Гісторыя Кацярыны — галоўнай гераіні апавядання, якое называецца так, як і сама кніга, чытаецца лёгка, хоць тэма, якую ўздымае аўтар, сур’ёзная.
А яшчэ яна ў кантэксце нашага часу.
Актуальнасць «Сачыненню на галоўную тэму» надае той факт, што ў апавяданні згадваецца самая важная падзея ў жыцці нашай краіны, якая адбылася літаральна нядаўна, — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Твор атрымаўся дынамічным: у ім не сачыненне як такое, а хутчэй думкі ўслых падчас прагулкі сяброў-школьнікаў. Каця разам з Веранікай, Алесяй, Міраславай, Аляксеем, Мішам і Максімам адпраўляецца ў парк да помніка Марату Казею. А па дарозе дзеці разважаюць пра галоўныя дасягненні Беларусі, расказваюць, чым яны асабліва ганарацца. Вядома, у кожнага свой погляд на тое, што трэба напісаць у сачыненні на тэму «Сённяшні дзень маёй краіны». І наўрад ці варта раскрываць інтрыгу. Няхай юныя чытачы самі даведаюцца, за што настаўніца 4 «Б» паставіла класу дзясяткі. Нават завуч і дырэктар здзівіліся: няўжо не было граматычных памылак? Але Стэфанія Якаўлеўна заўважыла: «Галоўнай памылкі мае вучні не дапусцілі, і я веру, што не дапусцяць ніколі».
Гэты твор можна параіць для пазакласнага чытання ў пачатковай школе, для ўрокаў патрыятычнага выхавання на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
Чацвёртакласнікі невыпадкова ішлі менавіта да помніка юнаму партызану, Герою Савецкага Саюза Марату Казею, бо ў апавяданні робіцца акцэнт на тым, што праз нейкі час дзеці стануць яго равеснікамі, але ім, у адрозненне ад Марата Казея, пашчасціла жыць і вучыцца ў мірны час…
Кніга «Сачыненне на галоўную тэму» дэманструе ўсе грані творчасці Алеся Карлюкевіча, бо пад адной вокладкай сабраны не толькі апавяданні, але і эсэ і казкі. Такім чынам, юны чытач можа пыглыбіцца не толькі ў свет таямніц і мар дзяцей, але і ў свет краязнаўства, радзімазнаўства. Магчыма, кагосьці гэтая кніга нават натхніць угаварыць бацькоў адправіцца ў выхадныя ці падчас адпачынку ў вандроўку па нашай краіне, бо на яе старонках згадваюцца цікавыя маршруты і славутасці, якімі варта ганарыцца.
У казцы «Вавёрка піша сачыненне», якая таксама прасякнута вялікай пашанай да свайго роду і краю, зноў прасочваецца сувязь з назвай кнігі, бо гэтым разам на тэму «Мой родны кут» разважае вавёрка Аленка па заданні настаўніка Чорнага бусла. Твор упрыгожвае хоць і невялічкае, але даволі цікавае паданне пра пчаляра-бортніка, які працаваў у нядзелю замест таго, каб святкаваць. Гісторыя падыдзе нават для дашкалят, якія сапраўды вераць у казку і абавязкова зацікавяцца клопатамі вавёркі. Гэта нават добры псіхалагічны прыём — праз прыгоды жыхароў лесу патлумачыць будучым школьнікам, што значыць выконваць заданні настаўніка, якім важным рэчам вучаць у школе.
А ці зможа галоўная гераіня атрымаць адзнаку за сваё сачыненне, няхай дзеці даведаюцца, прачытаўшы казку.
Дзяўчынкі і хлопчыкі таксама з ахвотай будуць чытаць ці слухаць пра Марыяну (у кнізе ажно некалькі гісторый з яе жыцця). Ёй толькі тры з паловай гады, але дзяўчынка заўсёды знаходзіць выйсце з той ці іншай сітуацыі: калі дзядуля трапіў у бальніцу ці калі яна сустрэла адзінокую бабулю і вельмі захацела яе ашчаслівіць. Марыяна падкупляе сваёй дабрынёй і кемлівасцю. Гэта прыклад маленькага чалавека з вялікім сэрцам. Дзяўчынка паважліва ставіцца да людзей, прычым не толькі родных.
Прыхільнікам творчасці Алеся Карлюкевіча будзе прыемна зноў прачытаць пра прыгоды яго знакамітага героя ў казцы «Эквадорскія сны Шубуршуна». Як відаць з назвы, гісторыя адбывалася ў сне. Капітан лодкі, што вандруе па дняпроўскіх хвалях, хацеў сустрэць Новы год у экзатычнай сталіцы паўднёваамерыканскай краіны — Кіта. Дзякуючы майстэрству аўтара юны чытач задумаецца на тэму любові да свайго краю, бо Шубуршун уздымае філасофскае пытанне: «Якім жа большым можа быць шчасце, як не сустрэча з радзімай?!»
Хоць першапачаткова здаецца, што творы ў кнізе рознага кшталту, іх усе яднае вялікая любоў да роднага — сям’і, свайго краю, краіны, якой сапраўды ёсць чым ганарыцца сёння.
Якая дзіцячая кніга без прыгожых ілюстрацый? Таму варта адзначыць і талент мастачкі Святланы Стахоўскай, якая папрацавала з душой.
Ірына ПРЫМАК