3 лістапада споўнілася роўна год, як пайшоў з жыцця выдатны беларускі вучоны і пісьменнік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Васільевіч Гніламедаў (1937–2024). Адляцела ў незваротны вырай шчырая, светлая, лагодная, як і ўвесь беларускі нацыянальны свет, пяшчотная душа нашага выдатнага сучасніка, унікальнай, рэдкай па сваім каларыце і маштабнасці асобы ў гісторыі беларускай гуманітарыстыкі і культуры. Адышоў у вечнасць вялікі патрыёт роднай зямлі, гуманіст, грамадзянін, мысліцель, грамадскі дзеяч.
У. В. Гніламедаў пражыў вялікае, насычанае значнымі падзеямі і пераўтварэннямі, пошукамі і здабыткамі жыццё. Унікальныя чалавечыя і асобасныя якасці вучонага і пісьменніка, а таксама несумненныя арганізатарскія ці, як сёння б сказалі, менеджарскія здольнасці, пачуццё адказнасці за даручаную справу вельмі рана былі заўважаны на высокім дзяржаўным узроўні. У 1969 годзе яшчэ на стадыі прафесійнага фарміравання У. В. Гніламедава з пасады малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, дзе ён працаваў пасля заканчэння аспірантуры, запрашаюць на службу ў аддзел культуры ЦК КПБ.
Сем гадоў працы ў ЦК КПБ на пасадах спачатку інструктара, а затым загадчыка сектара мастацкай літаратуры, калі яму, даволі маладому чалавеку, даводзілася адказваць за работу Саюза пісьменнікаў Беларусі, курыраваць усё літаратурна-мастацкае жыццё рэспублікі, былі надзвычай карыснымі і павучальнымі. Яны дазволілі У. В. Гніламедаву паглядзець на беларускае літаратуразнаўства і літаратуру, як і культуру ў цэлым, адначасова нібыта зверху і збоку, у кантэксце духоўна-сацыяльных і ідэйна-палітычных падзей і варункаў і ў суаднесенасці з развіццём іншых нацыянальных літаратур былога СССР, і садзейнічалі паскоранаму росту асобы даследчыка і пісьменніка.
Вярнуўшыся ў 1976 годзе на працу ў Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, У. В. Гніламедаў працягваў займаць адказныя кіруючыя пасады, па-ранейшаму шмат што вызначаючы ў літаратурна-мастацкай палітыцы рэспублікі. Ён 22 гады (з 1977 да 1999) працаваў загадчыкам аддзела тэорыі літаратуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі, 21 год (з 1976 да 1997) — намеснікам дырэктара гэтага інстытута па навуковай рабоце і амаль 10 гадоў (з 1997 да 2006) — яго дырэктарам.
Апошнія 18 гадоў свайго жыцця Уладзімір Васільевіч працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Як выдатны менеджар, арганізатар літаратуразнаўчай навукі У. В. Гніламедаў быў у ліку тых нямногіх выбітных асоб, хто выношваў ідэі і распачынаў працу над вялікімі дзяржаўна-культурнымі праектамі, звязанымі са стварэннем фундаментальнай «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4-х тамах 6-ці кнігах, «Гісторыі беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў» у 2-х тамах, «Анталогіі даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова XVIII стагоддзя», з падрыхтоўкай і выданнем Поўнага збору твораў Максіма Багдановіча ў 3-х тамах, Поўнага збору твораў Янкі Купалы ў 9-ці тамах, найбольш поўнага Збору твораў Якуба Коласа ў 20-ці тамах, найбольш поўнага Збору твораў Максіма Танка ў 13-ці тамах, Збору твораў Івана Шамякіна ў 23-х тамах, шматлікіх калектыўных манаграфічных выданняў, якія на пачатку ХХІ стагоддзя заклалі падмурак якасна новага этапу ў развіцці беларускай навукі пра літаратуру.
Асірацела наша літаратуразнаўчая сямейка без свайго шматгадовага аўтарытэтнага важака, бясспрэчнага лідара, «бацькі нарачонага», заканадаўцы вывучэння з’яў і працэсаў, якія адбываліся і адбываюцца ў беларускім прыгожым пісьменстве, кіраўніка, выхавацеля і настаўніка.
Мяне заўсёды здзіўлялі і ўражвалі, выклікалі захапленне як шырыня навуковых інтарэсаў У. В. Гніламедава, так і філасофска-метадалагічная заангажаванасць, глыбіня пазнанняў вучонага і мысліцеля, а таксама выдатнае разуменне ім прыроды, характару літаратурных з’яў і працэсаў, дынамікі іх узаемадзеяння і развіцця. Яго даследаванні вызначаюцца падкрэсленым багаццем і разнастайнасцю праблемна-тэматычнага зместу, дакладнасцю і трапнасцю назіранняў і характарыстык. Манаграфіі і кніжныя выданні У. В. Гніламедава «Сучасная беларуская паэзія» (1983), «Класікі і сучаснікі» (1987), «Праўда зерня» (1992), «Ад даўніны да сучаснасці» (2001), «Янка Купала: жыццё і творчасць» (2012), «На рубеже времен: современная русскоязычная поэзия Беларуси»
(2013), «Старажытная беларуская літаратура: нацыянальныя духоўныя карані» (2017), «Літаратура. Гісторыя. Свядомасць: гісторыка-літаратурны нарыс» (2017), «Беларуска-еўрапейскія літаратурныя ўзаемасувязі і імагалогія» (2022) і іншыя з’яўляюцца фундаментальнымі даследаваннямі праблем развіцця беларускага прыгожага пісьменства ХІ — ХХІ стст. У іх шырока і ўсебакова раскрыты складаны, супярэчлівы айчынны літаратурна-мастацкі працэс, пераемна звязаны з перадавымі ідэйна-эстэтычнымі традыцыямі рускай, польскай, украінскай і іншых нацыянальных літаратур і культур.
Упершыню ў гуманітарнай навуцы і культуры беларуская літаратура вывучана У. В. Гніламедавым адначасова праблемна-тэарэтычна і ў багацці гісторыка-генетычных сувязей, у шырокім дыяпазоне індывідуальна непаўторных праяў і дынаміцы агульных тэндэнцый і заканамернасцей. Сучасная беларуская паэзія падрабязна даследавана вучоным перш за ўсё ў найноўшых ідэйна-мастацкіх пошуках, паглыбленні асобаснага пачатку, складванні і развіцці ў ёй стылявых плыней, у рухомым працэсе тыпаў вершаскладання, плённым узаемадзеянні са славянскім светам мастацкай творчасці і культуры, узмацненні інтэрнацыянальных сувязей і кантактаў.
Ярка раскрыўшыся і як выдатны педагог, мудры выхавацель літаратуразнаўчых кадраў, ён падрыхтаваў, вывеў у шырокі навуковы свет дзясяткі самабытных, таленавітых вучоных — 9 дактароў і 39 кандыдатаў філалагічных навук, якія сёння, працуючы ў розных рэгіёнах і ўстановах Беларусі, без перабольшання, вызначаюць парадыгму развіцця ўсёй айчыннай навукі пра літаратуру.
А колькіх маладых ці маладзейшых ён падтрымаў парадай, колькім даў дарогу ў вялікі свет навуковага жыцця і мастацкай творчасці публічнай станоўчай ацэнкай, вывеў на шырокі прасцяг пошукаў і адкрыццяў водгукам на дысертацыю ці аўтарэферат, манаграфію ці вучэбны дапаможнік! Колькіх пісьменнікаў-пачаткоўцаў паставіў на ногі, акрыліў верай і надзеяй, даўшы рэкамендацыі да ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі! Па падручніках, навучальных дапаможніках і мастацкіх творах Уладзіміра Васільевіча вучацца і яшчэ доўга будуць вучыцца сотні, тысячы прадстаўнікоў маладых пакаленняў нашых сучаснікаў і нашчадкаў.
Многае ў жыцці і дзейнасці У. В. Гніламедава вызначаў духоўна-маральны змест філасофскіх сентэнцый, якімі ён выхоўваў сваіх вучняў: «Варта заўжды заставацца сабой», «Працуй. Работа на ўсё дасць адказы», «Каб быць здаровым, трэба стамляцца». Вельмі шмат у яго засталося цікавых, глыбокіх, самабытных аднадумцаў, шчырых і верных сяброў, надзейных прыхільнікаў асобы і творчасці, удзячных і таленавітых паслядоўнікаў, верных запаветам свайго настаўніка!
Сваю вучобу ў акадэміка У. В. Гніламедава неаднойчы згадвалі і падкрэслівалі аўтарытэтныя беларускія літаратуразнаўцы, дактары філалагічных навук, аўтары шматлікіх манаграфій, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў М. Мішчанчук, А. Ненадавец, Г. Адамовіч, М. Тычына, А. Яскевіч, І. Штэйнер, Г. Тварановіч, Л. Сінькова, А. Андрэеў, А. Мельнікава і многія іншыя. Сваім настаўнікам яго называюць вядомыя ў беларускім соцыуме асобы — гісторык, акадэмік НАН Беларусі А. А. Каваленя, сацыёлаг, член-карэспандэнт НАН Беларусі А. М. Данілаў, юрыст, член-карэспандэнт НАН Беларусі Р. А. Васілевіч і інш.
Унікальнай з’явай на этапе найноўшай літаратурнай гісторыі стала знакамітая раманная хроніка У. В. Гніламедава. Раманы пісьменніка «Уліс з Прускі» (2006), «Расія» (2007), «Вяртанне» (2008), «Валошкі на мяжы» (2014), «Вайна» (2014), «Пасля вайны» (2021), «Праўда жыве пасярэдзіне» (2022), «У войску» (2025) і іншыя заключаюць у сабе якасці і характарыстыкі вялікага нацыянальнага эпасу, што можна параўнаць з серыямі класічных раманаў Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Чорнага, І. Мележа, І. Шамякіна.
У. В. Гніламедаў — аўтар 10 раманаў, напісаных на трывалым грунце нацыянальнай рэалістычнай прозы, у якіх на глыбокім сацыяльна-гістарычным матэрыяле паказаны лёс і асаблівасці характару беларусаў, вытокі іх стойкасці, мужнасці, душэўнай прыгажосці. Раманы У. В. Гніламедава, што вызначаюцца глыбінёй, арыгінальнасцю і навізной зместу, створаны на высокім ідэйна-мастацкім узроўні, яны карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў шырокіх колах чытачоў і адкрываюць новы напрамак у развіцці сучаснай беларускай прозы, актуалізуючы любімы многімі жанр традыцыйнай сямейнай хронікі праз увядзенне глыбокага нацыянальна-гістарычнага і міжнароднага кантэксту, звестак пра жыццё іншых краін і малавядомых фактаў айчыннай гісторыі.
Часам складвалася ўражанне, што гэтага быліннага волата з высакароднай рыцарскай душою адмыслова стварыла для нашай культуры, будучы ў добрым настроі і шчодрасці, Вечная духоўная сутнасць. Ад яго зыходзілі веліч духу і волі, гістарычны спакой вякоў і самадастатковасць. Ён увесь поўніўся беларускай народнай сілай і праўдай. Гэта быў чалавек светлага розуму, маштабнага мыслення, высокай унутранай культуры і ў той жа час сціплы, сумленны, разважлівы, памяркоўны.
Пухам Вам, дарагі Уладзімір Васільевіч, мой родны настаўнік, наша родная беларуская зямелька!
Мікола МІКУЛІЧ, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі