛЬ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю