Top.Mail.Ru

Парыжскія сілуэты

05.12.2025 | 17:28
Новыя матэрыялы пра візіт Якуба Коласа ў сталіцу Францыі

Міжнародны кангрэс пісьменнікаў у абарону культуры адбыўся ў Парыжы 21–25 чэрвеня 1935 года. Форум сабраў 230 пісьменнікаў з 35 краін свету. У складзе савецкай дэлегацыі ў ім браў удзел Якуб Колас. На старонках газеты «Звязда» класік беларускай літаратуры даў свае разгорнутыя творчыя справаздачы пра паездку ў сталіцу Францыі. 

Першы нарыс «Падарожжа ў Парыж. З блакнота дэлегата на Сусветным кангрэсе абароны міру» надрукаваны 21 ліпеня 1935 года. У асобна вылучаных шасці частках аўтар прадставіў і дарожныя зацемкі, прасякнутыя сумам па роднай старонцы, і дзённікавыя запісы адносна работы пісьменніцкага форуму, свайго бачання Парыжа — горада кантрастаў.Нарыс «На парыжскім бруку», апублікаваны 9 кастрычніка 1935 года, напоўнены мастацкімі дэталямі, партрэтнымі накідамі, а таксама асобнымі сцэнамі з гарадскога жыцця сталіцы Францыі.

Вачыма калег па пяры

Парыжскі кангрэс адлюстраваны ў справаздачных тэкстах-нарысах, мастацкіх рэфлексіях прадстаўнікоў савецкай дэлегацыі. З цягам часу на рускую мову былі перакладзены некаторыя сведчанні замежных удзельнікаў форуму, напрыклад, Жана Рышара Блока, французскага пісьменніка, які разам з Анры Барбюсам старшынстваваў на пасяджэнні, на якім выступаў Якуб Колас. 

Можна весці гаворку пра адметны корпус тэкстаў, у якіх прапануецца індывідуальна-аўтарскае бачанне падзеі — удзячная факталагічная аснова на шляху да панарамнай гістарычнай рэканструкцыі. Пры гэтым не лішнім будзе зрабіць мінскія рэтраспектыўныя прыпынкі для некаторых удзельнікаў кангрэса.

Творчасць рэдактара часопіса «Молодая гвардия» Ганны Караваевай найбольш маштабна загучала па-беларуску яшчэ да парыжскага форуму, калі ў перакладзе Сяргея Дарожнага ўбачыў свет раман «Лесазавод» (Мінск, 1932). Над падрыхтоўкай кнігі працавалі адметныя творчыя асобы: Міхась Лынькоў (рэдактар), Пятро Глебка (літпраўка), Валяр’ян Дваракоўскі (вокладка). 

У прадмове да выдання адзначалася: «Ганна Караваева пачала друкавацца не так даўно. Першы буйны твор — „Медвежатное“ — з’явіўся ў 1926 годзе. За апошнія гады Ганна Караваева прарабіла вялікую і плённую працу. Такія творы, як „Золотой клюв“, „Юность на Грязной“, „Двор“, „Флигель“ заваявалі зусім заслужаную папулярнасць сярод рабочых чытачоў. Асноўныя рысы, якія характарызуюць творчасць Ганны Караваевай, — глыбокая сацыяльная насычанасць усіх яе твораў, выразна класавы падыход да тых з’яў, якія яна апісвае, багатая, сакавітая мова».

Непасрэдна пра перакладзены твор, сярод іншага, сказана: «„Лесазавод“ — раман пра сацыялістычнае будаўніцтва на вёсцы, пра змычку горада з вёскай. Гэта адзін з першых раманаў пра індустрыялізацыю вёскі. І таму ён будзе асабліва цікавым для масавага чытача, на якога і разлічанае гэтае скарочанае і перапрацаванае выданне».

Пра французскае падарожжа Г. Караваева падрабязна выказалася ў нарысе «Чэрвень у Парыжы» (1935). Спадарожніца Якуба Коласа падзялілася сваімі эмоцыямі і назіраннямі, пры гэтым абодвух аўтараў яднае вывераны ідэйны стрыжань прадстаўнікоў Краіны Саветаў, якія выправіліся з важнай місіяй у варожы капіталістычны свет. 

«Мастак»

Нарыс Ганны Караваевай «Чэрвень у Парыжы» складаецца з 30 раздзелаў, у адным з іх, 24-м паводле нумарацыі — пад назвай «Мастак» — не толькі згадваецца імя беларускага песняра, але і падрабязна апісваецца гісторыя з’яўлення прадмета, які сёння захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа:

«На чацвёртым паверсе Эйфелевай вежы каля кіёска кланяецца вам насустрач дзядок у шэранькім касцюмчыку; яго выцвілыя вочы глядзяць на вас прыветліва, запытальна і разам з тым жаласна. Дзядок аказваецца мастаком і просіць вашага дазволу выразаць з паперы ваш профіль.

— Гэта зойме так мала часу, — гаворыць ён амаль малітоўна.

Яму немагчыма адмовіць. З рыцарскім паклонам ён надае вам патрэбную для яго позу і ўздымае шматок чорнай паперы і маленькія стальныя нажніцы. Ён прыжмурвае вока і ў рабочай напрузе з сілай прыкусвае сіняватую губу. Нажніцы яго мільгацяць, як серабрыстыя крылы матылька над кветкай, — і вось ваш профіль гатовы. Пакуль у кіёску старая жанчына з наіўнай чорнай аксаміткай на адрузлай шыі наклейвае сілуэт на кардон, мастак ідзе насустрач новым наведвальнікам Эйфелевай вежы. Ён усміхаецца, кланяецца і просіць дазволу «выразаць з паперы ваш сілуэт, гэта зойме зусім мала часу»...

— Вось з гэтай чорнай паперы, месье. Гэта вельмі прыгожа і арыгінальна, вы можаце падараваць сваім сябрам...

Сужэнская пара, мажныя, рослыя, яшчэ даволі маладыя людзі ў цудоўных касцюмах, праходзіць міма, нават не зірнуўшы ў бок мастака. Наступны наведвальнік — развінчанага выгляду франт ва ўсім белым, на грудзях яго боўтаецца цэйс.

— Не жадаеце, месье... — зноў кланяецца мастак. 

Франт з задуменным выглядам гуляе сваім цяжкім цэйсам і потым безуважліва кажа:

— Мяне гэта не цікавіць, разумееце...

Мастак разводзіць рукамі, на яго худзенькім карэктным тварыку з’яўляецца жаласны выраз.

— Дзіўна!.. Яны ўсе, усе, бачыце іх, не цікавяцца... а гэта ж такое цудоўнае старадаўняе мастацтва... Ці падабаецца мадам мая праца?

— Мне падабаецца, па-мойму, вельмі падобна...

— Вельмі рады... Я бачу ўсё, 

я імгненна схопліваю ўсё характэрнае ў натуры... Але ці многія гэта разумеюць?.. Я ж і карыкатуры і шаржы раблю... Ці не жадаеце?

— Я б з вялікім задавальненнем замовіла вам і гэта, — кажу я і міжволі бянтэжуся, — але ў мяне з сабой, здаецца, замала грошай.

— Добра! — ускрыкнуў мастак. — Я хачу вас усіх пацешыць!.. 

Вы ўсе былі такія добрыя да мяне, вы не пагрэбавалі маім мастацтвам. Не трэба нічога, можна без грошай... Папрашу вас па чарзе пастаяць хвілінку... Так... дзякую вам...

І ён увекавечыў двух народных паэтаў Беларусі і Грузіі і мяне ў тонка і дасціпна выкананых сяброўскіх шаржах...

Аўтарам гэтых радкоў прасочаны лёс сяброўскіх шаржаў, пра якія вяла гаворку Ганна Караваева. 

Даследчыцкі запыт у музей Галакціёна Табідзэ пакуль вынікаў не даў. 

Сілуэт або аплікацыя з выявай Якуба Коласа сёння захоўваецца ў мінскім музеі песняра. 

Пошукавай удачай стала выяўленне і атрыманне сканаў двух сяброўскіх шаржаў, на якіх зафіксавана руская пісьменніца. Арыгіналы рарытэтных матэрыялаў, не вядомых дагэтуль беларускім спецыялістам, знаходзяцца ў Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (Масква). 

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю