Top.Mail.Ru

Перасячэнне паралельных сусветаў

13.03.2025 | 07:00

Аповесць Валянціны Быстрымовіч «Тупат мяккіх лапак» на першы погляд — звычайная жыццёвая гісторыя пра каханне і здраду, пра веру і бязвер’е, смех і грэх, разлік і пралік. Але гэта толькі на першы погляд. Удумлівы чытач знойдзе ў кнізе шмат цікавага і павучальнага, што, сапраўды, можна знайсці і адчуць толькі ў паўсядзённым нашым жыцці, якое, упэўнена, ні ў аднаго чалавека не бывае простым. На тое яно і жыццё.



Нельга сказаць, што аповесць Валянціны Быстрымовіч — жаночае чытво, неглыбокае і бяздумнае. Галоўная гераіня аповесці — Ніна — паўстае як жанчына ўдумлівая, разважлівая, з чыстай душой, схільная верыць людзям, таму што іх учынкі і думкі звярае з уласнымі перакананнямі. Тым цяжэй пераносіць яна расчараванні, якімі «ўзнагароджвае» яе лёс на працягу жыцця. Наіўная маладая дзяўчына закахалася ў Сашку, хлопца, якога ўбачыла ў сне. А калі аднойчы сустрэла падобнага, адразу вырашыла, што гэта наканаванне. І яны абавязкова павінны ажаніцца. Выпрабаванні на жыццёвым сумесным шляху здаюцца часам неверагоднымі: страта першага дзіцяці, невытлумачальныя хваробы жанчыны, непрыемнасці на працы, матэрыяльныя цяжкасці... Адкуль усё гэта? І калі маладая маці і жанчына, якая часта валіцца з ног ад стомы і бясконцых праблем, не мае часу задумацца над гэтым пытаннем, дык адказы з’яўляюцца самі. Яны не проста прыходзяць, а навальваюцца па начах нечым вялікім і калматым, тупаюць сваімі мяккімі лапамі так моцна, што вытрымаць амаль немагчыма. Так, так, мае даражэнькія! Часам той, хто мякка сцеле, вельмі цвёрда спаць. Вось і Ніне было мулка з мужам, а потым і вельмі цвёрда, ды не толькі спаць, але жыць. Скажаце, што заўсёды ёсць выхад з такога становішча, з таксічных адносін. Ды не заўсёды гэтымі выхадамі можна скарыстацца ў жыцці. Як падняць адной дваіх дзяцей? Што скажуць людзі? Дзе жыць? А радня?.. 

Якраз, як аказалася, справа была ў радні Сашы, якая з першага погляду не палюбіла нявестку. За што? А за тое, што не такая, як яны: не падтаквае ім, не ліслівіць, не п’е на сямейных мерапрыемствах, не пляткарыць разам з мужавымі сёстрамі... І, галоўнае, яны ніяк не могуць яе перацягнуць на свой бок, пад сябе падстроіць. А Ніна, якая амаль заўсёды была адна, з усім спраўлялася, сямейнае жыццё ўдадкоўвала і абсталёўвала як магла. Пакуль Саша піў, здраджваў ёй, бавіў час на рыбалцы і з кожным днём аддаляўся ад яе і дзяцей, рабіўся нязносна грубым. Непаразуменне між мужам і жонкай узмацнялася, сваркі рабіліся штодзённымі. Людзі даўно прыкмецілі, што пасля вялікіх сварак праяўляецца сапраўдны характар чалавека. Так было і ў іх выпадку. Ніне было брыдка за яго паводзіны перад людзьмі. Але жанчына маўчала, часам рабіла выгляд, што гэта не яе муж, а чужы чалавек. А Поль Валеры сказаў: «Мудрая тая жанчына, у прысутнасці якой мужчына можа паводзіць сябе як апошні ідыёт і пры гэтым не адчуваць сябе недарэчна і нязручна». 

Ды што з тае мудрасці, калі жыццё становіцца разбуральным? Ніна вырашыла кардынальна змяніць свой лёс. Мне падалося, што гераіня аповесці Валянціны Быстрымовіч — сапраўдная беларуская жанчына (нешта падказвае, што гэта сама аўтарка!) — цярплівая да апошняй мяжы. Успомніце Янку Купалу: «Я цярплю, цярплю, цярплю, лапця скіну ды ўлуплю!» У пэўны момант спрацоўвала рэакцыя на той ці іншы ўчынак людзей, мужа, калег па працы і ў Ніны. Тады яна пераўтваралася ў д’ябла. Абуралася ў страшным гневе, але потым сябе вінаваціла за тое, што не стрымалася, лічыла, што пракляла сваю душу, так ёй было цяжка. Жанчына нават да варажбітак звярталася, на што тыя ёй казалі: «Навошта прыйшла? Ты і сама добра ўсё ведаеш, сама варажыць умееш!»

Сапраўды, Ніна валодала вельмі добрай інтуіцыяй, прадчуванне яе ніколі не падводзіла, нават смерць мужа прадракла. Жанчына разумела, што ўсё, што выходзіць з нашай падсвядомасці, вяртаецца да нас зноў і зноў, і вельмі ўважліва сачыла за сваімі думкамі. Тым не менш кожная з іх вярталася да яе бумерангам. 

Мне падабаецца, што аповесць напісана простай мовай, чытаецца лёгка, як кажуць, за адзін прысест. Сюжэт інтрыгуе, павучае, а фінал зусім нечаканы. 

Падабаецца, што ўсе 60 глаў маюць мастацкія назвы, якія прыцягваюць, захапляюць і, што немалаважна, адпавядаюць зместу. Акрамя таго, аповесць насычана мяккай іроніяй і гумарам, без якіх гэтая сямейная жыццёвая гісторыя не выглядала б так праўдападобна.

Няўжо, падумалася мне пасля таго, як перагарнула апошнюю старонку аповесці, пасля двух клінічных смерцяў, а значыць, магчымасці займець два новыя жыцці, пачнецца чарговы этап яе жыцця? «Трэцяе жыццё» гераіні, у якім яна, нарэшце, будзе шчаслівай? Хочацца працягу — а гэта найвышэйшая адзнака твора пісьменніка.

Людміла КЕБІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю