Уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі — важная падзея для ўсіх, хто цікавіцца літаратурным жыццём краіны. Па-першае, з’яўляецца нагода пазнаёміцца з новымі творамі, у тым ліку з тымі, якія маглі быць па розных прычынах абыдзены ўвагай канкрэтнага чытача. Па-другое, гэта магчымасць даведацца, якія кнігі экспертная суполка лічыць найлепшым з напісанага ў Беларусі за папярэдні год. Ды, урэшце, для аўтараў перамога ў конкурсе — дасягненне, здольнае паўплываць на творчы лёс. «Для творчай супольнасці, для нашых пісьменнікаў Нацыянальная літаратурная прэмія з’яўляецца пуцяводнай зоркай, якая заклікае да новых здзяйсненняў. І ўсе яны — адлюстраванне таго, што сёння адбываецца ў краіне, таго, што ўсе мы разам будуем і з чым глядзім у заўтрашні дзень», — адзначыў падчас прывітання пераможцаў і ўдзельнікаў конкурсу розных гадоў на галоўнай сцэне Дня беларускага пісьменства старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. А сярод фіналістаў сёлета — шэсць аўтараў, не выбраны найлепшы твор прозы.
«...Мацярынскі мой мацярык — // Нулявы кіламетр дарогі»
Так, перамогу ў намінацыі «Найлепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» заваяваў Мікалай Ждановіч з кнігай «Свечка» (КВУП «Калор»), што аб’яднала творы, напісаныя ў розныя гады. Аўтар-лірык выступае з вершамі пра жыццё, у якіх занатаваў успаміны аб мінулым і думкі пра сучаснасць. У творы ж «Пра адкрытасць» наогул запрашае чытача да шчырай размовы пра набалелае: «Фальш калі раптам у вершы заўважыць // Строгі мой крытык, // Што ж, хай пра гэта адкрыта мне скажа. // Я — за адкрытасць».
Каханне і расставанне, мір і вайна, родны кут і вялікі чужы свет — тэматычны абсяг цалкам традыцыйны і цалкам чаканы, хоць, дарэчы, не ў любым паэтычным зборніку сучасніка можна знайсці байку: «Калі ў аўчарні абнаўлялі штаты, // Тады да Барана-кіраўніка // Казла нанялі пятым памагатым, // Што ні кажы, а правая рука» («Казёл-падхалім»). Ёсць і іншыя гумарыстычныя творы, якія змяняюцца перакладамі твораў аўтараў розных краін — Расіі (Лідзія Удоўчанка, Мікалай Дзік), Казахстана (Саят Камшэгер), Сербіі (Драган Міціч).
Самае дарогае і незабыўнае, нібыта самы светлы дзень свайго жыцця, Мікалай Ждановіч адлюстраваў у вершы «У Селішчах» — прысвячэнні роднай вёсцы, што на Магілёўшчыне, якую аўтар даволі дасціпна назваў «мацярынскім мацерыком». Вобразы, матывы, што займаюць першараднае месца ў творы, зразумела, пераклікаюцца з іншымі ў зборніку, аднак менавіта «У Селішчах» выкладзены філасофія і мэты творчасці паэта.
«Тэатр — гэта магія для ўсіх»
Прыз за найлепшы твор драматургіі — а гэта рускамоўны зборнік «Аватары театра» — атрымала Улада Альхоўская. Яе кніга пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь» і прысвечана тэатральнаму мастацтву.
Зборнік склалі п’есы, якія ставяцца не толькі тэатрамі, але і студыямі, аматарскімі аб’яднаннямі, дзе навучаюцца падлеткі — часта яны самі звяртаюцца да тэкстаў Улады Альхоўскай. Некаторыя былі напісаны дзякуючы гісторыям, якімі юнакі дзеляцца зпісьменніцай. У кнігу ўвайшлі «Лісіныя агні», «Аватары», «Костачка авакада», «Ма-Сін-Сін», «Гэта іншае»... Адны ўяўляюць сабой містычныя гісторыі, іншыя — гэта спробы стварэння сучаснай казкі, часам аўтар звяртаецца да сюжэтаў паўсядзённасці. Аднак Улада Альхоўская лічыць, што тэатр — «магія для ўсіх», а сцэна — абавязковае месца для «чараўніцтва».
Нягледзячы на рознасць тэкстаў, іх што-нішто аб’ядноўвае: «...яны ўсе створаны для таго, каб разабрацца ў жыцці, у яго радасцях і праблемах, у людзях, якія ўжо напаткаліся на шляху і будуць сустракацца далей. П’есы можна ставіць на сцэне, а можна пражываць унутры сябе, — упэўнена Улада Альхоўская. — Гэта тэатр, які заўсёды з вамі». Так, пісьменніца пераконвае ў тым, што дапаможа знайсці адказы на пытанні, якія чалавек ставіць перад сабой, аднак не знаходзіць.«...Заблішчэлі радасна расінкі — // Залатое сонейка ўзышло»
У 2024 годзе найлепшы твор для дзяцей і юнацтва, згодна з рашэннем журы, напісаў Мікола Чарняўскі. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» ён выпусціў кнігу «„Акадэмія“... на колах». Герой яе гісторый — вясковы хлопчык Андрэйка, якога бацька-аграном знаёміць са сваёй прафесіяй. «Палявая дарога, выбітая грузавікамі, трактарамі ды вазамі, стужкай вілася ў далячынь, то ўзбягаючы на пагоркі, то збягаючы з іх. Яны зелянелі ад канюшыны, жаўцелі ад аўсяных мяцёлак, разбягаліся ў стрэлках бульбяных разораў», —
у такую прывабную прастору запрашае аўтар. «Акадэмія» ў творы ўвасабляе найвышэйшую адукацыю, маральнае развіццё асобы. Працэс, калі сваім вопытам дзеляцца ўмельцы, а вучанік глыбока засвойвае веды і навыкі, праходзіць менавіта ў акадэміі, у прамым і пераносным значэннях. Зразумела, у творы гаворка не толькі пра навуку аграноміі — Мікола Чарняўскі, які з дапамогай кнігі «„Акадэмія“... на колах» імкнецца паўплываць на выхаванне прадстаўнікоў новага пакалення, піша пра ўсведамленне сэнсу законаў існавання свету, а яшчэ пра спасціжэнне душы — аднаго чалавека і цэлага народа...
З талентам пісьменніка юны чытач знаёміцца і дзякуючы таму, што зборнік складаецца з празаічнага і паэтычнага раздзелаў. У апошнім — вершы пра вясковы побыт, школьныя дні, прыроднае хараство: «Сустрэча з зубрамі», «Лён-ляночак», «Майстры», «Вясёлы крос», «Каго баіцца зубр?», «Ваяўнічы верабей», аднак ключавым, вызначальным для ўсяго зборніка, з’яўляецца твор «Сонейка ўзышло», што валодае асаблівай жыццесцвярджальнай сілай: «Зніклі цені ў патаемных сховах, // Разлілося далеччу святло. // Птушкі прабудзіліся ў дубровах — Залатое сонейка ўзышло».
«Даследчыкам яшчэ трэба будзе вызначыць сапраўдную цану бітвы за „крэпасць Магілёў“»
Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Виккру», аўтар мноства кніг, у тым ліку пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, атрымаў узнагароду як найлепшы публіцыст — у цэнтры ўвагі аказалася яго кніга «Буйничское поле: „Остаться и умереть...“» (выйшла на рускай мове ў Выдавецкім доме «Звязда»). Разлічанае найперш на гісторыкаў, краязнаўцаў, ідэолагаў, музейных работнікаў, навукова-папулярнае выданне прысвечана баям за Магілёў на яго паўднёва-заходніх ускраінах — перш за ўсё на Буйніцкім полі. Змаганне ў ліпені 1941 года апісваецца даволі падрабязна дзякуючы адкрытым савецкім і нямецкім архіўным дакументам. Ды задача аўтара была дакладная і складаная — максімальна аб’ектыўна і ўсебакова вывучыць прычыны і ход баявых дзеянняў найбольш трагічнага пачатковага перыяду вайны.
У кнізе апавядаецца пра пачатак вайны, становішча ў горадзе і прыбыццё злучэнняў Чырвонай Арміі пад Магілёў, гарадское апалчэнне, 68-ы ўмацаваны раён і будаўніцтва ўмацаванняў мясцовым насельніцтвам, баявыя дзеянні разведатрадаў 172-й і 110-й стралковых дывізій Чырвонай Арміі вакол Магілёва. Дэталёва апісваюцца баі на Буйніцкім полі, пачатак штурму Магілёўскага ўмацраёна 7-м вайсковым корпусам вермахта, выхад з акружэння (праз Буйніцкае поле на Брускі)... Усё гэта — асобныя раздзелы выдання, якія дапаўняюць главы «Стратэгічнае значэнне баёў у раёне Магілёва і на Буйніцкім полі», «Мемарыяльны комплекс і храм Раства Іаана Хрысціцеля», «Ратныя палі Беларусі і Расіі». Не абышоў Мікалай Барысенка ўвагай і асобу савецкага пісьменніка Канстанціна Сіманава, яго лёс, звязаны з беларускім горадам.
Разважаючы пра гераізм і самаахвяраванне абаронцаў Магілёва, аўтар падкрэслівае, што нават апошнія даныя не даюць падставы гаварыць аб сапраўдных стратах савецкага народа ў гэтым змаганні, колькасць загінулых ворагаў таксама адрозніваецца ў залежнасці ад крыніцы звестак. І даследаванні будуць працягвацца, ды неабходнасць такіх кніг узнікае не толькі з-за патрэбы ў публікацыі новых звестак, а яшчэ таму, што многія разважаюць выключна пра Вялікую Перамогу, а не пра яе цану... «Мы ўпэўненыя, што ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны павінны быць адлюстраваны не толькі пераможныя гераічныя справы, але і трагічныя старонкі, а ў горадзе нарэшце з’явіцца вуліца Герояў абароны Магілёва», — піша Мікалай Барысенка.
«Адной з граняў маштабнасці асобы аўтара з’яўляецца і яго ўменне аб’ектыўна ацаніць мастацкую якасць тэксту, створанага ім»
У намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» перамог Аляксандр Бярозка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. На погляд журы, публікацыі ў часопісе «Полымя» «„Быццам я пражыў усё сваё жыццё“: спавядальна-дзённікавая проза Алеся Жука» (№ 1, 2024 г.) і «Спавядальна-аўтабіяграфічная проза Георгія Марчука: штрыхі да творчага партрэта пісьменніка» (№ 11, 2024 г.) вылучаюцца сярод іншых прадстаўленых у катэгорыі.
У гэтых тэкстах Аляксандр Бярозка разважае пра тое, у чым выяўляецца веліч пісьменніка, якога публіка вылучае сярод прадстаўнікоў свайго пакалення (так, у Алеся Жука нельга было адняць крытычнае стаўленне да ўласнай творчасці), згадвае стварэнне айчыннымі літаратуразнаўцамі, крытыкамі і пісьменнікамі літаратурных партрэтаў творцаў, на якія сёння можа абапірацца чытач (калі казаць пра Георгія Марчука, то канстатуе іх недахоп), аднак і тлумачыць неабходнасць сваіх публікацый — не пра ўсё сказана, нешта за многія гады не стала прадметам пільнай увагі даследчыкаў. І ў Алеся Жука, і ў Георгія Марчука — гэта дзённікавыя запісы.
- Аўтар вызначае ключы да разумення асаблівасцей запісаў Алеся Жука, якія той вёў у 1974 — 2000 гады: удакладняе, чаму яны носяць менавіта спавядальны характар, мяркуе, чаму выбрана тая, а не іншая форма нататак, чаму гутарка часта прысвечана тэме прыроды, заўважае, якімі яны маглі быць, калі б аўтар пайшоў іншым шляхам... Тэкст мае зразумелую, выразную структуру, якая адпавядае задуме даследчыка пазначыць штрыхі жыцця свайго героя. Аляксандр Бярозка ў меру выкарыстоўвае цытаты з дзённікаў, выбіраючы тое, што дазволіць дакладна данесці ўласныя думкі і дапаможа чытачу ў разуменні асобы пісьменніка. Сярод апісанага — развагі Алеся Жука пра недахопы тагачаснай літаратуры: «Узяўся чытаць сёння „Маладосць“, з задавальненнем чытаў Брыля, які ўмее пісаць са шчыраю адкрытасцю душы. І ў той жа „Маладосці“ чытаў другога, які столькі ўжо гадоў жыве ў горадзе і не мысліць свайго жыцця без гарадскіх выгод, а ўсё яшчэ зноў і зноў апісвае чыгуны ля печы, мокрыя анучы, на якіх адцэджваюць параную бульбу, і гэтак далей. І людзі паміж сабой не проста гавораць, а гутараць „пад народ“...»
Фактычна ў кожным творы Георгія Марчука, піша ўжо ў іншым артыкуле Аляксандр Бярозка, можна сустрэць словы падзякі роднаму краю, і ўдакладняе, што падобныя ўспаміны аўтара пра Давыд-Гарадок можна было б цытаваць да бясконцасці. Нагадваючы пра аўтабіяграфізм творчасці пісьменніка, вылучае ён у прозе і дзённікавых запісах разважанні пра трагічны лёс маці і адносіны да бацькі... Цікава сачыць за ходам думкі даследчыка, дзе ён параўноўвае некаторыя, у тым ліку раннія, старонкі жыцця Георгія Васільевіча і Антона Паўлавіча Чэхава: «У адрозненне ад А. Чэхава, у беларускага пісьменніка быў анёл-ахоўнік — бабуля Насця, якой ён, як гэта часцей за ўсё бывае, запознена, ужо пасля яе смерці прысвяціў патаемныя і вельмі кранальныя словы...»
Імкнучыся быць бесстароннім, Аляксандр Бярозка не пазбягае спрэчных і супярэчлівых выказванняў аўтара дзённікавых запісаў, асабліва ў дачыненні да іншых творцаў. Тым не менш, аддае пісьменніку належнае — Георгій Марчук спрабаваў аб’ектыўна ацэньваць сваю літаратурную дзейнасць, напрыклад, у дзённіках «Салодкія слёзы» пісаў: «Вяртаючыся да перажытага і ўбачанага, спазнанага на ўласным вопыце і пераносячы на паперу, далібог, праходзіш шлях нейкага схаванага прасвятлення, духоўнага ачышчэння і адраджэння душы, змучанай нягодамі, расчараваннямі, недасканаласцю чалавечых адносін, крахам надзей і ўласнай фанабэрыстасцю».
«... Жыць нам, каханая, у міры і шчасці // І любавацца роднай зямлёй»
Вадзім Баравік, які выдаў сваю першую кнігу «Иду по Минску» ў Выдавецкім доме «Звязда», атрымаў за яе прэмію ў намінацыі «Найлепшы дэбют». Зборнік знаёміць з рознатэматычнымі вершамі, некалькі прысвечана сталіцы — месцу, дзе аўтар нарадзіўся, вырас і жыве: «Город, восставший из пепла войны, // Ты в девятьсот лет всё ещё молодой. // Проспекты твои видят мирные сны. // Вечно цвети, мой город-герой!»
Паэт-дэбютант, творчасць якога высока ацаніла журы прэміі, яшчэ і грамадска-палітычны дзеяч. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (спецыяльнасць — «юрыст-міжнароднік»), аспірантуру гэтай навучальнай установы па паліталогіі, а таксама Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Шмат гадоў працуе дырэктарам Гарадскога цэнтра перакладаў. Дэпутат Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, старшыня Наглядальнага савета Рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый», дэлегат чацвёртага, шостага і сёмага Усебеларускіх народных сходаў.
Раней Вадзім Баравік публікаваў вершы ў газетах «СБ. Беларусь сегодня» і «Минский курьер». Кнігу «Иду по Минску» склала пераважна рускамоўная паэзія, ёсць шэраг твораў на беларускай мове. У большасці вершаў аўтар паўстае прыхільнікам грамадзянскай лірыкі і прызнаецца ў бязмернай і бескарыслівай любові да Бацькаўшчыны: «Табой, Радзіма, ганаруся! // Люблю цябе ўсёй душой! // Нягод з табою не баюся, // Навекі буду я з табой. // Гатоў сваё жыццё аддаць, // Каб ты заўсёды існавала // І не прыйшлося нам губляць // Дзяцей, якіх ты гадавала». Вадзім Баравік не раз заклікае беларуса любіць і цаніць тое, што той мае, заахвочвае бараніць родны край, бо адчувае пагрозу міру. Ды не толькі лёс Беларусі яго хвалюе, непакоіцца ён і за долю Расіі, за тое, што адбываецца ў яе грамадстве. У адным з вершаў звяртаецца ён да краіны як да «сваёй Расіі», сцвярджаючы: «Да, знаю я, твой нрав не кроток, // Не каждому он по нутру. // Ты потопила много лодок, // Но есть здесь место кораблю. // И я веду корабль свой смело, // И верю я: он должен плыть. // Туда, куда бы ты хотела, // Чтоб ты могла великой быть».
Вера, упэўненасць, спакой — дэбютны зборнік сведчыць аб тым, што яго аўтар даўно знайшоў адказы на шэраг галоўных пытанняў, і з гэтымі ведамі яму застаецца толькі жыць у міры і шчасці «і любавацца роднай зямлёй», занатоўваючы новыя думкі і назіранні. Так, цяпер рыхтуецца другі зборнік Вадзіма Баравіка.
Яўгенія ШЫЦЬКА