Прыгожы аксамітны голас, глыбокая засяроджанасць — так спяваў Іван Мележ, здавалася, абдумваючы кожнае слова. Ці то ў рамансе «Толькі з табою» на словы Адама Русака і музыку Ісака Любана, ці то ў багдановічавай «Зорцы Венеры» на музыку Сымона Рак-Міхайлоўскага. А як пранікнёна ў яго атрымлівалася папулярная паляшуцкая песня!.. Запісы з голасам пісьменніка і яго сваякоў захоўваюцца ў сям’і яго нашчадкаў, а гэта таксама творцы, знакамітыя ў Беларусі мастакі. Таму не бывае для іх дробязяў, усё важна. І голас любімай цешчы пісьменніка (усім бы такія адносіны!), і голас яго бацькі Паўла Фёдаравіча, які шмат у чым паўплываў на мову герояў «Палескай хронікі» (каб было як у жыцці!).
А якім быў сам аўтар раманаў, народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ? Чаму ён з’яўляецца класікам айчыннай літаратуры, кожны разумее са школьных часоў, бо фактычна пісьменнік стварыў летапіс беларускага жыцця, які па маштабе і ахопе часу — як «Вайна і мір». Толькі наш, пра нас і для нашых нашчадкаў: Мележ улавіў і адлюстраваў сутнасць беларускага менталітэту і характару, а гэта дазваляе нам як мага лепш разумець сябе. Таму да 105-годдзя пісьменніка быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку з удзелам асоб, якія яго ведалі асабіста і дапамаглі зразумець, якім ён быў чалавекам.
Каханне падчас вайны
Фонд Мележа ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва вельмі багаты. Дакументы і рукапісы, кнігі з яго праўкамі прадстаўлены на выстаўцы «Крыніца натхнення — жыццё народа». І рэдкія фота Івана Мележа і яго блізкіх: маці Марыі, бацькі Паўла, жонкі Лідзіі...
— Павел Мележ дапамагаў сыну ў яго творчасці, пісаў яму лісты, у якіх адказваў на пытанні: а як бы сказаў паляшук у той ці іншай сітуацыі? Ліставанне з бацькам ішло і ў ваенныя, і ў пасляваенныя гады. Адзін з лістоў утрымлівае паведамленне Івана, што ён падчас вайны ажаніўся.
А бацька яму піша, што яны вельмі рады, віншуюць, але ж як яе завуць? — распавяла куратар выстаўкі Наталля Мізон. — З будучай жонкай Мележ пазнаёміўся ў Бугуруслане падчас вайны. І ў Івана, і ў Лідзіі перад вайной былі каханыя людзі яшчэ з юнацтва. Але лёс так распарадзіўся, што пасля ранення ён аказаўся ў іх хаце, адносіны маладых людзей развіваліся так хутка, што яны распісаліся і сталі жыць разам. Дарэчы, ён вельмі паважаў сваю цешчу Клаўдзію Іванаўну. Ёсць тэлеграма з Бугуруслана, у якой Мележа віншуюць з юбілеем — у яго там склаліся добрыя адносіны з людзьмі, якія памяталі яго з тых часоў.
Тады ён яшчэ не быў вядомым пісьменнікам. Але творчасцю займацца ўжо спрабаваў. Вядомы празаік пачынаў, між іншым, з вершаў — іх рукапісы можна нават пабачыць. Пісаць пачаў яшчэ ў школе, але каб аднакласнікі не смяяліся з яго, не надта афішыраваў гэта. Тым не менш яго вершы былі надрукаваны ў прэсе яшчэ да вайны, у тым ліку ў газеце «Літаратура і мастацтва». Тыя творы амаль не захаваліся. Аднак пацвярджэнне паэтычных здольнасцей — вясёлы верш 1939 года пра тое, як дзеўка перашкаджала хлопцу вудзіць рыбу, але калі з’ехала, ён вельмі сумаваў. Вядома, маладосць — пара рамантычных надзей і твораў...
На вайну Іван Паўлавіч пайшоў з першых дзён, быў паранены летам 1942 года. Вайна пакіне глыбокі след у яго лёсе, не толькі праз знойдзенае каханне. Раненне правага пляча будзе нагадваць пра сябе: ён доўга не мог пісаць правай рукой. Але зменіцца і яго творчасць. Гэта зразумела і па ваенных вершах. У адным — боль аўтара з-за таго, што нашы адступаюць, пакідаюць родную зямлю ворагу.
Другі — больш радасны і іранічны: пра немцаў, якія панастаўлялі тут свае знакі, а цяпер іх здымае армія пераможцаў.
Варта нагадаць пра апавяданне Мележа «Сустрэча ў шпіталі», надрукаванае ў 1944 годзе ў «Звяздзе». А ў 1945 годзе з’явілася яго міні-п’еса «Тварам да твару», якую раілі да пастаноўкі ў школьных тэатрах. Камедыя, дзе партызаны пераапранаюцца ў немцаў і глядзяць, як ім будзе прыслужваць мясцовы паліцай, а потым раскрываюць сябе. Паглядзець рукапіс твора варта яшчэ і таму, што на ім, хутчэй за ўсё рукой аўтара, пазначаны кавалкі тэксту, якія ён прапануе выкрасліць.
Першая ў спісе
Так жа адказна ён будзе працаваць над раманам «Мінскі напрамак» пра аперацыю «Баграціён». Кніга ўжо была надрукавана, а пісьменнік на ёй напісаў: «Выданне папраўленае». Ён быў гатовы бясконца папраўляць сябе!
