Мне не забыцца песні той даўняе вясны:
— На Мурамскай дарожцы стаялі тры сасны...
Хадзілі мы, спявалі, і з песняй ты цвіла.
Александрына, помніш,якою ты была?
Гэта яго знакамітая «Александрына». Не менш вядомы і верш «Пахне чабор», таксама пакладзены на музыку. Шкада толькі, што родныя мясціны Петруся Броўкі далекавата ад Мінска. У гэтым сэнсе яму не пашанцавала. Таму куды менш наведвальнікаў у музеі, які знаходзіцца ў яго роднай вёсцы Пуцілкавічы Ушацкага раёна.
ПЕСНЯ РОДНАЯ З ДАРАГОЙ УШАЧЧЫНЫ
Мне ж не забываецца прыезд у Пуцілкавічы тым летам, з якога прайшоў не адзін дзясятак гадоў. Забылася, што за мерапрыемства праводзілася на Ушаччыне, але перажытае тады адчуванне помніцца. Ды і ніколі не забудзецца. Гэта была не толькі сустрэча з малой радзімай Петруся Усцінавіча, а і сустрэча з самім паэтам. Без яго, на жаль, бо паэта не стала яшчэ ў 1980 годзе. Але ў Пуцілкавічах зусім па-іншаму загучалі шмат якія творы, набыўшы тую афарбоўку, што адчуваецца, заўважаецца толькі ў родных аўтару мясцінах. І найперш класічны верш «Пахне чабор», на напісанне якога паўплывала, няхай у пэўнай меры і падсвядома, тое, што бачылася яму ў Пуцілкавічах.
Любоў да прыроды адчувалася ўжо ў яго першых творах, апублікаваных у газеце «Чырвоная Полаччына». Глыбока сімвалічна, што аўтар, шмат у чым камсамольскі паэт, які вітаў «новае ранне» ў краіне, які ў той час і значна пазней нямала прысвяціў вершаў апяванню «бурапеннай маладосці», пачаў творчы шлях усё ж з верша «Ой, не шапчы, мая бярозка...», што зместам сваім як быццам далёкі ад той эпохі, якая выклікала нябачаныя дасюль сацыяльныя змены ў жыцці грамадства. Настолькі традыцыйнае прысутнічае ў ім, настолькі сам паўстае звычайным сялянскім сынам.
У Петруся Усцінавіча было нямала паездак па Беларусі, бываў ён і ў іншых краінах, але абавязкова вабіла дарога, дзе звычайны паказальнік на лепельскай шашы сведчыў, што да Пуцілкавіч дзевяць кіламетраў. Нечакана, трапятліва, усхвалявана білася сэрца, і ўжо інакш, зусім іншымі вачыма ўзіраўся ў навакольныя краявіды, спрабуючы знайсці ў іх тое адзінае і блізкае, што асабліва хвалявала.
З ЛЮБАЙ КРЫНІЧКАЙ І МІЛАЙ ПЛАЧКАЙ
Асабліва вабіла крынічка непадалёку. Прайшоўшы летам колькі крокаў па пыльнай траве, можна было падставіць далоні пад халодны бруісты праменьчык, зачэрпаць прыгаршчы сцюдзёнай вады, паднесці да засмяглых вуснаў. Многія з паэтаў, хто сябраваў з ім, называлі яе броўкаўскай. Калі ім надаралася быць на Ушаччыне, любіў паказваць сцежкі-дарожкі, якімі хадзіў колісь. А найперш супыняў машыну на ўзлеску, каб ізноў сустрэцца са сваёй крынічкай. Яго твар у гэты момант станавіўся памаладзелым, адухоўленым. Нібыта перад ёй стаяў не слынны творца, якога ведаюць далёка за межамі Беларусі, а той падлетак, які ўпершыню сустрэўся з гэтай крынічкай, каб пазней пры першай магчымасці прыязджаць да яе.
У гады дзяцінства і юнацтва яму часта даводзілася праходзіць гэтай дарогай, асабліва калі працаваў у Вялікіх Дольцах у ваенкамаце. З ранніх гадоў палюбіў не толькі гэтую крынічку, а і рэчку Ушачку, якую ў адным з вершаў назваў ласкава «мілая плачка». Яна працякала каля самай вёскі, адразу за агародамі.
Любіў паблукаць і лугам, пайсці туды, дзе блішчыць закінутае азярцо.
У сярэдзіне лета, калі паветра станавілася салодка-водарным ад спелых ягад, у дзіўны букет ператвараліся кусты малінніку, крыху далей за Пуцілкавічамі бегла торная сцяжынка, якая чаплялася карэнняў дрэў. Яна для яго ў той час таксама стала жыццёвай дарогай, бо выводзіла на бальшак, што вёў у Барысаў. У гэты горад наведваўся часта, працуючы рахункаводам валаснога выканкама, а пазней старшынёй выканкама сельскага Савета. Заносіў паперы, браў у бібліятэцы кнігі.
ГОЛАСАМ СЭРЦА
З 1940 года Пятрусь Броўка працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. Быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў з партызанскімі выданнямі, а ў 1943 годзе стаў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. І, вядома, нямала пісаў. Не мог не пісаць. Быў перакананы, што праўдзівае слова неабходна ў час, калі ўзнікла пагроза знішчэння роднай краіны. Браўся за пяро з упэўненасцю, што ненавісны вораг будзе знішчаны. Гэтая вера была не толькі на словах, а несла ў сабе тую перакананасць, на якую здатны толькі сапраўдны патрыёт сваёй Радзімы. Каб упэўніцца, што гэта так, дастаткова ўжо двух твораў, напісаных тады, калі пры масавым гераізме ўсё ж было яшчэ шмат няпэўнасці, як разгорнуцца падзеі далей. Верш «Маці» пазначаны кастрычнікам 1941 года, а «Будзем сеяць, беларусы!» з’явіўся ў 1942-м. У першым гучыць напамін аб тым, што беларусам неаднойчы даводзілася змагацца за сваю краіну, але яны не скарыліся: «Не раз мы зносілі насланую бяду, // Не раз знішчалі мы драпежнікаў шалёных; // Змяце зямля і гэтую брыду, — // І выйдзе Беларусь з палону!» Яшчэ больш веры ў лепшае ў другім вершы. Ішоў толькі 1942 год, а колькі аптымізму ў радках:
Хутка вызваляцца гоні
З-пад уціску, з-пад прымусу,
Будзем сеяць, беларусы,
На ўсход сонца чыстым зернем...
Смерць на захад мы павернем!
Як ставіўся Пятрусь Усцінавіч да ўсенароднага змагання з фышызмам, яскрава сведчыць яго верш «І Беларусь, і партызан...», напісаны ўжо бліжэй да нашых дзён, у 1974 годзе, калі было зразумела, што Вялікая Айчынная вайна не забываецца. Шмат робіцца дзеля таго, каб новыя пакаленні памяталі, якой вялікай цаной і, на жаль, з вялікімі стратамі заваяваны мірны дзень.
Таму і наступіў ён, бо народ быў адзіны ў сваіх памкненнях да свабоды:
Мне не забыцца дзён агністых,
Ні страт цяжкіх, ні горкіх ран,
Гучаць суладна і ўрачыста:
І Беларусь, і партызан!
У гэтым гучанні і голас нявінных ахвяр фашызму, сярод якіх была яго маці Алена Сцяпанаўна, якую разам з аднавяскоўцамі вывезлі ў лагер смерці Асвенцім. Яе — за сувязь з партызанамі. Магчыма, нягледячы на нечалавечыя здзекі, неяк і выжыла б. Ва ўсякім разе, калі нелюдзі ў 1943 годзе, чарговы раз пастроіўшы ахвяр, выбіраючы па чарзе, каго весці на згубу ў крэматорый, яе мінулі. Але побач стаяла 14-гадовая дзяўчынка з суседняй вёскі. Адсунуўшы яе назад, Алена Сцяпанаўна выйшла наперад...
Пасля Перамогі Пятрусь Броўка пабываў у Асвенціме, у выніку з’явілася паэма «Голас сэрца» — адзін з найбольш значных антываенных паэтычных твораў у беларускай літаратуры, у якім паўстае звярынае нутро фашызму. Дарэчы, гэты твор першапачаткова называўся «Маўчаць не магу я...», што не менш дакладна вызначала, аб чым хацеў выказацца. Гэтым жаданнем не маўчаць прасякнуты і паэмы «Беларусь», «Кірыл Пракопавіч» (пра Арлоўскага), «Дума аб бессмяротнасці» і іншыя. Плённа працаваў і ў галіне прозы: аўтар рамана «Калі зліваюцца рэкі», аповесцей, апавяданняў. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», з Яўгенам Рамановічам — «Дзяўчына з Палесся», абедзьве былі пастаўлены. Але, безумоўна, асаблівыя яго заслугі ў паэзіі. Як ставіўся да яе, відаць з верша «Паэзія»: «Сябры, навошта словы драць, // Як з той кары бяросту, // Калі як след паразважаць, // Дык гэта вельмі проста — // Паэзіі плысці ракой, // Цячы крынічкай жвавай, // Як на вяселлі маладой, // Заўсёды быць цікавай».
* * *
Уладзімір Гніламёдаў назваў Петруся Усцінавіча «паэтам купалаўскай школы». З гэтым нельга не пагадзіцца. Ды і сам Пятрусь Броўка, што відаць з яго верша «Купала і Колас, вы нас гадавалі...», не забываў аб гэтым: «<...> Мы з імі выходзілі заўжды ў дарогу, // А як акрыляла нас іхняе слова, // Што сказана простаю матчынай мовай». Ацэнка Уладзіміра Гніламёдава не толькі высокая, а і заслужаная, у чым пераконвае найлепшае з напісанага Петрусём Броўкам. Усяго ж Збор яго твораў складаецца з 9 тамоў. Ёсць і тое, што з творчасцю не звязана, але таксама яскрава сведчыць аб вялікай заслузе яго перад Беларуссю, перад родным народам.
Алесь МАРЦІНОВІЧ