Top.Mail.Ru

Пра што новая кніга Міхася Слівы?

08.08.2025 | 07:00

Новую кнігу прозы вядомага пісьменніка, публіцыста і перакладчыка Міхася Слівы «Аб чым спявае галубка» склалі пераклады на родную беларускую мову паводле апавяданняў кітайскіх творцаў Хэ Шыгуана і Фэн Цзіцай, венгра Янё Ёжы Цяршынскага, англічаніна С. Найпала, румына Тудара Аргезі, француза Адрэ Маруа, немцаў Марціна Фітэля, Р. Бехера і Петэра Хакса, казаха Дукенбая Дасжанава, рускіх Мікалая Рэрыха і Святланы Макаравай-Грыцэнка. 


Зразумела, што вопытны перакладчык Сліва данёс да беларускіх чытачоў толькі тыя творы, якія спадабаліся яму самому. 

А густ у творцы — адметны, патрабаванні — высокія. Таму і пераклады атрымаліся, на мой погляд, удалыя, без аніякай моўнай вычварнасці. Усё, што творцы хацелі сказаць, проста і зразумела, якасна данесена рупным перакладчыкам да нас. Паколькі ў тэкстах паказана рэальнае, а не прыдуманае жыццё з яго самымі рознымі, часам нечаканымі падзеямі. Гэта, напрыклад, тычыцца апавяданняў «Д’ябальская сіла віна», «Дабрыня чалавечая», «Банальная ісціна», «Нараджэнне славутасці», «Аб тайне мастацтва», «У кожным чалавеку загінуў паэт», «Цёплы дождж» і нават «Ці бываюць у шчасці сябры?». Чаму я пішу «нават»? Таму што надзвычай кароткі твор-прытча аб шчасці Мікалая Рэрыха настолькі праўдзівы, настолькі павучальны, што не ўзнікае ніякага сумневу. Ды ў гэтым чытачы адразу пераканаюцца самі, калі прачытаюць. Асабліва выснову: «У шчасці не бывае сяброў». 

У падобным кірунку вымушаюць перажываць, хвалявацца разам з героямі твораў «Цёплы дождж» Дукенбая Дасжанава пра жыццё працаўніка баваўнаводчага саўгаса, бацькі дзесяці дзяцей Саятаса і «Прэмія» Святланы Макаравай-Грыцэнка аб перыпетыях складанага пісьменніцкага лёсу. 

Удала дапаўняюць раздзел «Дабрыня чалавечая», які аб’яднаў названыя аповеды, афарызмы сірыйскага пісьменніка Абу-ль-Аля-Маарры. Іх нямнога, але кожны таксама ўзяты з жыцця, прайшоў выпрабаванне ім, не выклікае супярэчлівых думак. Хаця... як паглядзець. Возьмем афарызмы «Разумны толькі той, хто праўдзе сябар і брат» альбо «Няма нічога горш, чым клопаты жыцця». Ці адпавядаюць яны сённяшняй рэчаіснасці?.. Перакладчык, як мне здалося, наўмысна скарыстаў іх, як і некаторыя іншыя ім падобныя, каб прыдзірлівы чытач звярнуў сваю ўвагу на такую асаблівасць ці нават адметнасць і затым параўнаў, паразважаў, акрэсліў, скарыстаў урэшце пры неабходнасці. Тым болей, што афарызмаў іншых пісьменнікаў у кнізе няма.

Дык «Аб чым спявае галубка» шаноўнага Міхася Слівы, калі ён у назве кнігі не захацеў ставіць пытальнік? Вядома ж, аб жыцці, з яго радасцямі, смуткам, існуючымі праблемамі. І спеў гэты — чароўны, услаўляе перамогу дабра над злом.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю