Top.Mail.Ru

Памяць пра Аляксандра Скібнеўскага

26.12.2025 | 12:11
Да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа

Аляксандр Скібнеўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, узначальваў Коласаўскі тэатр у 1949–1958 гадах. Гэты перыяд лічыцца адным з найбольш плённых у творчай дзейнасці рэжысёра. Апрача таго, Аляксандр Браніслававіч з’яўляецца аўтарам шэрага тэатразнаўчых артыкулаў, метадычных дапаможнікаў па рэжысуры і манаграфіі «Народ-ны артыст СССР А. К. Ільінскі». 

Нядаўна ў Віцебску і Коласаўскім тэатры пабывала яго ўнучка Вольга Юр’еўна Гусева.

— Якім вам запомніўся Аляксандр Браніслававіч?

— Упершыню я ўбачыла дзеда, калі мне было 5 гадоў. Ён прыехаў у Маскву пабачыць маю маму і пазнаёміцца са мной, а таксама наведаць сваіх сяброў Тумаркіных. Мы гулялі па горадзе і зайшлі ў «Дзіцячы свет» на плошчы Дзяржынскага, дзе дзед купіў мне набор для творчасці. Аляксандр Браніслававіч мне вельмі спадабаўся: яго разумныя вочы, добра пастаўлены голас зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Потым было шмат сустрэч... Ён заўсёды прывозіў падарункі, помніў, чым я захапляюся. Дарыў мне наборы для творчасці (пляценне дываноў, вязанне), а маёй сястры Святлане — цікавыя кнігі. У тыя часы я збірала яшчэ і маркі, а дзед таксама быў філатэлістам і параіў шукаць маркі па мастацтве, увесь час дасылаў цікавыя філатэлістычныя калекцыі, якія ў мяне дагэтуль захаваліся. З маёй мамай яны пастаянна ліставаліся. Аляксандр Браніслававіч рэкамендаваў мне кнігі, а таксама рэгулярна адпраўляў свае артыкулы з друкаваных выданняў. 

— Што распавядаў ён пра жыццё, Віцебск і свой віцебскі перыяд?

— У Аляксандра Браніслававіча было складанае жыццё: па несправядлівым абвінавачанні яго пасадзілі ў турму — гэта адбілася на яго здароўі. Пасля вызвалення і рэабілітацыі, ён доўга ляжаў у шпіталі, і мая бабуля Міра Уладзіміраўна яго выходжвала. Яны вельмі кахалі адзін аднаго, але характары ў іх былі складаныя. У 1946 годзе яны зрабілі спробу аднавіць адносіны і паехалі ў Плёс, але, на жаль, нічога не атрымалася. І вось у 1949 годзе ён пераехаў у Віцебск, дзе яго прызначылі галоўным рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Віцебскі перыяд быў вельмі плённым: са словаў маёй мамы, Аляксандр Браніслававіч быў увесь у працы.

Мая мама, Кэці Аляксандраўна, тады была студэнткай медыцынскага інстытута і рэгулярна прыязджала на канікулы ў Віцебск — яны разам праводзілі шмат часу. Яна была жаданай госцяй у тэатры і наведвала спектаклі Аляксандра Браніслававіча, які скардзіўся, што яму вельмі самотна ў Віцебску і ён дрэнна сябе адчувае.

У 1953 годзе дзядуля паведаміў маме, што ў яго з’явілася жанчына, якая чакае ад яго дзіця. У Аляксандра Браніслававіча вельмі балела спіна, а яна была медсястрой і рабіла яму ўколы. У сваю чаргу мама паведаміла, што пасля заканчэння медінстытута выходзіць замуж за маладога капітана Савецкай арміі Юрыя Фралова (у будучым — доктара тэхнічных навук, прафесара). Аляксандр Браніслававіч на вяселлі не быў, але падарыў прыёмнік-прайгравальнік «Мінск». Ён дагэтуль захоўваецца, і прапраўнучкі круцяць на ім старыя пласцінкі.

— Ці пакінуў Аляксандр Браніслававіч якія-небудзь дзённікавыя запісы, можа быць, кнігі? 

— У 1958 годзе яго запрасілі кіраваць Харкаўскім рускім драматычным тэатрам імя Пушкіна. Прапанова была своечасовай: утварылася новая сям’я, патрэбна была кватэра, а яе давалі. Да таго ж новая перспектыва.

На жаль, у нас не засталося ні дзённікаў, ні кніг, толькі невялікія артыкулы з газет, якія ён дасылаў маме, а таксама некалькі лістоў да яе. Усё было пакінута ў харкаўскай кватэры ў яго другой дачкі — Людмілы. Шкада, яна пасля смерці бацькі ўсё прадала і з’ехала ў Амерыку. Там было вельмі шмат твораў мастацтва, кніг, альбомаў з маркамі.

— Што яшчэ захавала памяць?

— У Харкаў на пахаванне дзядулі мы не паехалі, бо мая мама ляжала ў шпіталі, і я даглядала яе. Але мой тата, Юрый Іванавіч, быў на пахаванні. У 1978 годзе мы з мамай пабывалі ў харкаўскай кватэры дзядулі і на могілках. Там была невялікая надмагільная дошка. Пазней Людміла паведаміла, што заказала помнік і аплачвае догляд за магілай. Фота магілы ёсць у інтэрнэце, але помнік адсутнічае. Апошні час я спрабавала звязацца з Людмілай, але не атрымалася.

Цяпер, пры ўсім маім жаданні, я не магу наведаць магілу майго дзеда, але памяць пра яго захоўваецца ў нашай сям’і. І нават прапраўнучкі расказвалі ў школе пра тое, як Сарапульскі тэатр адкрыў франтавы сезон пад кіраўніцтвам Аляксандра Скібнеўскага.

Старэйшая прапраўнучка, Яраслава Цімафеева, працягвае справу свайго прапрадзеда: цяпер заканчвае навучанне ў Маскоўскім педагагічным універсітэце, у Інстытуце культуры. Яна ўжо рэалізавала мноства творчых праектаў, спектакляў і тэатралізаваных праграм.

Гутарыў Юрый ІВАНОЎСКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю