Усе мы родам з таго часу, калі людзі стараліся думаць самі, не звяртаючыся да штучнага інтэлекту пры любой нагодзе. Калі яны не ацэньвалі свае шанцы на перамогу, а, не задумваючыся, ішлі і перамагалі. Калі не ўяўлялі сабой ідэальны вобраз, а былі носьбітамі ўсіх чалавечых рыс з магчымай дзіўнаватасцю і верагоднымі памылкамі, якія імкнуліся выпраўляць. А цяпер чалавек ўсё больш нагадвае рацыянальную істоту, якая імкнецца ўсё пралічыць загадзя, каб «зменшыць» любыя рызыкі і выключыць парушэнне асабістай зоны камфорту.
Аднак пры ўсёй цывілізаванасці жыцця ў ім застаюцца моманты, калі трэба мысліць не банальна і шукаць выйсця з непрыемных (альбо нават экстрэмальных) сітуацый. Бываюць выпадкі, калі звычайны жыццёвы досвед становіцца больш каштоўным за вынаходкі часу, скіраваныя на тое, каб вырашаць праблемы рознага ўзроўню. «Смешна!» — падумае прыхільнік тэхнічнага прагрэсу. «І сапраўды, смешна», — пагодзіцца той, хто ўжо паглядзеў прэм’ерны спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага «Асабліва небяспечныя пенсіянеры».
«Агнястрэльная камедыя» — так вызначыў жанр стваральнік Дэвід Разумаў, малады рэжысёр, які напрыканцы мінулага года атрымаў Нацыянальную тэатральную прэмію за драматычную пастаноўку «Фаўст». І вось нешта абсалютна іншае, але ўжо ў назве чытаюцца іронія, жаданне павесяліць. Так і ёсць! Дзеля гэтага Разумаву, які стаў аўтарам п’есы, трэба было вырашыць праблему героя. Бо ў драматургічным творы вакол героя закручваецца мастацкі канфлікт, у якім знаходзіць адлюстраванне яго барацьба з абставінамі, грамадствам ці самім сабой, і гэта ва ўмовах абмежаванага часу. Аўтар п’есы ўскладніў задачу, таму што вырашаў праблему супергероя.
І прапанаваў сваё бачанне — праз вобразы няўрымслівых пенсіянераў, якія не могуць ці не хочуць быць «былымі», бо ніхто з маладых не можа іх перасягнуць па дасведчанасці, розуме, кемлівасці. І па фізічных кандыцыях!
Галоўны герой — міліцыянер Пісталетаў, прынцыповы, як Бэтмэн, рашучы, як Тэрмінатар, валодае звышздольнасцямі і імкнецца супрацьстаяць злу, гэтаксама, як і героі «Зорных войнаў»... Формула «ўсё ў адным» даказвае: гэта дакладна наш супергерой! Толькі здаецца, што ўсё насамрэч даўно вырашана ў шматлікіх кніжных, мастацкіх і асабліва кінагісторыях. Імёны многіх супергерояў адразу прыходзяць у галаву. І чаму б з гэтымі вобразамі не пайграць у найлепшых традыцыях постмадэрнізму?.. У выніку ў спектаклі ёсць інтэртэкстуальнасць: часам літаральнае цытаванне, часам алюзіі і рэмінісцэнцыі дазваляюць успрымаць тое, што мы бачым і чуем як «тэкст у тэксце». Але вядомыя клішэ і мемы (з класікі блокбастэраў і дэтэктываў) пераасэнсоўваюцца ў іранічным ключы, гэтаму спрыяе сцэнічнае афармленне, створанае мастаком-пастаноўшчыкам Таццянай Стысінай. З аднаго боку, мы прыслухоўваемся да таго, што гавораць героі, а з іншага — па ходзе пераасэнсоўваем знаёмыя сюжэты разам з аўтарам і выканаўцамі, ад якіх патрабуецца і пачуццё гумару, і акцёрская пластычнасць, каб здзейсніць пастаўленыя рэжысёрам задачы.
Асабліва шмат выпрабаванняў выпала на долю заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Сяргея Чэкерэса (які таксамбыў сярод трыумфатараў Нацыянальнай тэатральнай прэміі). Узнагарода знайшла героя, і, падаецца, яна не апошняя. Таму што яго персанажу — немаладому следчаму Міколу Пісталетаву — трэба прайсці праз агонь, ваду і «медныя трубы», а мы павінны паверыць, што так і было. Кулі ад яго адскокваюць, у бойках ён не горшы за Неа з «Матрыцы». І нават скарае сваёй абаяльнасцю Медузу Гаргону (Вераніка Пляшкевіч стварыла вобраз няшчаснай жанчыны, у душы якой палаюць жарсці, — у яе спевах столькі суму і экспрэсіі, закладзеных кампазітарам Цімурам Каліноўскім). Дзеянне разгортваецца імкліва, дзякуючы нечаканым паваротам трымае залу ў напружанні, выклікаючы смех.
Міліцыянер Пісталетаў наведвае былога калегу і настаўніка Жалязнова ў доме састарэлых, дзе той хаваецца ад магчымай помсты Гены Змея (яго даверылі ўвасобіць заслужаным артыстам Беларусі Андрэю Душачкіну і Аляксандру Палазкову). Злачынец адбываў працяглае пакаранне і выйшаў на волю. Жалязноў (яго ролю выконвае народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак) некалі адзін здолеў яго затрымаць, але ці здольны на гэта Пісталетаў, калі яго таварыша выкрадаюць? Час крыху іншы, не з голымі рукамі перамагаць ЗЛО — сіндыкат ці злачынная групоўка пад такой назвай дзейнічае з дапамогай сучасных тэхналогій, не толькі даверлівых пенсіянераў аблапошвае, а нават любыя сведчанні следчага перабівае сваімі «фэйкамі».
У супрацьстаянне лічбавай рэальнасці ўключаюцца «аналагавыя» сігналы жыцця, якое пульсуе ў немаладых людзях. Іх сіла — у жыццёвым досведзе, аптымізме і жаданні дапамагаць іншым, ператвараючы ўзроставыя характарыстыкі ў суперсілу, якой не маюць маладыя героі з планшэтамі і праграмамі прагназавання, няздольныя думаць самастойна, ці тыя, хто наогул не думаюць, а спадзяюцца на грубую сілу і ўменне карыстацца смяротнай зброяй. Супергерой Пісталетаў даказвае: мудрасць больш важная.
У спектаклі, трэба думаць, дзеля лагічнасці апавядання і смакавання нейкіх дэталяў, падзеі паказаны вельмі падрабязна (можа быць, нават занадта), на дзве паўнавартасныя дзеі. Праўда, за кошт іроніі і пастаяннага абуджэння ўяўлення, гледачу не даюць засумаваць, час ад часу ператвараючы старонняга назіральніка ва ўдзельніка — праз разбурэнне «чацвёртай сцяны», калі некаторыя героі са сцэны выходзяць у залу. Сэнс у тым, што ўсе мы існуём у адным чалавечым вымярэнні, дзе кожны выбірае, на якім баку гуляць, з якога пункту гледжання ўспрымаць жыццё, якія словы прымаць як свае, а якія — як фальшывыя. Напрыклад, мы чуем маналогі Змея (неарыгінальныя) і Пісталетава з Жалязновым (пафасныя) пра гонар і годнасць. Герояў з дадаткам «супер» мы бачым у тых, хто здольны суперажываць і клапаціцца найперш пра іншых. Неабыякавасць і чалавечнасць — вось у чым сакрэт поспеху супергерояў. «Асаблівая небяспека» нашых — яшчэ і ў адчуванні смаку жыцця, што мяжуе з непрадказальнасцю і гатоўнасцю ратаваць свет, нягледзячы на здароўе і... наяўнасць ці адсутнасць патрэбных лекаў у кішэні.