Top.Mail.Ru

Прэм’ера оперы «Арлеанская дзева» адбылася ў Вялікім тэатры Беларусі

Аўтар: Ларыса Цімошык
30.06.2025 | 07:00

Уявіць Жанну д’Арк, якая слухае песні сучасных гуртоў у навушніках... нерэальна. А ці магла б яна гуляць у баскетбол? Пайсці ў музей, каб вывучаць персанажаў папярэдніх эпох? Яна ж была простая дзяўчына, сялянка... Пасля прэм’еры ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі оперы Пятра Чайкоўскага частка публікі была азадачана неардынарнай інтэрпрэтацыяй твора рэжысёрам-пастаноўшчыкам Георгіем Ісаакянам. Другая частка захоплена тлумачыла, у чым сутнасць і, безумоўна, вітала пастаноўку, разглядаючы яе як прыклад таго, што можна рабіць у оперы, каб прыцягнуць да яе моладзь. 
Хто кажа, што гэта нерэальна?


Спляценне эпох

Але што можна сказаць адназначна — прэм’ера выклікала надзвычай вялікую ўвагу: год Чайкоўскага абвешчаны ў Вялікім тэатры Беларусі, на сцэне якога ідуць усе балеты кампазітара, тут у розныя гады былі пастаўлены амаль усе яго оперы. Але «Арлеанская дзева» не ішла ў беларускім тэатры ніколі. Маштабная опера — 4 дзеі, паводле аўтара, дзе ён не проста выклаў сюжэт драмы Шылера, якая яго натхніла, але па-свойму трактаваў рамантычны фінал. У пастаноўцы народнага артыста Расіі Георгія Ісаакяна, які славіцца ўменнем асучасніць оперу, рамантычнасць узмоцнена шматкроць: тут сплятаюцца розныя эпохі, час перастае мець сілу над чалавекам, які адчувае ў сабе моцную сілу духу і гатовы да подзвігаў, як святая Іаана, у гонар якой у яе родным горадзе ладзяць святы... А гэта ўжо пра нас — тых, хто любіць вандраваць. На турыстаў разлічаны імпрэзы ў горадзе Дамрэмі, сведкай якіх становіцца сучасная дзяўчына. У джынсах і з заплечнікам — відавочна, падарожніца, якая назірае за тэатральнай містэрыяй, калі тата імкнецца сваю дачку Жанну заручыць з добрым хлопцам. Але ж вядома: у яе будзе іншы шлях. 

Ужо ў самым пачатку па волі рэжысёра-пастаноўшчыка мы ў сучаснасці, а гісторыя хіба што існуе ў свядомасці гараджан і дзяўчыны, якая назірае за дзеяй, седзячы на лаве. Але ў нейкі момант яна ўражана настолькі, што адчувае сябе на месцы гераіні. І гэтая лінія будзе праходзіць праз усю пастаноўку. Прытым не парушаючы ход самой оперы, створанай кампазітарам! Мала таго, складаную артыстычную працу вымушаны выконваць спевакі, на якіх і без таго вялікая нагрузка. 

Выканальніцкая палітра 

Справа ў тым, што гэтая опера Чайкоўскага — даволі складаная, можа таму і гучыць рэдка наогул у свеце. Дырыжор-пастаноўшчык і цяпер ужо мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі Арцём Макараў падкрэсліў, што не кожны тэатр можа дазволіць сабе паставіць гэты твор: вельмі высокія патрабаванні да выканаўцаў роляў галоўных герояў, перш за ўсё Жанны д’Арк (партыя вельмі складаная вакальна). У оперы вялікія харавыя сцэны, з якімі справіцца не кожны калектыў. А тут хор пазначае розныя вымярэнні: то ён увасабляе нібыта анёльскія галасы з-пад нябёсаў, то яго артысты аказваюцца гараджанамі на французскіх вуліцах — вельмі падобнымі на нас, дарэчы. Галоўны хормайстар тэатра народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч адзначыла: пры тым, што наш хор не такі вялікі, як трэба для гэтага твора, удалося дамагчыся гармоніі паміж гучаннем яго і аркестра.

І чым складаней былі задачы, тым цікавей іх было вырашаць, таму што оперу «Арлеанская дзева» незаслужана забылі, а гэта больш за тры гадзіны геніяльнай музыкі... 

12_24о.jpg

12_24ц.jpg

Зацягвае — і тут складана вызначыць, што найперш: сама музыка ці тое, у якім аздабленні мы яе ўспрымаем. Але дакладна хочацца слухаць галасы любімых артыстаў: некаторыя раскрываюцца інакш у новых вобразах, а некаторых проста-такі адкрываеш наноў у гэтых партыях, нават калі ўжо бачыў у іншых спектаклях. Самае галоўнае адкрыццё — выканаўцы партыі Жанны. Падчас першага прэм’ернага паказу яе спявала маладая салістка Дар’я Гаражанка. Справілася і з велізарнай нагрузкай — як галасавой, так і эмацыянальнай. Але ж пастановачная група падрыхтавала чатыры склады! І гэта яшчэ адно адкрыццё: беларускі Вялікі належыць да тых тэатраў, у якіх ёсць галасы мецца-сапрана для выканання гэтай оперы. Таксама ролю Жанны падрыхтавалі Настасся Малевіч, Аксана Волкава, Аксана Якушэвіч. Артысткі вельмі розныя па характары і тэмпераменце, а гэта шмат у чым вызначае і ўспрыманне рэжысёрскай канцэпцыі. Калі джынсы цяпер могуць насіць усе ці хадзіць з заплечнікам (і гэта натуральна ў наш час), то трапіць мячом у баскетбольнае кольца, відаць, здолее не кожная артыстка, ды, магчыма, нават і не наважыцца. Дробязь, але па ёй мы адчуваем характар гераіні, якая псіхалагічна настолькі паглыбілася ў эпоху Жанны д’Арк, што бачыць сябе ёю: гатова да змагання, да ўчынкаў, што натхняць іншых, і нават да пакутніцкага шляху. Асабліва адчуваецца гэта, калі гучыць пранікнёная малітва — цудоўны музычны эпізод, які здольны пераканаць нават скептычнага гледача ў тым, што такі падыход мае права на жыццё. 

Адданых аматараў оперы павінна захапіць і сустрэча з любімымі артыстамі, занятымі ў іншых партыях, а тут у розных складах можна пачуць Станіслава Трыфанава, Дзмітрыя Капілава, Дзмітрыя Шабецю, Аляксандра Гелаха, Настассю Масквіну, Марыю Галкіну, Марту Данусевіч, Уладзіміра Громава, Дзяніса Янцэвіча, Андрэя Валенція, Уладзіслава Зазульку, Віктара Мендзелева, а яшчэ Кірыла Панфілава ды Андрэя Логвінава — барытонаў, якія працуюць у тэатры першы сезон. «Вялікае шчасце, што ў трупе ёсць выканаўцы, якія, мне здаецца, ідэальныя — быццам бы на іх складаўся спектакль», — падкрэсліў рэжысёр-пастаноўшчык Георгій Ісаакян, які з’яўляецца мастацкім кіраўніком Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага дзіцячага музычнага тэатра імя Наталлі Сац і за сваё творчае жыццё быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Расійскай Федэрацыі і тэатральнай «Залатой маскай». 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю