Так, ніхто не вечны ў сваім зямным існаванні. Уладзіміру Васільевічу доля адмерала таксама нямала — адышоў ён у лепшы свет напрыканцы свайго 87 года жыцця. У той жа час да фігур такой велічыні, асоб, знакавых для эпохі, зямныя меркі замалыя. Больш за тое, патрэбна пэўная тэмпаральная дыстанцыя для канкрэтызацыі ўяўлення пра Постаць з вялікай літары. Таму паўнавартаснае асэнсаванне зробленага У. В. Гніламедавым яшчэ наперадзе. Хаця ўжо сёння ніхто не будзе адмаўляць яго дзве самыя галоўныя іпастасі — не толькі слыннага вучонага, але і таленавітага пісьменніка.
Ці прадказальнай была такая рэалізацыя жыццёвага патэнцыялу? Хлопчыка, які нарадзіўся за некалькі дзён да самага вялікага катаклізму, што перажывала ў сваёй гісторыі чалавецтва, — 25 снежня 1937 г. Першая сусветная вайна прымусіла многіх беларусаў падацца ў бежанства, дайшлі ажно да Самарскай губерні. Але сям’я маці не засталася на Волзе: у 1922 годзе вярнуліся ў родную вёску Кругель, што знаходзіцца каля старажытнага Камянца. Разам з кругельцамі ў Заходнюю Беларусь, якая на той час была пад польскай уладай, вяртаўся і ўсыноўлены беларусам будучы бацька будучага акадэміка.
Адсюль і немясцовае прозвішча, якое ў сілу тонкасцей заканадаўства страціла пад націскам «ё» (якое, тым не менш, Уладзімір Васілье-
віч практыкаваў пры літаратурна-мастацкіх публікацыях).
Цікава, што сапраўдная дата нараджэння У. В. Гніламедава не адпавядае пашпартнай — пазнейшай на суткі. Зразумела, абпаленае вайной дзяцінства не было такім шчаслівым, як хацелася б. Але Уладзімір Васільевіч свае раннія гады заўсёды ўспамінаў з вялікай цеплынёй. Перадусім — дзякуючы бацькам і асабліва дзеду з бабай. Пэўна, ужо тады зарадзілася ў душы хлопчыка зерне, якое дасць усходы ў выглядзе выдатнага гуманітарыя і тонкага даследчыка паэзіі.
У далейшым, пасля перажытага ліхалецця, шлях, як тады казалі, у людзі таксама не быў гладкім. Аднак стала лягчэй. Спрыялі таму і дапытлівы, аналітычны розум, і добрая памяць. Але ж без гумару і ўмення кантактаваць з самымі рознымі людзьмі У. В. Гніламедаў не стаў бы такім, якім мы яго высока цэнім сёння і будуць цаніць будучыя пакаленні. Пасля школы былі Брэсцкі педагагічны інстытут (1959), Савецкая Армія (1959–1961), настаўнічанне на Берасцейшчыне. Толькі ў 1962 годзе У. В. Гніламедаў паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларускай ССР. Сёння ў такім узросце звычайна ўжо выпускаюцца з аспірантуры. Але ж тады цаніўся жыццёвы досвед, які станавіўся асновай для глыбока абдуманых крокаў па жыцці. Таму выбар Уладзіміра Васільевіча быў невыпадковым, узважаным — і, як пакажа час, плённым, выніковым. Дысертацыя «Праблема традыцый і наватарства ў сучаснай беларускай лірыцы» была абаронена адразу па заканчэнні аспіранцкай вучобы (1965). Наперадзе ў маладога кандыдата навук акрэсліліся цікавыя даследчыцкія далягляды. Але неўзабаве яго чакаў новы зігзаг — работа ў ЦК КПБ (1969–1976). Ды цяга да літаратуры нават праз гады ўзяла сваё: У. В. Гніламедаў вярнуўся ў родны інстытут ужо ў рангу намесніка дырэктара. За адміністрацыйнымі справамі, аднак, удзяляў шмат увагі даследаванням.
Вынікам стала і абарона доктарскай дысертацыі («Сучасная беларуская паэзія: творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс», 1987), і шматлікія публікацыі, у тым ліку падрыхтоўка кніжных выданняў. Навуковаворчай дзейнасці не перашкодзіла і пасада дырэктара інстытута (1998–2006). Пасля, застаўшыся галоўным навуковым супрацоўнікам, Уладзімір Васільевіч не спачываў на лаўрах, наадварот — яшчэ больш актыўна стаў пісаць, прычым пераключыўся на мастацкую творчасць.
Калі называць кніжныя навуковыя выданні, дык уражвае не толькі іх двухзначны лік, але і гарызонт даследчыцкіх зацікаўленняў. Прычым сярод выданняў прысутнічаюць і знакавыя — такія, што канцэптуальна паўплывалі на развіццё літаратуразнаўчай думкі: «Сучасная беларуская паэзія» (1969), «Пафас жыццесцвярджэння: Вобраз чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985), «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983), «Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці» (1984), «Упоравень з часам» (1976), «Як само жыццё» (1980), «Ля аднаго вогнішча» (1984), «Класікі і сучаснікі» (1987), «Праўда зерня: Творчы партрэт Васіля Зуёнка» (1992), «Янка Купала: Новы погляд» (1995), «Ад даўніны да сучаснасці» (2001), «Янка Купала. Жыццё і творчасць» (2002) і інш.
Побач стаяць кнігі прозы — шырокія, фундаментальныя палотны беларускага эпасу ХХ ст. Па іх можна вывучаць гісторыю ўсяго народа. Хаця ў якасці стрыжнявога прыкладу аўтар узяў матэрыял з жыцця сваіх родных і землякоў. Уся эпапея складаецца з дзевяці раманаў. Не ўсе пакуль апублікаваны. Таму што пісаў іх Уладзімір Васільевіч фактычна да апошніх сваіх дзён.
Акадэмік У. В. Гніламедаў пакінуў добрую памяць не толькі праз шматлікія публікацыі, якіх у цэлым, разам з артыкуламі, раздзеламі ў манаграфіях, рэцэнзіямі налічваецца некалькі соцень. Яго светлы вобраз як чалавека і пачынанні як вучонага застаюцца ў вучнях. Толькі кандыдатаў навук пры яго кіраўніцтве было падрыхтавана пад два дзясяткі. У якасці кансультанта Уладзімір Васільевіч выступіў таксама пры падрыхтоўцы некалькіх доктарскіх дысертацый.
Навуковая, літаратурна-мастацкая, грамадская дзейнасць У. В. Гніламедава не толькі была ўганаравана званнем акадэміка (2003), але і атрымала прызнанне на дзяржаўным узроўні. Ён стаў лаўрэатам многіх прэстыжных прэмій і ўзнагарод. Але з таго шырокага шэрагу вылучым найперш ордэн Францыска Скарыны (2009) і званне «Заслужаны дзеяч культуры Беларусі» (2017).
Безумоўна, кожная страта выклікае смутак. Але жыццё працягваецца. І з намі застаецца тое добрае, што кожны пасля сябе пакідае. Спадчыне Уладзіміра Васільевіча Гніламедава, аб’ёмнай і змястоўнай, будуць удзячныя многія і многія пакаленні аратаяў на беларускай ніве навукі, мастацтва і культуры.
Анатоль ТРАФІМЧЫК