Першыя кнігі, тыя, што з’яўляюцца ў дзіцяці ў адносна свядомым узросце, заўжды запамінаюцца. Ды і вывучаюцца яны з невытлумачальнай, нейкай асаблівай цікавасцю. Дзіця не проста чытае тэкст, яно пакуль яшчэ не машынальна перагортвае старонкі, у адрозненне ад таго ж вучня сярэдніх класаў. У самым пачатку адукацыйнага працэсу кожная літара і кожны знак прыпынку, кожная ілюстрацыя і нават яе размяшчэнне на кніжным развароце, выбар і спалучэнне колераў у афармленні выдання не застаюцца незаўважанымі, пераглядаюцца — часта і ў самых адцягненых думках — па некалькі разоў. І гэта ў пэўнай ступені адбіваецца ў памяці, уплывае на ўспрыманне кнігі і адносін да чытання.
Здаецца, пра гэта памяталі і стваральнікі выдання «Касцюковічы — мой родны край», што пабачыла свет напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў Выдавецкім доме «Звязда» (укладальнік — Вікторыя Шкаруба).
Выданне прапануецца найперш чытачам-першакласнікам. Прызначана яно пазнаёміць з асаблівасцямі і славутасцямі Касцюкоўшчыны. Аднак праз яго даводзіцца асноўная ідэя: Беларусь — цікавая і багатая, светлая краіна, кожны яе куточак варты пільнага вывучэння. І, вядома, даведацца пра тое, чым яна адметная, што ўяўляе сабой яе народ, неабходна маленькім чытачам.
Пра гісторыю, культуру, прамысловасць, прыроду Касцюковіцкага раёна расказвае маленькаму чытачу буслік Ясь, які вітае першакласнікаў у пачатку кнігі, выступае экскурсаводам у вандроўцы па часе і прасторы, а затым развітваецца фінальнай нататкай «Мы — будучыня нашай краіны». У своеасаблівым наказе на дарогу гучаць словы, што абагульняюць новыя веды, атрыманыя падчас чытання: «Касцюковіцкая зямля прыгожая, зялёная і ўрадлівая. Тут раскінуліся шырокія палі, густыя лясы і ціхія рэкі. Гэтая зямля сонечная, гасцінная і багатая на добрых людзей. У лясах жывуць спрытныя зайцы, хітрыя лісы і вясёлыя птушкі. На палях можна ўбачыць белых буслоў, якія прыносяць радасную вясну. Жыхары Касцюкоўшчыны працавітыя, добразычлівыя і таленавітыя. Яны шануюць старажытныя традыцыі, любяць сваю родную зямлю і берагуць яе. Мы хочам, каб наша краіна была моцнай, прыгожай і шчаслівай. Мы вучымся, каб стаць разумнейшымі, добрымі і смелымі людзьмі. Мы будзем берагчы прыроду, шанавацьтрадыцыі і паважаць адно аднаго. Разам мы зможам зрабіць Беларусь светлай, сучаснай і квітнеючай...»
Дык чым адметнае гэтае выданне? Па-першае, яно сістэматызуе веды на тэму мінуўшчыны і сучаснасці Касцюковіцкага раёна. Па-другое, інфармацыя ў розных раздзелах пададзена неаднастайна, да кожнай тэмы стваральнікі імкнуліся падысці па-свойму. Па-трэцяе, дапаможнік-падарунак дапоўнены гульнямі, рэбусамі, крыжаванкамі, што робіць яго асабліва прывабным для дзяцей адпаведнага ўзросту. Між тым, любы чытач (а гэта могуць быць і бацькі школьнікаў) вызначыць для сябе іншыя важныя характарыстыкі кнігі «Касцюковічы — мой родны край». Галоўная ж вартасць — маленькім жыхарам раёна ёсць на што абапірацца падчас вывучэння сваёй радзімы.