Top.Mail.Ru

Разважанні над адвечнымі пытаннямі, што хвалююць кожнага чалавека

Аўтар: Міхаіл Данілковіч
06.04.2026 | 14:17
Святло, знаёмае кожнаму

«У святле жоўтай лотаці» — кніга незвычайная. Тут ёсць месца і аўтарскай спавядальнасці, і назіранням за беларускай прыродай, і пераасэнсаванню жыццёвай мудрасці. Насамрэч гэты зборнік пра існаванне чалавека — у кантэксце Радзімы, уласнага досведу, у кантэксце пачуццяў, знаёмых усім людзям на гэтай планеце.

І ўсё ж нас перадусім цікавіць не тэматыка паэтычнага зборніка — яна відавочная і не патрабуе асаблівага прадстаўлення. Калі гаворка заходзіць пра паэзію, то найперш варта звяртаць увагу на структуру і стыль, на гэтыя пазалочаныя лускавінкі бліскучага мастацкага купала, якія з’яўляюцца найбольш яскравай асаблівасцю вершаў. Было б памылкай 

сцвярджаць, што зборнік атрымаўся ідэальным — некаторыя фрагменты здаюцца не да канца выверанымі з тэхнічнага пункту гледжання, механіка асобных паэтычных строф часам выглядае нават кульгавай і няўмелай. Складана ўспрымаць усур’ёз дзіўную, але ўсё ж няўдалую рыфмоўку ў вершы «Мой дзень згарыць у восеньскім пажары...»:

Мой дзень згарыць у восеньскім пажары,

У ачышчальным барвавым агні.

Як вопратку, зніму зямны цяжар і

З аблокамі зліюся ў вышыні.

Пагадзіцеся, што «цяжар і» гучыць немузычна ў кантэксце пачуццёвай спавядальнасці, вызначанай аўтарам як ключавы рэгістр. Узнікае недарэчнае адчуванне дысанансу, якое зусім не сугучнае з медытатыўным тонам мілагучнай паэзіі. Той самы верш, унікальны па сваёй вобразнасці і інтанацыі, прайграе толькі з-за адной няўдалай рыфмы... Прыкрая памылка!

Аднак не варта празмерна крытыкаваць аўтара за падобныя стылістычныя хібы, бо ў зборніку шмат твораў, поўных жывой неспатольнай энергіі. Адным з такіх з’яўляецца змрочны, маналітны, журботны верш «Шунеўская цішыня». Гісторыя вёскі Шунеўка, якая паўтарыла трагічны лёс Хатыні, сёння вядомая многім, але якой глыбокай праніклівай сілай валодае яе маўклівы вобраз у гэтых радках:

Маўчыце людзі! 

Хай паспяць яны...

Бо майскай раніцай, ад квету белай,

Згараць УСЕ ў тым полымівайны,

Як стос лістоты ўлетку адшумелай.

Чалавек ніколі не можа ведаць, калі настане яго апошні час. Таму асабліва цяжка ўсведамляць увесь жах і адчай тых нявінна забітых, чые лёсы былі спалены ў бязлітасны дзень крывавай вайны... Маўчанне тут — не метэрлінкаўскае, яно не таямнічае і не містычнае. Яно сапраўднае, магільнае — і з такіх аскепкаў складаецца мазаіка праклёну вайне. Гэты верш — найлепшы напамін усім нам пра недапушчальнасць кровапраліцця, пра страшную кару, якая знаходзіць кожнага, хто апраўдвае братазабойства. Бо, як сказаў вялікі паэт Джон Дон у сваёй пропаведзі: «...Смерць кожнага Чалавека прымяншае і мяне, бо я адзіны з усім Чалавецтвам, а таму не пытайся ніколі, па кім звоніць звон: ён звоніць па Табе». Ці не па нашай болі звоняць шунеўскія званы?

Асобна адзначым цікавае бачанне свету, абранае Інай Фраловай у яе верлібрах і абразках.

Некаторыя з іх поўныя глыбокага філасофскага сэнсу, іншыя ўяўляюць сабой простыя, але займальныя назіранні за жыццём, што паступова знікае. Нельга абмінуць увагай невялікую празаічную рэч пад назвай «Развітанне». Тут прыродная ўважлівасць (якая часта праяўляецца ў хвіліны трывогі і неспакою) ціхай пакорлівай плынню пераходзіць у гарачы рэлігійны пафас, у літанне небу, выказанае іншымі, не богаслужэбнымі, але зямнымі словамі.

Такім чынам, што ж можна сказаць пра кнігу Іны Фраловай «У святле жоўтай лотаці»? Магчыма, яна не ідэальная з пункту гледжання выкарыстання мастацкіх сродкаў. Але яна жывая і шчырая. Часам мы ўглядаемcя ў халодныя сталактыты, не зусім разумеючы, ці ёсць у іх унутры схаванае полымя аўтарскага самавыяўлення — гэтыя ледзяныя слупы наўрад ці кранаюць нас, хутчэй выклікаюць цікавасць сваёй дзіўнай стройнасцю. Тут жа сітуацыя іншая: мы адчуваем аўтарскі голас, выразна чуем яго, становімся ўдзельнікамі гэтай плаўнай ціхай містэрыі. Павольна, але ўпэўнена льюцца вершы Іны Фраловай, нараджаючы ў кожным, хто іх прачытаў, пачуццё высакароднага смутку і спакойнага суперажывання. Магчыма, менавіта ў гэтай разважлівасці і хаваецца ціхая ісціна — сціплая вернасць абранаму шляху.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю