Top.Mail.Ru

Парастак, што прабіўся скрозь асфальт

02.04.2026 | 18:50
Унікальны беларуска-расійскі праект

Нядаўна ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прэзентавалі ўнікальны беларуска-расійскі праект, вынікам якога стала выданне найбольш поўнай біяграфіі беларускага класіка, напісанай на аснове апошніх адкрыццяў у багдановічазнаўстве, а таксама стварэнне дакументальнага фільма «Максім Багдановіч: беларус з берагоў Волгі». 

Кніга «Максім Адамавіч Багдановіч» была падрыхтавана да друку Выдавецкім домам «Яраслаў Мудры». Яна выйшла ў серыі «Людзі зямлі Яраслаўскай», якая існуе больш за 15 гадоў. Аўтарам тэксту біяграфіі «паэта чыстай красы» стала Ірына Мышкавец.

— Максім — як невычэрпная крыніца. Нягледзячы на тое, што ўжо ўсё, здавалася б, даўно адкрыта і вывучана,новыя артэфакты, якія тычацца жыцця і дзейнасці Багдановіча, знаходзяцца. Напрыклад, у снежні мінулага года мы прывезлі з Яраслаўля шыкоўныя фотаздымкі, а нядаўна ў музей паступіла невядомае фота Ганны Какуевай, — падзялілася падчас прэзентацыі вядучы навуковы супрацоўнік установы. 

Працавалі над знакавым выданнем дырэктар Выдавецкага дома «Яраслаў Мудры» Андрэй Смарагдаў, рэдактар серыі Яраслаў Смірноў (ён стаў і рэдактарам кнігі пра Максіма Багдановіча), а таксама мастак Міхаіл Бараздзінскі. 

— Добрыя кнігі па біяграфіі паэта выходзілі і ў 1970–1980 — я гады, і пазней, але большасць з іх былі літаратуразнаўчымі. Біяграфічнага выдання, дзе была б расказана ўся гісторыя жыцця нашага самага маладога класіка, бракавала, — падкрэсліў падчас імпрэзы загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі. — Цяпер жа я па-добраму зайздрошчу тым, хто будзе чытаць гэты найбольш поўны жыццяпіс... 

Дарэчы, пад вокладкамі кніг згаданай серыі ёсць QR-код, па якім можна перайсці і паглядзець дакументальны фільм, зняты па біяграфіі таго ці іншага героя. Рэжысёрам фільма па біяграфіі беларускага класіка выступіла Марына Смарагдава, рэдактар спецыяльных праектаў тэлеканала «Горад Яраслаўль», заслужаны журналіст Расійскай Федэрацыі. 

— Лёс Максіма Багдановіча нікога не пакідае абыякавым. Найбольш кранае тое, што ён стаў беларускім паэтам, нягледзячы на рускамоўны асяродак і хваробу, з якой змагаўся ўвесь час. Яго ўпартасць, настойлівасць, самастойнасць можна параўнаць з парасткам, што прабіўся скрозь асфальт... — падзялілася душэўнымі перажываннямі Марына Смарагдава.

Узяла ўдзел у стварэнні фільма, надзяліўшы яго лірычнай ноткай, якая стала лейтматывам стужкі, рэжысёр Цэнтра студэнцкай творчасцi БДПУ, кіраўнік Народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна. Яна ж ажыццявіла і беларускую агучку.

Казіміра ШПАКОЎСКАЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю