Top.Mail.Ru

Пра што новая кніга Улады Альхоўскай?

Аўтар: Лізавета Крупянькова
31.03.2026 | 18:43
Славянская міфалогія з беларускім акцэнтам

Скептыкам, якія лічаць, што ў сучаснай беларускай літаратуры няма добрых фэнтэзійных твораў, прапаноўваем звярнуць увагу на новую кнігу Улады Альхоўскай «Мінская містыка-2: Вечнае Полымя», якая выйшла сёлета ў Выдавецкім доме «Звязда» (серыя «Нацыянальная літаратурная прэмія»). Чытача чакаюць новыя прыгоды ўжо знаёмых па першай частцы герояў, яркія і, магчыма, дзесьці несправядліва забытыя прадстаўнікі славянскай міфалогіі, інтрыга, якая цесна пераплятаецца з магічнай рэальнасцю, і стары добры Мінск, чые ціхія бяспечныя вулачкі становяцца сапраўдным полем бою.

І зноў у цэнтры падзей мінская нечысць, якая ўжо даўно мірна існуе побач са звычайнымі людзьмі. Аднак прасторава-часавыя анамаліі змянілі звыклы ход падзей. Цяпер аб’яднаным сілам градварты і атраду волатаў трэба знайсці першапрычыну беспарадку, пакуль горад канчаткова не звар’яцеў... 

Твор можна аднесці да гарадскога фэнтэзі з элементамі дэтэктыва. Усіх аматараў жанру, безумоўна, зацікавіць славянская міфалогія з беларускім акцэнтам, якая арганічна ўпісалася ў сучасныя гарадскія рэаліі. Многія аўтары, калі звяртаюцца да славянскіх легендаў і паданняў, альбо пераносяць падзеі ў мінулае, дзе магія і міфалагічнае мысленне выглядаюць як норма, альбо ствараюць цалкам выдуманыя светы, дзе чараўніцтва з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця. Улада Альхоўская выбірае іншы шлях: яна пасяляе міфалагічных істот у сэрца сучаснага Мінска, робіць іх суседзямі звычайных людзей і важнай часткай соцыуму. 

Пісьменніца адыходзіць ад вядомых характарыстык нечысці: ваўкалакі, русалкі, лесавікі, ведзьмы, ліхаманкі, волаты набываюць новыя рысы, якія чытач можа заўважыць у звычайным прахожым, што надае персанажам праўдападобнасці. Напрыклад, кожны чалавек абавязкова ў сваім жыцці сустракаў хаця б аднаго злыдня. У творы Улады Альхоўскай гэтыя істоты ў абліччы чалавека вельмі любяць спрачацца ў грамадскім транспарце, слухаць музыку на максімальнай гучнасці пасля дваццаці трох гадзін, пісаць негатыўныя каментары ў інтэрнэце. Праз сваіх герояў пісьменніца прапаноўвае чытачам задумацца над уласнымі ўчынкамі, знайсці гэтую тонкую мяжу, калі чалавек ператвараецца ў нечысць.

Вядома, кнігу нельга паставіць у адзін шэраг з творамі такіх сусветнавядомых фантастаў як Толкін, Марцін, Льюіс, Роўлінг і інш. Аднак гэта добрая гісторыя, дзе знаёмыя яшчэ з беларускіх казак міфалагічныя істоты атрымліваюць права на новае жыццё, становяцца часткай нашай рэальнасці. Мінск у фантастычнай гісторыі Улады Альхоўскай не толькі месца дзеяння, гэта жывая істота са сваім характарам і рытмам жыцця. І кожнаму, хто з сімпатыяй ставіцца да беларускай сталіцы, будзе цікава ўбачыць, як таленавіта аўтар надзяляе звычайныя гарадскія аб’екты чароўнай энергіяй і паказвае іх у новай якасці.

Лііавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю