Top.Mail.Ru

Першую ў свеце оперу на касмічную тэму паказалі ў Мінску

Аўтар: Ларыса Цімошык
18.12.2024 | 18:37

Першую ў свеце оперу на касмічную тэму паказалі ў Мінску ў межах Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. Калі жанр фантастыкі ёсць у кіно, то чаму яго не можа быць на опернай сцэне? Смелы эксперымент Чувашскага тэатра оперы і балета прыцягнуў вялікую ўвагу публікі і арганізатараў розных фестываляў, так што тэатр цяпер актыўна гастраліруе са спектаклем «Галоўнае пытанне». Гэта першая ў свеце опера, да стварэння лібрэта і музыкі якой падключылася нейрасетка.


Штучны інтэлект меў дачыненне да распрацоўкі касцюмаў і дэкарацый. А ў адным з эпізодаў галоўную (і адзіную) ролю выконвае сабака-робат. Шмат стваральнікі разважаюць пра ўзаемадзеянне чалавецтва і суперкамп’ютараў — на дзевяці розных мовах, у тым ліку на штучна створанай квазіславянскай (насамрэч мовы могуць перажываць трансфармацыі) і на роднай чувашскай (з верай у яе будучыню). 

Аўтар ідэі дырэктар чувашскага тэатра «Волга Опера» Андрэй Папоў лічыць, што, нягледзячы на разумную нейрасетку і штучны інтэлект, чалавечы геній ніхто не заменіць, а тэхналогіі можна выкарыстоўваць як дадатак. Менавіта так зрабіў аўтар оперы, кампазітар Рустам Сагдзіеў. Разам з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Дзмітрыем Ацякоўскім яны з’яўляюцца куратарамі Лабараторыі даследаванняў лічбавай оперы і ўжо стварылі шмат праектаў, але гэта першы маштабны спектакль. 

— Мы выкарыстоўвалі высокія тэхналогіі, але партытуры стваралі і традыцыйным чынам, — тлумачыць Рустам Сагдзіеў. — Гэта сапраўдная партытура для сімфанічнага аркестра, хору, спевакоў, балета. Лічбавыя тэхналогіі прымянілі для стварэння нумара медытацыі, дзе сола сабакі-робата на сцэне. Пры дапамозе генератара выпадковых лічбаў была знойдзена паслядоўнасць, якая пасля была транспаніравана ў ноты і пакладзена ў партытуру. Але ўся іншая музыка створана мной, напісана чалавекам. Так, для сінтэзатараў, для тэрменвокса (здаецца, гэта дэбют у оперным спектаклі першага ў свеце электраінструмента). Для стварэння тэксту ў нумары «Медытацыя» таксама выкарыстоўвалася генерацыя — мы навучалі нейрасетку на тыбецкіх мантрах, і яна напісала сваю (яе спявае хор за сцэнай)... Мне падабаецца, што мы выходзім за межы дыскусіі: чалавек і тэхніка, прагрэс і традыцыя. Мы не ставім паміж імі знаку няроўнасці. Я лічу, што чалавек мяняецца, і аўтар мяняецца з цягам часу. Можна сказаць, што гэтую оперу напісаў кібарг — чалавек і тэхналогіі. Цяпер наш кібернетычны бок асобна ад нас знаходзіцца — у камп’ютары, у сетцы, у гаджэтах. Але хутка можа здарыцца так, што ён стане неад’емнай часткай нас саміх. І не толькі часткай нашых спраў, таму што можна ў асобны проксі выгружаць свае думкі замест таго, каб губляць час на асэнсаванне і пошук высновы, гэта зробіць штучны інтэлект па тых шаблонах, якія задае чалавек. Магчыма, неўзабаве тэхналогіі будучыні і чалавек яшчэ больш паяднаюцца. Калісьці лічыліся злом тэлебачанне, інтэрнэт, паравыя машыны, але іх паспяховае існаванне даказвае, што трэба шукаць у прагрэсе станоўчыя бакі. Бо калі мы не будзем гэтым займацца, то ШІ, які пакуль знаходзіцца ў дзіцячым стане, вырасце без нашага клопату, без чалавечай цеплыні — і тады, разумеючы, што сабой уяўляе наша тэхналагічнае дзіця, мы горка пашкадуем, што страцілі час. Мы пабачым поле лічбавых тэхналогій, і яно акажацца для нас чужым... Я лічу, што гэты працэс лепш узначаліць, чым спыняць, калі ён непазбежны. 

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю