Top.Mail.Ru

Пра разведчыка Івана Коласа

Аўтар: Алесь Марціновіч
14.05.2026 | 18:05
Хаджэнне над прорвай

Вялікая Айчыннай вайна не толькі засведчыла масавы гераізм савецкага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Яна дала і плеяду разведчыкаў, якія вядомы ў свеце. Аднак былі і такія, пра якіх доўгі час мала ведалі. Сярод іх герой... Не, не Герой Савецкага Саюза, а Герой Расіі Іван Колас. Дарэчы, гэтую высокую ўзнагароду ён атрымаў толькі праз пяцьдзясят гадоў пасля таго, як дакументы былі пададзены на яе. Гэта пры тым, што з яго данясеннямі ў гады вайны знаёміўся Вярхоўны Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін. Коласа ў сваіх успамінах згадвалі Георгій Жукаў і Канстанцін Ракасоўскі. 

А ўсё таму, што праўда пра Варшаўскае паўстанне замоўчвалася.

Цікавы і такі факт: у 2003 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Францыска Скарыны, бо Іван Андрэевіч да ўсяго і пісьменнік, аўтар пяці кніг. Што да кніг пра самога Івана Коласа, дык дакументальна-мастацкія аповесці — «Разведчик Генерального штаба» (2006) і «Резидент Генерального штаба» (2007) — прысвяціў яму Рыгор Андрэявец. І вось новая — «Резидент ГРУ», у якой ён зноў звярнуўся да подзвігу ўраджэнца вёскі Картынічы Лельчыцкага раёна. 

Біяграфія Івана Андрэевіча — унікальная. З пачаткам вайны быў залічаны ў каманду асобага прызначэння пры штабе Заходняга фронту. Закончыўшы Вольскае пяхотнае вучылішча, быў начальнікам штаба стралковага батальёна. На жаль, гэтым разам шлях барацьбы з гітлераўцамі быў кароткі. Акружэнне, выжылі ня-многія. Пашчасціла і яму. Прабраўшыся ў родную вёску, стварыў падпольную групу. На аснове яе ў лістападзе 1942 года арганізаваў і ўзначаліў Лельчыцкі партызанскі атрад. За паўтара года на базе яго ўзніклі яшчэ тры атрады, а калі разам узяць — партызанская брыгада. Дзесьці каля 700 чалавек. 

У новай кнізе Рыгора Андрэяўца не толькі працяг размовы пра таго, хто разам са сваімі таварышамі знаходзіўся ў самым цэнтры змагання. Гэта і далейшае знаёмства з ваеннай біяграфіяй Коласа, напрыклад, у раздзеле «Группа 117» расказваецца аб разведвальна-дыверсійнай дзейнасці яго групы на Міншчыне і Брэстчыне. Важны і такі момант. Калі Іван Андрэевіч пасля наладжвання пастаяннай сувязі з Цэнтральным штабам партызанскага руху перайшоў у падначаленне ГРУ, настаў новы, самы важны перыяд у яго дзейнасці. На ім і засяроджвае ўвагу Рыгор Андрэявец. 

«Жалезны Колас» (а гэта адна з яго падпольных мянушак) у творы паўстае асобай, вымушанай у найцяжэйшых умовах паспяхова вырашаць складаныя задачы, якія простаму смяротнаму, здавалася б, не пад сілу. Безумоўна, гэта было і раней, калі ён два разы аказваўся ў тыле праціўніка. Усе заданні былі складаныя, пры выкананні іх заўсёды знаходзіўся на валасок ад смерці. Аднак куды больш складаным і небяспечным было апошняе. 21 верасня 1944 года яго «закінулі» ў Варшаву, якая паўстала супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

Ужо адразу не пашанцавала. Калі прызямляліся на парашуце на скрыжаванні вуліц Маршальска і Пенкна, быў цяжка паранены радыст, які хутка памёр. Давялося дзейнічаць без наладжвання радыёсувязі з камандаваннем. Толькі нездарма кажуць: усякае ліха на дабро выходзіць. Выпадкова сустрэўся з радысткай з польскай дывізіі імя Касцюшкі Хеленай Шамановіч (псеўданім Вікторыя). Узнікла падазрэнне ці не правакатар яна, але, як высветлілася, казала праўду. 

Пра гэта Рыгор Андрэявец апавядае так, нібыта сам знаходзішся ў гэты момант у Варшаве. Падрабязна, але не злоўжываючы ўвагай чытача, засяроджваецца на тым, каб як мага больш пераканаўча паказаць, як дзейнічае ў экстрэмальных умовах галоўны персанаж аповеда. Дакладна перададзена і абстаноўка, якая на той момант склалася ў акупіраваным горадзе. Гэта ж сёння добра вядома, што тады адбывалася ў Варшаве. А ў той час было шмат няпэўнасці. З ёю, як ніхто іншы, сутыкнуўся і рэзідэнт ГРУ. Менавіта ён па спецыяльным заданні камандуючага 2-ім Беларускім фронтам Маршала Савецкага Саюза Канстанціна Ракасоўскага павінен быў правесці перагаворы з камандуючым Арміі Краёвай Бур-Камароўскім для ўзгаднення сумесных дзеянняў супраць фашысцкіх войскаў. Як вядома, той адмовіўся выступіць супраць іх, у выніку паўстанцы з Арміі Людовай і Арміі Краёвай былі разгромлены.

Выйсці з асаджанай Варшавы было практычна немагчыма. Паўсюль знаходзіліся нямецкія абарончыя рубяжы, шлях перагароджвалі разваліны, якія гарэлі. І капітан Каласоўскі прыняў адзінае магчымае рашэнне: прабрацца на другі бераг Віслы па каналізацыйных трубах. Гэта пры тым, што схем, канешне, у іх не было, у некаторых месцах тунэлі былі затопленыя. Ды і заблудзіцца лёгка. Пашанцавала: 1 кастрычніка 1944 года яны з радысткай пад ураганным агнём праціўніка дасягнулі мэты. Канстанцін Ракасоўскі не проста высока ацаніў выкананае заданне, але і адразу ўручыў Івану Коласу ордэн Чырвонага Сцяга. 

У творы невыпадковы падзагаловак «киносценарий». Рыгор Андрэявец спадзяецца, што ім зацікавяцца не толькі чытачы, а і людзі творчыя, якія маюць дачыненне да кіно. Нельга не пагадзіцца з Рыгорам Андрэяўцом: «И эта идея должна осуществиться сейчас, когда на нас идут идеологические атаки с Запада, когда патрио-

тическое воспитание становится основой нашего теперешнего бытия. Пусть эти фрагменты станут первыми кирпичиками для написания сценария художественного фильма „Резидент ГРУ“». Гэты фільм, як і кніга Рыгора Мікалаевіча, яшчэ больш наблізілі б легендарнага разведчыка да нас. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю