Хто цікавіцца творчасцю Івана Саверчанкі, ведае, што ён не толькі доктар філалагічных навук, прафесар, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а і пісьменнік. Сфера яго навуковых інтарэсаў — філалогія, гісторыя, філасофія. Адпаведна, гэтыя аспекты закранаюцца і ў празаічных творах, пабудаваных на аснове як гістарычных фактаў, так і народжаных інтуіцыяй, каб, сыходзячы з ужо вядомага, уявіць тое, што магло быць. Гэта дазваляе нарацыя.
Да гэтага прыёму Іван Саверчанка ўпершыню звярнуўся ў аповесці-нарацыі «Залаты амулет», што ўвайшла ў кнігу «Бляск кароны», апавядаючы пра князя полацкага Усяслава Брачыславіча. Назва твора ўспрымаецца сімвалічна. Дасягнуўшы паўналецця, князь быў узведзены ў рыцары. Цырымонія праходзіла ўрачыста, з удзелам чараўніка Амелі, які надзеў на шыю Усяславу Брачыславічу ланцужок з залатым амулетам-абярогам: «На подвеске четко просматривалось изображение Перуна — могучего бога грома и молнии, который сидел на коне, вооруженный тяжелым молотом, луками и стрелами». Сказаў тады калдун: «Этот древний амулет имеет невероятную силу. Он даст тебе, княжич, власть над людьми, всегда будет надежно защищать от вражеской стрелы и меча, отведет беду и болезни».
Герой кнігі не толькі Усяслаў Чарадзей, а і Вітаўт, аповед пра якога і даў ёй назву, а таксама Астафей Валовіч («Улада пячаткі»), Сымон Будны («Царства духу і інтэлекту»), Леў Сапега («Канцлер»)...
Новы твор Івана Васільевіча «Выклік, або Дзяржава князя Глеба» («Полымя», 2025, № 3) прысвечаны першаму князю Глебу Усяславічу, які ўвайшоў у гісторыю як Глеб Менскі. Жанр твора — гісторыка-палітычная аповесць. Што датычыцца першага азначэння, яна сапраўды гістарычная, пабудаваная на канкрэтных фактах. Калі ж іх няма, то Іван Васільевіч з меркаванняў, якія існуюць адносна таго перыяду, выбіраў тое, чаму аддаваў перавагу. Паколькі да ўсяго твор мастацкі, тлумачэння, чаму прытрымліваецца менавіта пэўнага факта, няма. Гэта падаецца як само сабой зразумелае. Ёсць звесткі, што Глеб нарадзіўся каля 1040-х гадоў. Можна прачытаць і аб тым, што гэта адбылося гадоў на дзесяць пазней. Сустракаюцца і меркаванні наконт 1070 года. Іван Саверчанка, як вынікае са зместу аповесці, прытрымліваецца версіі, што Глеб Усяславіч пачаў княжыць у Менску, калі яму мінула трыццаць тры гады. Гэта ж адбылося ў 1101 годзе. І працягвалася да 1119 года.
З моманту прыезду яго ў Менск твор і пачынаецца: «Малады князь пачаў стала гаспадарыць у трывожны час. Яго місія палягала на тым, каб прыкрыць Полацкую зямлю з паўднёвага боку. Але галоўнае, што павінен быў зрабіць Глеб Усяславіч, — абараніць замежных гандляроў і забяспечыць бесперапынны перавал тавараў, якія яны везлі з Балтыйскага ўзбярэжжа і Скандынавіі ў прычарнаморскія і міжземнаморскія гарады найбольш кароткім рачным шляхам. Асноўны волак праходзіў акурат па Менскай зямлі, аб чым князь вельмі добра ведаў». Задача няпростая для ўладара любога рангу, а ў яго ж княства толькі ўдзельнае. І шмат тых, хто не супраць землі яго прыдбаць. Зразумела, не мірным шляхам. Ні ў якім разе не мог згадзіцца на гэта і Глеб Менскі. Аднак ён не толькі стараўся трымаць граніцы свайго княства на замку, а і хацеў адваяваць тэрыторыі, якія належалі яго братам.
У асноўным Іван Саверчанка прытрымліваецца падзейнага прынцыпу аповеду, стараецца не ўпусціць нічога больш-менш важнага з біяграфіі Глеба Усяславіча. Гэта датычыцца як дзяржаўна-ваенных падзей з яго жыцця, так і асабістых. Старонкі біяграфіі паслядоўна перагортваюцца з таго моманту, як ён апынуўся ў Менску: «Горад над Свіслаччу», «Шчаслівы шлюб», «Барацьба за спадчыну», «Заслаўскі замак», «Лагойская крэпасць»... Ёсць над чым паразважаць, ёсць што прааналізаваць. Безумоўна, як і пры напісанні ранейшых твораў, для Івана Васільевіча вялікай дапамогай з’яўляецца добрае веданне беларускай гісторыі.
Саверчанка-гісторык аказвае неацэнную паслугу Саверчанку-празаіку. Асабліва калі прыняць пад увагу тое, што канкрэтыкі ў пэўных падзеях часам не існуе. Але інтуіцыя дазваляе, адштурхоўваючы-
ся ад звестак, якія захаваліся, перайсці да момантаў, што маглі быць у далейшым. На ўсё гэта стараўся паглядзець і вачыма самога Глеба Менскага. Расказаць жа ёсць пра што. Менскае княства пры ім, хоць і заставалася ўдзельным, па тэрыторыі было немалым. Гэта басейны рэк Свіслач, Друць, Бярэзіна. Спачатку ў склад яго ўваходзілі Барысаў і Лагожск, якія пазней таксама сталі ўдзельнымі княствамі. Аўтар, як відаць са зместу твора, прытрымліваецца думкі, што Менскаму княству належалі Друцк і Заслаўе.
Два словы, вынесеныя ў назву аповесці, набываюць у сувязі з рэаліямі сённяшніх дзён асаблівае значэнне. Глеб Менскі заўсёды даваў рашучы адпор тым, хто пасягаў на яго ўладанні. Гэта сапраўды быў выклік ворагам. Праўда, пра тое, што яго княства — гэта дзяржава, думаць не мог. Такога паняцця ў тыя часы не існавала. Гэта мы, чытачы, пасля знаёмства з творам Івана Саверчанкі не сумняваемся, што была ўжо дзяржава Глеба Менскага.
Тое, што робіць Іван Васільевіч у рознабаковай сваёй творчасці, як і тое, што, несумненна, яшчэ з’явіцца з-пад яго таленавітага пяра, патрапляе пад трапнае вызначэнне Стэфана Цвейга. Маю на ўвазе не яго майстэрства (творчую адметнасць яго, думаю, чытач адчуў), а далучанасць творцы да асяродка, у якім ён жыве. Пра гэта Стэфан Цвейг сказаў: «Толькі той спасцігае жыццё, хто пранікае ў глыбіні». Так і напрошваецца ўдакладненне «Толькі той спасцігае гісторыю, хто пранікае ў яе глыбіні». Гэтым і кіруецца лаўрэат міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці» і Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы твор крытыкі і літаратуразнаўства», якую атрымаў за кнігу «Магія слова. Беларускія пісьменнікі ХІІ—ХVІІ стагоддзяў: эсэ» Іван Саверчанка.
Амулет-абярог з залатым канцом, які Усяслаў Брачыславіч атрымаў ад чараўніка, стаў не толькі яго абаронай ад розных бед, а і спрыяў перамогам і поспехам. Калі глядзець шырэй, гэта добры знак для ўсёй Беларусі. Ён спрацоўвае толькі тады, калі чалавек пазбаўляецца нацыянальнага бяспамяцтва. На прыкладзе лепшых людзей розных эпох і заклікаюць вучыцца творы Івана Саверчанкі.
Алесь МАРЦІНОВІЧ