Гэта не зусім тыповая кніга для Выдавецкага дома «Звязда», калі параўноўваць з іншымі сёлетнімі навінкамі. Варта адразу адзначыць, што гэта дэбют у літаратуры Аляксандра Майстрэнкі, які па родзе сваёй дзейнасці не мае дачынення да творчасці.
Кніга выйшла тыражом 700 асобнікаў і мае абмежаванне па ўзросце 18+. У першы зборнік Аляксандра Майстрэнкі ўвайшлі тры аповесці — «Бремя», «Перья» і «Распорядители душ». У анатацыі называюцца галоўныя плюсы гэтых твораў — жывы, гутарковы стыль, інтрыгуючыя містычныя сюжэты і нечаканыя фіналы.
Ужо па вокладцы бачна, што выданне прызначана для дарослага чытача: на ёй адлюстраваны ці то Дзементар са славутага «Гары Потэра», ці то нейкая здань, якая навісае над бацькам і дзіцем (хто гэта насамрэч, стане вядома з твора «Распарадчыкі душ»). Наогул, усе ілюстрацыі мінімалістычныя, выкананыя ў чорна-белых тонах, але графіка ліній максімальна перадае настрой кнігі. Дастаткова зірнуць на крыжы, цені, постаці ваўкоў і пачвар і становіцца зразумела — дадзенае выданне больш падыдзе аматарам містыкі, хорару, творам з непрадказальнай развязкай.
Хоць гэта і дэбют аўтара, але яму ўдалося стварыць у сваіх аповесцях такую атмасферу, што да фінальных старонак нервы напружваюцца, як канаты, і хочацца даведацца, хто ж пераможа ў змаганні дабра са злом. А магчыма, хтосьці з вас і чакаў менавіта такую кнігу?
Адкрывае выданне аповесць «Цяжар». У яе галоўнага героя, фатографа Рамана Коркіна, было цяжкае дзяцінства, бо ён не зведаў бацькоўскай любові — рос у інтэрнаце... Аднойчы ў яго звычайным жыцці ўсё змянілася: пасярод вуліцы хлопца спыніла бабуля. Жанчына сціснула яго рукі са словамі: «Возьми себе бремя, пришло моё время!» Пасля чаго паглядзела ў майскае неба ўжо нежывымі вачыма... Так у хлопца з’явіўся незвычайны дар: ён мог бачыць памерлых і размаўляць з імі. Каб не было спойлера, дадам толькі, што, калі чытаеш гэты твор, узнікае думка: а што б сама зрабіла на месцы героя, калі б мела такі вось дар, і ці дар гэта наогул, калі разабрацца? Дарэчы, ёсць у творы і рамантычная лінія. Варта адзначыць, што дзеянне адбываецца ў Мінску. Тое, што амаль на кожнай старонцы згадваюцца вядомыя назвы вуліц і месцаў, яшчэ больш паглыбляе ў сюжэт і стварае эфект прысутнасці.
І ўсё ж аўтару гэтых радкоў больш даспадобы прыйшоўся іншы твор кнігі — «Пер’е». У ім пісьменнік па-свойму пераасэнсоўвае сусветна вядомы сюжэт Кіплінга пра Мауглі. Толькі тут на першы план выходзіць вобраз незвычайнай жанчыны. Спадабалася, што расповед вядзецца ад першайасобы. Твор сапраўды захопіць, калі вы цікавіцеся загадкамі на стыку навукі і міфаў, а яшчэ любіце розныя таямніцы.
Пачынаецца аповесць з дыялогу герояў, якія падчас палёту ў верталеце абмяркоўваюць навіну пра з’яўленне ў Алтайскім краі Мауглі. Разгадваць гэты рэбус давядзецца галоўнаму герою Івану Сяргеевічу, які працуе ў адным з НДІ, і малодшаму навуковаму супрацоўніку з яго лабараторыі, прыгажуні Кацярыне Аляксандраўне. Разам яны адправіліся ў камандзіроўку, дзе іх чакалі прыгоды з удзелам людзей-ваўкоў і не толькі. Твор завяршаецца нечакана. Ці, можа, хтосьці здагадаецца?
Фінальная аповесць «Распарадчыкі душ», якая і дала назву ўсёй кнізе, пэўна, маральна самая цяжкая. У ёй ідзе гаворка пра сям’ю, якую нечакана напаткала няшчасце. Заўсёды няпроста чытаць пра набліжэнне смерці блізкіх людзей... Гэты твор паказвае ўсю моц любові да родных, ахвярнасць дзеля выратавання любімых. Магчыма, хтосьці з чытачоў пазнае ў галоўным героі сябе. Часам вера ў выздараўленне і ў свае сілы падштурхоўвае да самых неверагодных подзвігаў, нават калі ўрачы ўжо бяссільныя...
Ірына ПРЫМАК