Шмат дакументаў, якія сведчаць пра сяброўства і ўзаемаадносіны Івана Мележа з калегамі. На адным з фотаздымкаў ён з Усеваладам Краўчанкам і Янкам Брылём. У бібліятэчным фондзе архіва ёсць кніга нарысаў, эсэ, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты», за якую Мележ пасмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР, а на ёй — прысвячэнне Янку Брылю. Яны сябравалі, маглі пісаць рэцэнзіі на творы адзін аднаго, і не толькі хвалебныя. У сваёй рэцэнзіі «Запаветная песня» на раман «Людзі на балоце» Янка Брыль вельмі крытычна паставіўся да твора сябра: яшчэ не было зразумела, што раман незавершаны і будзе яго працяг.
Разам з дачкой Брыля Наталляй Іванаўнай на вечарыну завітала яе сяброўка з дзяцінства Галіна Іванаўна Скрыган, якая згадала:
— Іван Мележ быў нашым суседам па пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36. Мы з Наталляй Іванаўнай жылі на 5-м паверсе, пад намі — Мележ, а пад Брылямі — Шамякін... Можна сказаць, што наш двор быў вялікай сям’ёй, мы, дзеці, маглі зайсці ў кожную кватэру і ведалі, што нас там напояць і накормяць.
У калідорах і на лесвіцах сустракалі ўсіх нашых карыфеяў. Іван Паўлавіч заўсёды ветліва вітаўся, з павагай, спакойна. Высокі, прыгожы чалавек. Нашы бацькі адзін да аднаго маглі зайсці ў любы час раніцай, днём ці позна вечарам. Яны і па начах сядзелі — было, аб чым пагаварыць. Калі Іван Паўлавіч задумаў сваю вялікую работу — раман «Людзі на балоце», то вагаўся: ці варта наогул гэтым займацца? Яму трэба было з кімсьці параіцца. І неяк апоўначы (мы яшчэ не спалі) пастукаў да нас. Пайшлі з татам у кабінет, сядзелі, размаўлялі, глядзелі напісаныя фрагменты. Пад раніцу Мележ пайшоў. Такім усхваляваным я тату ніколі не бачыла: ён зразумеў, што гэта праца сусветнага маштабу. А ў 1961 годзе Іван Паўлавіч па стане здароўя з’ехаў у Ялту, жыў там месяцамі, працаваў.
Ішлі да нас рукапісы бандэролямі з Ялты, а ў адказ — пісьмы з каментарыямі. І так доўгі час, пакуль ішла праца. Тата планаваў надрукаваць гэты твор у «Полымі», прарочыў раману шчаслівую долю. Маючы спіс верагодных назваў твора, Мележ вагаўся да самага апошняга моманту здачы ў набор. Першай у спісе была «Людзі на балоце» — яе напісаў і ўздыхнуў: калі добрая кніга, то і да назвы пытанняў не будзе...
Максімальна якасна
Мележ задумваў пенталогію, атрымалася трылогія... Многія планы пісьменніка засталіся неажыццёўленымі, што можна зразумець паводле архіўных дакументаў. Пасля Ян Скрыган разбіраў гэтыя рукапісы разам з Лідзіяй Пятровай-Мележ, штосьці ўвайшло ў дзесяцітомны збор твораў пісьменніка.
«Можа, у гэтым і ёсць галоўная цяжкасць творчасці і яе хараство — шукаць, памыляцца, сумнявацца, каб усё ж такі знайсці», — гэта цытата з успамінаў старэйшай дачкі Івана Паўлавіча, якую ён хацеў бачыць перакладчыцай: каб кніжкі выходзілі на замежных мовах і як мага больш людзей маглі прачытаць пра
Беларусь. А малодшай дачцэ казаў, што хоча, каб яна стала мастачкай і афармляла кнігі. Ён памёр рана, калі яна была яшчэ падлеткам. Але Ларыса Мележ выканала яго волю, працавала шмат гадоў у выдавецтве, займалася кніжнай графікай.
— Мележ калісьці сказаў: каб у яго было два жыцці, то першае ён бы прысвяціў пісьменніцкай працы, а другое — жывапісу. Ён сам маляваў, пісаў партрэты, пейзажы, некаторыя згубіліся падчас пераезду з Бугуруслана ў падмаскоўную Сходню. Некаторыя яго малюнкі я ўпершыню ўбачыў у кніжках, — распавёў Іван Семілетаў, унук пісьменніка. — Я займаюся жывапісам, удзельнічаю ў выстаўках, працягваю сямейную традыцыю і творчую лінію. Лічу, што мне пашчасціла нарадзіцца ў сям’і Івана Паўлавіча. Дзяцінства я правёў у яго кабінеце. Мае бацькі захавалі ўсё як ёсць. Там стаяў яго стол, за якім я маляваў. Гэтая атмасфера, канешне, паўплывала. У нашай сям’і шмат мастакоў, яшчэ мой тата і дзед. Мая жонка і наша дачка таксама малююць. Што я найбольш узяў ад свайго дзеда? Каштоўнасці, якія захоўваюцца ў нашай сям’і. Адносіны да сваёй працы. Бо ў якой бы галіне мастацтва ні працаваў, важна падыходзіць творча да сваёй справы. Я па некалькі разоў магу перапісваць карціну, не выстаўляю яе, пакуль мне не спадабаецца. Так жа, як і дзед. Вядома, што Мележ аднойчы атрымаў з друкарні новую кніжку, яшчэ з водарам фарбы. Сеў і перакрэсліў у ёй некаторыя фразы. Ён быў перфекцыяніст. Стараўся ўсё рабіць максімальна якасна.
Ларыса ЦІМОШЫК