У змесце і пабудове твораў аўтар улічвае псіхалагічныя асаблівасці дзяцей — чытачоў гэтай кнігі. Прывабныя назвы апавяданняў («Далонькі з пушынкамі», «Цуда-майстры», «Адзін дома», «Рукавічка з сюрпрызам» і інш.) яшчэ да чытання запрашаюць маленькіх чытачоў паразважаць, пра што пойдзе размова, узмацняюць цікавасць да кнігі. Яскравыя, зразумелыя дзецям прыклады з жыцця, якія сталі сюжэтам кожнага апавядання, утрымліваюць у сабе пэўную праблемную сітуацыю, дэманструюць варыянты іх паспяховага вырашэння з улікам індывідуальнага падыходу да дзіцяці. Гэты аспект дазваляе адзначыць, што кніга апавяданняў Тамары Бунта «Далонькі з пушынкамі» мае каштоўнасць не толькі для арганізацыі чытання яе вучнямі на ўроках літаратурнага чытання, але і для выкарыстання кнігі ў пазавучэбнай дзейнасці (на тэматычных класных гадзінах, факультатыўных і гуртковых занятках літаратурна-творчай і выхаваўчай накіраванасці і інш.), кніга можа быць рэкамендавана і для сямейнага чытання.
Нельга не адзначыць маляўнічае, добра прадуманае афармленне кнігі (мастак — Аксана Аракчэева), што з’яўляецца вельмі важным для паўнавартаснага ўспрымання зместу і галоўнай думкі твораў чытачамі малодшага школьнага ўзросту.
Такім чынам, кніга Тамары Бунта ўяўляе сабой узор сучаснай якаснай, добра ілюстраванай кнігі для дзяцей, якае мае літаратурную, мастацка-эстэтычную, педагагічную каштоўнасць і можа з поспехам выкарыстоўвацца для арганазацыі чытацкай дзейнасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту.
Ірына БУТОРЫНА