У сталічным кінатэатры «Піянер» адбыўся прэм’ерны паказ кінакарціны, знятай Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». Стужка завяршае трылогію аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, створаную ў 2025 і 2026 гадах. Асаблівасцю ўсіх гэтых карцін з’яўляецца падрабязны аповед пра гісторыю стварэння і значэнне нашых дзяржаўных сімвалаў.
Прэм’ерныя паказы фільма «Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь» стартавалі па ўсёй краіне. Асабліва сімвалічна, што гэта адбылося менавіта напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, які краіна адзначыла ў другую нядзелю мая.
Дзеянне фільма пачынаецца на занятках музычнага калектыву. Аповед пра асаблівасці выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь выклікае ў адной з удзельніц — Соні — жаданне даведацца больш пра музычны сімвал нашай дзяржавы. Шукаючы цікавыя факты, дзяўчына сустракае Захавальніка гімна, які расказвае яго гісторыю — ад «Інтэрнацыянала», што гучаў у першыя гады існавання БССР, да сучаснай версіі, выбранай народам і зацверджанай кіраўніком дзяржавы ў 2002 годзе.
У якасці экспертаў у фільме выступаюць вядомыя беларускія дзеячы культуры — старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, дырыжор Аляксандр Фёдараў і іншыя, выкарыстоўваюцца рэдкія дакументальныя кадры і архіўныя матэрыялы, прысвечаныя аўтарам Дзяржаўнага гімна БССР і Рэспублікі Беларусь.
Рэжысёр фільма Ксенія Стрэльчанка адзначыла, што хацелася пазнаёміць гледача з гісторыяй гімна. «Каб ён перастаў быць фармальнасцю, — удакладніла яна. — Многія дзеці не ведаюць пра гімн нічога акрамя таго, што гэта народная песня. Яны не разумеюць, што ляжала ў яе аснове. Мы хацелі парадніць гледача з гісторыяй гімна, таму што калі нешта асабістае даведваемся, пачынаем да гэтага па-іншаму ставіцца.
У фільме здымалася ўладальнік гран-пры XXIII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Амалія Сухан.
— Мне было цікава даведацца, чаму мы ўсе ўстаём, калі іграюць гэтыя ўрачыстыя акорды, — адзначыла юная артыстка. — Усім гледачам, я думаю, будзе цікава пачуць нешта новае пра наш гімн. У стварэнні фільма прымалі ўдзел эксперты, якія падрабязна пра ўсё расказалі.
Дэбютавала ў кіно і мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага тэатра эстраднай песні «Сябрынка» Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода Таццяна Трухан.
— Для мяне прымаць удзел у здымках было вельмі хвалююча і ўрачыста, — падзялілася меркаваннем жанчына. — Даведалася пра некалькі цікавых фактаў пры падрыхтоўцы ролі. Напрыклад, наколькі важна для спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах, каб пры атрыманні прызавога месца гучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. З вялікім гонарам стаўлюся і да самога фільма, што атрымаўся, і да здымачнага працэсу.
Акцёр НАДТ імя Максіма Горкага Кірыл Нікіцін, які выканаў ролю Захавальніка гімна, прызнаўся, што сам у працэсе здымак даведаўся шмат новых фактаў аб адным з дзяржаўных сімвалаў.
— Гледачу варта звярнуць увагу на ўсё, — сказаў акцёр. — І на вельмі працаёмкі працэс напісання музыкі, і на падбор слоў, і многія іншыя аспекты. Такія фільмы, на мой погляд, вельмі важна ствараць. Іх будзе цікава паглядзець кожнаму жыхару нашай краіны.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота «Беларусьфільма»